Заўважала, што на палях больш мужчын, а жанчыны часцей адказваюць за абеды працаўнікоў. Яно зразумела: праца фізічная, месцамі цяжкая – не кожная пагадзіцца цэлы дзень у спёку ездзіць па полі. А калі дома дзеці, гаспадарка, а з машыны вылезла пад вечар стомленая – варыянт не для ўсіх.
Але трымала ў памяці момант з «Зажынак» у філіяле «Лакнея», што былі яшчэ ў пачатку ліпеня, – брала інтэрв’ю для Telegram-канала ў… памочніцы камбайнера Таццяны Неранені. Тады яна прадставілася як бібліятэкар Грозаўскай сельскай бібліятэкі – гэта мяне здзівіла яшчэ больш.
Па Капыльшчыне прайшоўся ўраган. Сумна, але я пачала «збіраць пазлы»: ідуць дажджы, палі мокрыя, камбайны не выходзяць на працу. І ўсё ж трэба пад’ехаць паразмаўляць з Таццянай – як жанчына спраўляецца. Па тэлефоне дамовіліся сустрэцца на мехдвары ў Грозаве.
Пад’ехала на месца сустрэчы – працаўнікі сустракаюць ветліва, жартуюць і цікавяцца, ці не запісваю іх на дыктафон. З дыспетчарскай выйшла Таццяна, і неяк проста і лёгка пайшла размова, быццам з чалавекам былі знаёмы задоўга да ўборачнай. Яна распавядае, што ў гэтым годзе на камбайнах працуюць дзве жанчыны, але на «Зажынках» была толькі Таццяна, таму і выбівалася сярод мужчын. Вырашылі прадоўжыць дыялог у дыспетчарскай, каб не перашкаджаў шум трактароў ці гоман працаўнікоў.
З размовы зразумела, што працаваць бібліятэкарам жанчына пачала з 2016, а раней была дыспетчарам на сельгаспрадпрыемстве. Але ў 2017 годзе лёс падрыхтаваў «сюжэтны паварот».
– Мой муж Аляксандр Нераненя пачынаў свой сезон на камбайне, шукаў памочніка. Так і з’явілася прапанова паспрабаваць мне, – успамінае Таццяна. – Пагадзілася: чалавек свой, праблем не павінна быць. Прайшоў першы сезон, другі, трэці. І сёлета выйшаў на палі наш сямейны экіпаж. Сын Уладзіслаў не пярэчыў: падчас летніх канікул ён завіхаўся на КЗС. А зараз – студэнт БНТУ, таму яго лета занята вытворчай практыкай. Звычайна мы з мужам а сёмай гадзіне раніцы разам прыходзім на мехдвор, правяраем камбайн: прадуваем фільтры, змазваем неабходныя механізмы. Бывае, што ў жатку трапляюць камяні і трэба замяніць сегменты. Большасць цяжкай працы бярэ на сябе Аляксандр, але, напрыклад, збіваць зямлю з жаткі, калоссе збіраць, – мая «зона адказнасці». Так і выходзім у залатыя пшанічныя палі дуэтам. Што ў маіх сілах – дапамагаю і ў рамонце. Калі дажджы – марна час не трацім: тэхніку правяраем, пры неабходнасці рамантуем.
– А як справы з бібліятэкай? – з цікавасцю суадношу факты ад маёй гераіні.
– У бібліятэцы аднесліся спакойна, хаця летам яна загружана больш, чым падчас навучальнага года: дзеці бяруць літаратуру для пазакласнага чытання, пастаянныя чытачы любяць зайсці па нешта новае. Таму ўсіх папярэджваю, а некаторыя падыходзяць і бяруць адразу шмат літаратуры, каб потым не турбаваць.
Прыемна паслухаць, што жанчына расказвае пра поле.
– Як кажуць: «Лепшы адпачынак – гэта змена дзейнасці». Так і я змяняю горы бібліятэчных кніг на залацістыя акіяны палёў. Канечне, вяртаешся позна вечарам дадому, цела баліць, але да гэтага пачуцця я звыклая, – дзеліцца Таццяна.
Зразумела, што жанчына працавітая. Але як паспяваць з хатнімі клопатамі, калі камбайны прыпыняюць працу ў цемры паўночнай? У чым сакрэт тайм-менеджменту?
– Так, гаспадарку трэба даглядаць – у мяне ёсць некалькі свіней, куры. Апрача гэтага яшчэ хочацца і свой ураджай сабраць, закруткі нарыхтаваць, прысмакі родным прыгатаваць, – жанчына ўсміхаецца і дадае: – Таму сплю па чатыры гадзіны, затое ўсё нарыхтавана, і я спакойна магу выходзіць раніцай на камбайн. Калі неабходна, то пасля практыкі і сын дапамагае. Першы тыдзень цяжка – адаптацыя да новага распарадку дня, а потым раннія пад’ёмы становяцца звычкай.
Пацікавілася, як жа ідзе ўборка. Таццяна адзначыла, што калі б не дажджы, то зерневыя і зернебабовыя сабралі б яшчэ на апошнім ліпеньскім тыдні. У прадпрыемстве сапраўднае спаборніцтва за ўраджай: некаторыя працаўнікі на абед не прыпыняюцца, аддаючы перавагу высокім вынікам. Напрыклад, зараз неабходна зжаць трыцікале.
– На наступны сезон таксама выйдзеце ў поле? – цікаўлюся планамі ў памочніцы камбайнера.
– Так далёка я не заглядаю – ніхто не ведае, што падрыхтавала будучыня. Але, па праўдзе кажучы, па полі я сумую: фізічна праца цяжкая, але маральна я адпачываю. Бібліятэкар – гэта ж не толькі пра кнігі. Гэта і праца з дзецьмі ў дзіцячым садзе, школе ў межах клуба «Пераходны ўзрост», мерапрыемствы ў доме сумеснага самастойнага пражывання. А на камбайне – адпачынак для галавы: раніцай выйшла на працу, вечарам вяртаюся дадому. Таму гэтыя бясконцыя залатыя палі для мяне ўжо родныя.
Люблю такія прыемныя знаёмствы з працавітымі людзьмі Капыльшчыны: ад цікавых расказаў пра ўборачную і незгасальнай жыццёвай энергіі, якая ідзе ад працаўнікоў, натхняешся сам на плённую працу. Жадаю Таццяне поспехаў у яе працы памочнікам камбайнера, а філіялу «Лакнея» – добрага надвор’я і высокіх рэзультатаў!
Ганна МАТУСЕВІЧ, студэнтка факультэта журналістыкі БДУ
Фота аўтара
Комментарии