Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

"Бриллиантовые" юбиляры из аг. Мажа рассказали о секрете семейного счастья

08.08.2024

Праца карэспандэнта вельмі разнастайная, а для практыканта – яшчэ і цікавая. Так, у гэтым годзе мне ўпершыню давялося акунуцца ў атмасферу святкавання Дня вёскі ў аг. Мажа. Разам са словамі віншаванняў пачула пра сем’і, якія спраўлялі юбілей шлюбу. Прагучала прозвішча Сянькевіч.

Як стала вядома пазней, 60 гадоў сумеснага жыцця жыхары аграгарадка адзначылі ў мінулым годзе – брыльянтавае вяселле. Мяне гэта зацікавіла, асабліва параўноўваючы з «трэндамі» XXI стагоддзя, калі людзі то сыходзяцца, то разыходзяцца, то не рэгістрыруюць шлюб або ўвогуле бачаць стварэнне новай сям’і бессэнсоўным заняткам і кажуць, што яны «чайлдфры» – адмаўляюцца ад нараджэння дзяцей. Захацелася высветліць, у чым сакрэт шчаслівай сям’і?

Анатоль і Яніна Сянькевіч чакалі мяне ў сваім доме ў аг. Мажа. Нягледзячы на ўзрост – ім ужо за 80 гадоў – падвор’е акуратнае, адведзена месца для гаспадаркі. Пакуль мы знаёміліся, Яніна Вітольдаўна адшукала ў альбоме фотаздымак з вяселля. Люблю праглядаць такія «захаваныя моманты» – я ж расла, калі ўжо карысталіся каляровымі фотаапаратамі ці рабілі здымкі на тэлефон. А патрымаць у руках такі скарб для мяне – знак даверу.

– Калі жыла ў Шастаках, пазнаёміліся з Анатолем у звычайным сельскім клубе. Дачакалася яго з арміі, у 1963 годзе і вяселле справілі, – успамінае жанчына.

Узгадвае, што на танцы збіраліся і ў моцныя маразы. «Ног не адчувалі, але прыходзілі ў самым прыгожым абутку», – расказвае гісторыі са сваёй маладосці жанчына. Не тое, што ў нас зараз – інтэрнэт-знаёмствы – тады жыццё было іншае, больш асоба арыентаванае.

– Што спадабалася ў выбранніцы? – пытаю ў Анатоля Іванавіча.

Мужчына добрымі вачыма пагледзеў на жонку і ўсміхнуўся. Мабыць, гэта было «каханне з першага погляду», пра якое пішуць на старонкаў раманаў. І калі Яніна Вітольдаўна гучна перапытвала, дзе знаходзяцца фотаальбомы (у мужчыны з цягам часу пагоршыўся слых), мне здалося, што скажы жанчына нешта шэптам – пачуў бы, не вухам, дык сэрцам – так добра яны разумеюць адзін аднаго пасля больш чым паўстагоддзя жыцця разам.

Вяртаемся да «стужкі часу» нашых герояў. Пасля вяселля пачалася сапраўдная плыня лёсу. Сваімі сіламі сталі будаваць дом у Мажы, гадаваць дзяцей – сыноў Андрэя і Ігара, якія пасля школы скончылі тэхналагічны ўніверсітэт у Віцебску і раз’ехаліся па рэспубліцы будаваць асабістае жыццё. Ажаніліся дзеці, у хаце стала ціха, але час ад часу ўсё ж наведваюць родны куточак, дапамагаюць бацькам.

Жанчына паўтарала мне, што яны простыя працаўнікі і аніякіх «важных узнагарод» за жыццё не набылі. Але потым усё ж адзначыла, што ганаровыя граматы падчас працы атрымлівалі. Значыцца, сумленныя і адказныя людзі!

Анатоль і Яніна Сянькевічы плённа працавалі да самай пенсіі. Нягледзячы на пераломныя моманты ў грамадстве, скарачэнні працоўных месцаў, сям’я ніколі не спынялася на месцы – Яніна Вітольдаўна па адукацыі эканаміст, перед пенсіяй працавала ў ДРБУ №124, Анатоль Іванавіч – вадзіцелем у райсавеце дэпутатаў. Успамінала жанчына, што перад уладкаваннем у райсавет мужу пашылі новую скураную куртку, у якой ён і выйшаў на першы працоўны дзень – саромеўся ісці ў простым адзенні. І ўзгадала такі цікавы, неадназначны факт, калі першы раз папала на старонкі газеты – карэспандэнт сфатаграфаваў, як яна выпусціла курэй на дарогу, а гэта было забаронена. З такіх маленькіх момантаў і збіраецца цікавая працяглая гісторыя жыцця.

– Па праўдзе кажучы, сакрэту ў нашага шлюбу няма – мы проста разам няспынна працавалі, вырашалі праблемныя моманты: як зрабіць свой сямейны куточак больш утульным, весці гаспадарку, выгадаваць дзяцей, а потым ім дапамагаць у выхаванні нашых нашчадкаў – у нас пяць унукаў і пяць праўнукаў. Так і пражылі плячо ў плячо да сённяшніх дзён. Амаль і не заўважылі хуткаплыннасць часу, – разважае жанчына.

Яніна Вітольдаўна расказвала, а я аналізавала. Шлюб Сянькевічаў – прыклад, як алмаз маладой сям’і праходзіць паліроўку і агранку часам – і на выхадзе атрымоўваецца моцны прыгожы брыльянт, а яго бляск – гэта адукаваныя дзеці, шчаслівыя ўнукі і праўнукі. Што ні кажы – сапраўдны скарб, а для нас, сучаснага пакалення, добры прыклад таго, як ў сямейным жыцці можна і праз церні да зорак прайсці.

Ганна МАТУСЕВІЧ, студэнтка факультэта журналістыкі БДУ

Фота з архіва сям'і Сянькевіч


Слава працы Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей