Ад агульнага…
Асабліва часта я пра гэта думала, калі сачыла за прыёмнай кампаніяй ва ўніверсітэтах: юрысты, праграмісты, міжнародныя эканамісты з завоблачнымі баламі і такімі ж амбіцыямі. Кожны дзень абітурыенты абмяркоўвалі тое, якая барацьба ідзе за бюджэтныя месцы. Але пра аграрныя факультэты – цішыня. Няўжо моладзь настолькі не цікавіцца?
Я паступала ва ўніверсітэт ў 2021 годзе. У мой час лічбавых тэхналогій спецыяльнасці з часткай «агра» заставаліся апошнімі варыянтамі. Скажу праўду – і ў мяне таксама, хаця маглі ўзяць без іспытаў у сельгасакадэмію – залаты медаль спрыяў. Але гуманітарны склад розуму вырашыў інакш. У школу часцей з прафарыентацыямі прыязджалі з ваенных факультэтаў – і тут не кожнага цікавілі расказы пра курс маладога байца. А аграрыі… Дзе яны?
У час сваіх паездак да камбайнаў заўважала, якія працаўнікі ветлівыя, старанныя, як тактычна адказвалі на мае не заўсёды разумныя пытанні ці просьбы праехацца за «баранкай» камбайна. Прыемна, але часцей гэта былі сталыя людзі. Моладзь не цікавіцца?
У XXI стагоддзі зацікавіць нечым можна і 15-секундным відэа на медыяплатформе TikTok. Кароткія ролікі здымалі як аматары, так і прадстаўнікі розных факультэтаў універсітэтаў краіны. Абітурыенты жартуюць, што абіраюць месца вучобы па акаўнце ў TikTok.
Часцей заглядаю на старонку БДСГА, што ў Горках: там для студэнтаў падрыхтаваны і тэарэтычная база, і практыкумы з грузавымі аўтамабілямі, і «трактарны біятлон», і навуковыя канферэнцыі — вучыся з задавальненнем. Па актыўнасці студэнтаў на старонцы факультэта і тым, як яны праводзяць прамыя эфіры з адказамі на пытанні абітурыентаў і іх бацькоў, можна зразумець, што не ўсё яшчэ згублена: інтарэс да аграспецыяльнасцей існуе і будзе існаваць.
…да прыватнага
Але выходзім з сацсетак, каб убачыць наглядны прыклад маладых працаўнікоў. Выязджаем у поле ААТ «Праснакі» віншаваць вадзіцеля-тысячніка. З-за высокага рапсу чуваць гул грузавой машыны – едзе руплівы Павел Рудзеня. Выглядае з кабіны – твар знаёмы. Мужчына працаваў, калі мы з карэспандэнтам Сяргеем Козелам прыязджалі ў ААТ «Праснакі» на ўборку рапсу каля Загараўшчыны. І ўспамінаю, як ён не пускаў мяне ў кабіну аўтамабіля – мабыць, каб я не збіла настрой на плённую працу. Вырашыла пацікавіцца, чаму абраў працу ў полі.
А малады чалавек спяшаецца падняцца ў кабіну і загрузіць новую партыю зерня. Спыняю, задаю пытанні, але вадзіцель адказвае коратка, без усякіх дадатковых фактаў. Павел гаворыць, што ў яго дыплом Беларуска-Расійскага ўніверсітэта са спецыяльнасцю «інжынер», цікавасці да праграмавання ці малявання не было. І сёння Павел заваёўвае поле. Прафесіяй мужчына задаволены. Мабыць, выпадковасці не выпадковыя: жыццё склалася добра, дома чакаюць жонка і трое дзетак. Прызнаецца, што ў такой працы для добрых рэзультатаў трэба быць не толькі старанным, але і трошкі настойлівасці дадаваць. А жадаючым звязаць сваё жыццё з аграрнымі спецыяльнасцямі пажадаў цярплівасці – у такой працы нельга бібікі біць і чакаць, пакуль ураджай сам з неба ўпадзе. Тут наадварот – яго з зямлі трэба падняць сваімі рукамі.
Павел тактычна просіць яго адпусціць: пакуль мы вялі размову, камбайны не прыпыняліся –трэба згружаць рапс. З такой цягай да працы зразумела, што праз некалькі дзён будзе святкаваць 1500 тон, а там і да двухтысячніка недалёка.
Моладзь працавітая – глядзець прыемна. Спа-дзяюся, такіх старанных у аграпрадпрыемствах Капыльшчыны будзе з кожным годам усё больш і больш. А тым, хто ўжо дэманструе нам добрыя вынікі, – добрага надвор’я!
Ганна МАТУСЕВІЧ, студэнтка факультэта журналістыкі БДУ
Комментарии