Па праўдзе кажучы, ужо з’явілася звычка: з раніцы пасля сігналу будзільніка першае, што я правяраю – што там за акном, ці няма дажджу. Ужо мае сябры з універсітэта пачалі цікавіцца, чаму ад мяне няма паведамленняў у Instagram з уборачнай, якія яны так любяць праглядаць. А што рабіць – не пасохне поле толькі ад маёй просьбы.
І вось жнівень падняў мне настрой адным пытаннем галоўнага рэдактара: «На начное жніво паедзеш?». А хіба я прапушчу такі шанец наведаць свае ўлюбёныя «месцы сілы»?
Дэлегацыя вам ужо знаёмая – я і карэспандэнт рэдакцыі Сяргей Козел. На гэты раз знаёмілася з СГФ «Руднае» ААТ «Капыльскі райаграсэрвіс». Яно то добра – зараз пакатаюся, пабачу куточкі Капыльшчыны, да якіх ногі не дайшлі і ровар не даехаў, а пасля ўніверсітэта буду як у сваёй талерцы. Падчас дарогі настрой быў бадзёры, хоць гэта вечар пасля працоўнага дня. А неба ад захаду сонца залілося залацістым колерам з вензелямі аблокаў і невялікімі пробліскамі сонечных праменьчыкаў – погляд затрымліваўся.
Праз зялёны тунэль разгалістых дрэў пры дарозе пад’язджаем да вёскі Савічы. На гарызонце бачу камбайны – адразу цягнуся за айфонам па-здымаць, як яны праз туман медытатыўна цягнуцца, грукаючы маторам. І вось узняўся ўгору слуп пылу – на машыне да нашага дэсанта імчыць кіраўнік гаспадаркі Віталь Купрыянчык. У моманце знік з вачэй. «Мабыць, памылілася», – прабегла думка. Тут з кукурузы вынырвае серабрыстая «Ніва» – да нас! Пазнаёмілася з Віталем Аляксандравічам, спытала, ці магу сесці побач з ім у машыне.
– Ну што, пакуль не сцямнела – махнём бліжэй да лесу, паглядзім на курган і рэшткі сядзібы Вайніловічаў, што тут у палях.
І пачынаецца мая вандроўка. Ляціць «карэта з царэўнай» праз кукурузу, поле і па гравійцы, міма цюкоў сена, не прапускаючы ямкі і ўзгоркі. І адно разважаю – гэта ж як на ралі ці джып-трыяле, дзе па бездарожжы лётаюць на машынах. Толькі мне не трэба замежныя краіны – добра пратрэсла практыкантку і на Капыльшчыне. Месца прыпынку – курган-пахавальня. Віталь Аляксандравіч праводзіць мяне і паказвае старажытныя надпісы на камяні ў гонар Эдварда Вайніловіча, надмагільнай пліце. Аб тым, што тут пахавальня, узгадваюць праваслаўны і каталіцкі крыжы і п’ета-скульптурная выява Маці Божай, якая аплаквае Хрыста. Адчуванне «дрыжыкаў» у момант прабегла па руках – стаю перад часткай вялікай гісторыі маёй краіны.
Праехалі вакол сядзібы знакамітых шляхцічаў. Віталь Аляксандравіч распавядаў мне, паслухмянаму слухачу, што археолагі мяркуюць, быццам пад будынкам ёсць доўгія тунэлі, па якіх Вайніловічы хутка пераходзілі ў горад. Казалі, як падчас археалагічных работ у шчыліны залівалі ваду – і яна проста знікала бясследна, утварыць лужыну было немагчыма. А я толькі паспяваю прытрымліваць сківіцу ад цікавасці гэтых фактаў.
Пачало змяркацца – самы час вяртацца да камбайнаў і сачыць, калі пачнуць уключаць фары. Адразу ўдакладняю, ці магу праехацца ў кабіне – як жа я без гэтага рытуалу на добры настрой і натхненне на новыя тэксты. На полі кожны рух машын кантралюе галоўны аграном Сяргей Кажан. Выбіраю камбайн з цікавымі наклейкамі збоку – уздымаюся па знаёмай лесвіцы палесскага волата збожжавыў палеткаў. Пасля выездаў у спякотныя дні сядзець у камбайне прыцемкам неяк нязвыкла. І вачам цяжка – мабыць, усё ж такі сон авалодвае. У размове з механізатарам не заўважыла, як ад’ехала вельмі далёка ад сваёй дэлегацыі. Значыцца, зараз вырашаем праблему адной студэнцкай сілай – самастойна пешшу. Выходжу з камбайна і накіроўваюся да аўтамабіля начальніка. Паспрабавала бегчы праз поле – амаль не звярнула галаву. Зямля тут не роўная, а з пагоркамі і ямкамі – у адну з такіх я няўдала ступіла. Не, мне яшчэ трэба на сваіх дваіх дайсці! А потым думаю: тут распавядаюць гісторыі, як людзі прывідаў бачаць – месца ж гістарычнае. Але ніхто не падрыхтаваны да новай легенды «студэнт-вандроўнік Капыльшчыны», якім будуць пужаць дзяцей. «Выйшла з камбайна, пайшла і цяпер вяртаецца толькі ноччу ў час уборачнай», – ну, страхоцце выдумала.
А камбайны ўжо запалілі фары і рыхтуюцца выязджаць. Змяркаецца, захад афарбаваны ружовым колерам сонца і бляскам святла ад тэхнікі. Адчуваеш сябе нібы ў якім кіно: механізатары працуюць, а я стаю і загіпнатызавана сачу, як высыпаецца зерне. Але доўга так стаяць нельга – вадзіцелям трэба ехаць на КЗС выгружацца. Правожу тэхніку поглядам, пакуль камбайны не знікаюць на гарызонце. Што ж, трэба вяртацца дадому і мне.
За некалькі гадзін у мяне атрымаліся і экскурсія пад адкрытым небам, і заезд па палях, і медытацыя пад роў матораў камбайнаў. Дзякую Віталю Купрыянчыку за цікавую вандроўку. працаўнікам жадаю сіл, а СГФ «Руднае» – добрага надвор’я і высокіх вынікаў!
Ганна МАТУСЕВІЧ, студэнтка факультэта журналістыкі БДУ
Комментарии