Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

Анна Матусевич: приключения стажера в ОАО "Старица-Агро"

27.07.2024

Цікавасць да сёлетняга жніва не пакідае мяне ні на хвіліну. Уборку пшаніцы пракантралявала, з рапсам ухадзілася, камбайны пратэсціравала.

Аднак падчас сустрэчы з «тысячнікамі» ААТ «Старыца-Агра» зразумела, што палі гэтага сельгаспрадпрыемства я яшчэ не абходзіла.

Думкі матэрыяльныя: у панядзелак тут жа фатаграфавала руплівых вадзіцеляў, а ў аўторак зноў пашчасціла праехацца да Старыцы. А я толькі за – нешта цікавае мяне чакае! Ужо звыклы дуэт: старэйшы таварыш карэспандэнт Сяргей Козел і я – «практыкант-спадарожнік» з айфонам у руцэ. Трэба здымаць прыгожыя кадры і відэа з палёў! Пад’язджаем да канторы сельгаспрадпрыемства. Надвор’е сонечнае – значыцца, і свае любімыя камбайны пабачу. А пакуль я з акна аўтамабіля разглядала краявіды Капыльшчыны, мы ўжо пад’ехалі на вызначанага месца. Сустракаў нас намеснік дырэктара Уладзімір Патоцкі. Але перш-наперш заходзім да Уладзіміра Рудакоўскага – дырэктара прадпрыемства. З матэрыялаў сваіх калег памятаю, што кіраўнік ён адказны, да працы адносіцца вельмі сур’ёзна. А мне як маладому і нявопытнаму карэспандэнту такіх людзей трэба ведаць – калісьці і я пачну пісаць пра сельскую гаспадарку. Уладзімір Анатольевіч сустрэў нас ветліва, акрэсліў, куды паедзе наша невялічкая дэлегацыя. Звярнуліся і да мяне: абяцалі, што месцы будуць добрыя, значыцца, далей справа за мной – прыгожа здымаць. Ну што? На старт, увага…

Поле! Выходжу і бачу, што ў маёй «калекцыі практыканта» новы экспанат – ячмень. Зноў-такі мае крокі на поле – са здзіўленнем: які невялічкі гэты ячмень! З акна аўтамабіля выглядае як залацісты дыван, а паабапал дарогі – адметныя сінія плямкі – валошкі. Мае рукі адразу пацягнуліся сарваць адну кветку, дзве, тры… Атрымаўся невялічкі букецік. Ну, ужо не дзіва: дзесьці збірала букет з рапсу, цяпер – валошкі.

У «Старыца-Агра» на мехдвары ёсць адметныя камбайны – зялёныя. І я прыгледзела для сябе адзін, на якім папрасіла праехацца. З кабіны выглядае механізатар.

– Добры дзень, мяне завуць Аня, карэспандэнт рэдакцыі, можна да вас пакатацца? – мой дзявочы голас рэхам разышоўся па ячменным моры. Вадзіцель запрашае ў кабіну.

Руплівага працаўніка завуць Віктар Дарашэвіч. Размову было весці прыемна: мужчына расказваў пра асаблівасці ўборкі ячменю. Адзначыў, што яму прасцей працаваць на рапсе, чым на ячменных палях: тут трэба кантраляваць, каб не нагрэбці пяску разам з зернем. Успамінаў і часы, калі механізатары працавалі на камбайнах без кабіны.

– Дык увесь пыл у вочы, а палову ўраджаю за каўняром дадому прынясеш, –  абураюся я ўслых.

А камбайн усё едзе. І я разважаю, як бы ён ехаў, калі б я была на месцы вадзіцеля. Дзякуй таленавітым інжынерам, што зараз такая тэхніка ў асноўным аўтаматычная, бо з маім майстэрствам камбайн стаў бы экскаватарам і пайшоў углыб зямлі.

– Ну што, я на абед, а ты працуй, – пажартаваў Віктар Міхайлавіч. Я ўсміхнулася, падзякавала і папрасіла мяне пусціць на зямлю здымаць відэа.

Кліча мая дэлегацыя – едзем на КЗС. Бачу лесвіцу, вырашаю падняцца і паглядзець з вышыні. Разглядаю велізарны апарат, залацістыя горы зерня і імклівыя грузавыя аўтамабілі. Кліча Уладзімір Патоцкі з прапановай пасачыць на камп’ютары за працэсам сушкі зерня: на маніторы рысамі адзначана, як рухаецца зерне па трубах да печкі, дзе адгружаюцца аўтамабілі і як сухое зерне вяртаецца назад. Такога вопыту ў мяне яшчэ не было! Але мой маршрут на гэтым не заканчваецца.

Аўтамабіль спыняецца на полі за Слабада-Кучынкай, дзе трактары збіраюць з палёў вялікія цюкі. Вось тут адзначыла падабенства з іншымі культурамі: складзеная салома здалёк падобная на Вялікую Кітайскую сцяну. А самі цюкі – як вялікія японскія ролы, якія старанна перакладае трактар віламі. Ветлівыя трактарысты пабачылі мяне з тэлефонам, адразу пацікавіліся, куды пой-дзе мой «відэакантэнт». Жартавалі, каго першага пабачаць у сацсетках. Шанцуе мне ў вандроўках на такіх вясёлых і працавітых людзей.

Як кажуць «Тры – на шчасце», так у мяне і атрымаліся тры станцыі на палях ААТ «Старыца-Агра». Жадаю руплівым працаўнікам сельгаспрадпрыемства баявога настрою і добрага надвор’я!

Ганна МАТУСЕВІЧ, студэнтка факультэта журналістыкі БДУ

Фота Сяргея КОЗЕЛА


Слава працы Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей