Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

По страницам творческих работ районного конкурса «Помнить, чтобы жить»

19.07.2024

Раённая газета «Слава працы» сумесна з упраўленнем па адукацыі, спорце і турызме Капыльскага райвыканкама правялі раённы конкурс «Памятаць, каб жыць», прымеркаваны да 80-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Падзеі мінулага стагоддзя адыходзяць усё далей у гісторыю, і пачуць расказ пра жудасныя дні і ночы Другой сусветнай з першых вуснаў зараз амаль немагчыма. Гераічныя подзвігі нашых землякоў – на фронце, у партызанскіх атрадах, у тыле ворага – жывуць дзякуючы ўспамінам, якія часта перадаюцца ў сям’і ад старэйшых яе членаў малодшым. Бо калі гэтага не рабіць, Вялікая Айчынная вайна застанецца на старонках падручнікаў як гістарычны факт, і не больш за тое.

На конкурс было даслана 25 вершаваных і празаічных твораў, а таксама фота- і відэаработы. Трэба сказаць, што ўсе іх аб’ядноўвае вялікае жаданне расказаць, якімі яны былі – людзі, што адстаялі свабоду і незалежнасць і знішчылі фашысцкую чуму. Пра гераізм і самаахвярнасць сваіх дзядоў і прадзедаў, і разам з тым пра сілу духу, клопат і стойкасць бабуль і прабабак пісалі юныя ўдзельнікі конкурсу і больш сталыя аўтары.

Напрыклад, Веста Шабуневіч, вучаніца 8 «А» класа СШ № 3 г. Капыля, вядзе віртуальны дыялог з місіс Грын, гераіняй кнігі Барыса Стрэльнікава «Тысяча міль у пошуках душы». Англічанка жаліцца, як цяжка даліся ёй ваенныя гады і што самым складаным аказалася… знайсці курыную пячонку для любімай кошкі, якой бедную Пусю трэба было карміць штодня. Аўтар конкурснай работы, не хаваючы свайго абурэння, піша: «Хіба ж можа зразумець гэтая місіс Грын, якой была вайна для нашай краіны? Хіба можа яна ўявіць, якія мукі вынес за гэту вайну наш народ? Хіба яна зразумее, як галадалі нашы людзі, як замярзалі ад холаду, як хварэлі…» Веста ўзгадвае пра свайго прадзеда Івана Іосіфавіча Пышко, пра капылянку Ліну Іосіфаўну Канкевіч, лёсы якіх пакалечыла вайна. Пра 213 знішчаных мірных жыхароў вёскі Калодзезнае, якую фашысты спалілі 9 лютага 1943 года.

Гераізм чырвонаармейцаў і народных мсціўцаў падчас першага і другога Старыцкіх баёў апісвае Маргарыта Булдыска – дзявяцікласніца Старыцкай СШ. Яркія эпізоды, адноўленыя паводле ўспамінаў ветэранаў – былога камандзіра батарэі 287-га артпалка І.М. Усцінава і партызана брыгады імя Варашылава В.С. Вараб’я, нібы пераносяць нас у далёкія ваенныя гады і даюць магчымасць дакрануцца да гераічнага мінулага Беларусі.

Разам з Дзянісам Маргуном, вучнем 8 класа СШ № 3 г. Капыля, мы перагарнулі стары сямейны альбом. З яго старонак, нібы жывыя, глядзяць людзі, якіх аўтар радкоў ніколі не бачыў, але ўпэўнены, што ў іх самыя светлыя твары, светлыя позіркі, светлыя думкі. Дзянісаў прадзед Уладзімір Адамавіч Лагавы прайшоў усю вайну, удзельнічаў ва ўзяцці Варшавы і Берліна. А прадзед Уладзімір Мікалаевіч Маргун сямнаццацігадовым юнаком змагаўся ў партызанскім атрадзе, затым уступіў у рады Чырвонай Арміі. «І няхай сёння іх ужо няма з намі, – піша хлопец, – але я веру, што пакуль мы памятаем пра іх, іх жыццё не закончыцца, хаця б у старым альбоме!»

Ангеліна Герасімёнак, якая скончыла дзясяты клас СШ № 3 г. Капыля, расказала дзіўную гісторыю іх сям’і, з якой можа параўнацца хіба толькі самы цікавы кінафільм. Але, часам, жыццё стварае яшчэ больш неверагодныя сцэнарыі, напоўненыя горам і слязьмі, радасцю сустрэч і горкімі расчараваннямі. Так адбылося ў сям’і Горбат, прадстаўнікі якой прайшлі праз раскулачванне і Асвенцым, праз страты і доўгія пошукі блізкіх, праз шчаслівыя імгненні сярод родных людзей і адзіноту на чужбіне.

Пра прадзеда-партызана Вячаслава Іванавіча Цімошака распавёў вучань 10 класа Семежаўскай СШ Ян Гардзей. У 1937 годзе Вячаслаў скончыў літаратурны факультэт Мінскага педінстытута і быў прызваны на службу ў армію. Амаль у пачатку Вялікай Айчыннай вайны яго полк трапіў у акружэнне, затым быў палон. Калі іх везлі ў канцлагер, Цімошаку ўдалося збегчы. Затым ён мужна змагаўся з ворагам у партызанскім атрадзе імя Пархоменкі, меў баявыя ўзнагароды. Вядома ж, самым важным святам для яго быў Дзень Вялікай Перамогі. «Бабуля расказвала, – піша Ян, – нягледзячы на сваё дрэннае здароўе, у гэты дзень прадзед апранаў сваё лепшае адзенне і ішоў у Грозава (жылі ў Аксамітах – Заўвага М.С.), дзе праходзіў святочны мітынг. Затым вяртаўся дадому, сядаў за стол, выпіваў «франтавыя» сто грамаў і даставаў свой сшытак з надпісам «Песні народныя». У ім былі запісаны сапраўды народныя песні, якія сагравалі душу байца ў халоднай зямлянцы і сталі адной з нямногіх радасцей на вайне». «Дзякуй табе, мой дарагі прадзядуля, – заканчвае свой допіс Ян, – дзякуй усім франтавікам – ад радавога да генерала – за тое, што сёння мы жывём у мірнай краіне, пад мірным небам…»

Пра пакуты, якія давялося перажыць падчас фашысцкай акупацыі дзецям, не раз расказвала сваім родным прабабуля Дзмітрыя Няронскага, васьмікласніка Ванелевіцкай СШ. Пасля таго, як немцы разбамбілі дом, у якім жыла іх сям’я, давялося хавацца ў падвале, было холадна, голадна. А калі ўдалося трапіць да партызан, Антаніна, як старэйшая з дзяцей, дапамагала параненым. «Яна заўсёды гаварыла, – піша Дзмітрый, – што вайна прычыніла не толькі фізічны боль, але і душэўны, які застаўся на ўсё жыццё».

«Мы ніколі не былі на вайне. Дык навошта нам пра яе помніць?» – задае рытарычнае пытанне Ксенія Астрэйка, вучаніца 10 класа СШ № 3 г. Капыля. І аргументавана дае на яго адказы, галоўны сэнс якіх заключаецца ў словах: каб ведаць, каб любіць, каб паважаць, каб папярэдзіць, каб зберагчы… Зберагчы памяць пра мінулае, каб ніколі не паўтарылася гэтая трагедыя, каб не з’явіліся новыя Трасцянцы, Асвенцымы, Бухенвальды, Хатыні…

Трэцякласніца гімназіі № 1 г. Капыля Таміна Даноўская вельмі цікавіцца гісторыяй сваёй сям’і. Бачыла на свае вочы гора і смерць, якія прыйшлі ў кожную беларускую сям’ю, прабабка дзяўчынкі Шура. Ёй на пачатку вайны было 12 гадоў. «А другую маю прабабку Соню вывезлі ў Германію, – піша дзяўчынка, – там яна прабыла да самай Перамогі, выконвала самую цяжкую і брудную работу. Спала на старой коўдры на падлозе ў пакоі, дзе нават не дазвалялі ўключаць святло». «Калі я вырасту – буду працаваць, – працягвае Таміна. – Буду рабіць усё, каб наша Беларусь была мірнай!»

Лёс свайго прадзеда Віктара Яфімавіча Туміловіча апісвае Арцём Шумскі, вучань Ванелевіцкай СШ. 17-гадовым юнаком ступіў ён на франтавую сцежку, быў спачатку кулямётчыкам, пасля – мінамётчыкам, не раз даводзілася ісці з ворагам у рукапашную. У адным з такіх баёў яму прабілі нагу. Франтавік часта расказваў пра тое, што давялося перажыць падчас Вялікай Айчыннай. Але самым памятным для яго быў дзень, калі скончылася вайна. Дарэчы, Віктар Яфімавіч быў адным з удзельнікаў першага параду Перамогі, які адбыўся ў Маскве 24 чэрвеня 1945 года. Са слязьмі на вачах ён успамінаў: «У маім сэрцы адначасова было пачуццё вялікай радасці ад таго, што вайна скончылася, што я застаўся жывы, і смутак ад таго, што здзейснілі фашысцкія карнікі на беларускіх землях, роспач і віна перад тымі, каму не выпала магчымасці святкаваць Вялікую Перамогу».

Пра вядомага на Капыльшчыне гісторыка-краязнаўцу, актыўнага пазаштатнага аўтара раённай газеты «Слава працы», з якой ён супрацоўнічаў на працягу сарака гадоў, Фёдара Канстанцінавіча Абрамчыка расказвае яго праўнук Мацвей Валасевіч, які скончыў трэці клас гімназіі № 1 г. Капыля. Хлопчык вельмі ганарыцца і захапляецца сваім прадзедам. «Мы з гонарам павінны несці званне праўнукаў Перамогі і заўсёды памятаць тых, хто падарыў нам магчымасць жыць», – такімі словамі заканчвае свой допіс Мацвей.

Разважае пра неабходнасць памятаць сваё мінулае і вучаніца 5 класа Ванелевіцкай СШ Паліна Давідоўская. «Мне вельмі прыемна, што я магу расказаць сваім аднакласнікам пра заслугі сваіх прадзедаў Івана і Мікалая, – піша дзяўчынка. – Яны не баяліся ворага, змагаліся да апошняга і не шкадавалі сваіх жыццяў. Гляджу на іх партрэты, якія вісяць у бабулінай хаце на сцяне, і мне хочацца сказаць ім вялікі дзякуй».

Героем свайго аповеда вучаніца Лясноўскай СШ Паліна Мамчыц абрала колішняга дырэктара школы, партызанскага сувязнога, пазней – франтавіка Валянціна Юльянавіча Жалкоўскага. Узгадваючы эпізоды яго баявога мінулага, пра якія настаўнік расказваў сваім вучням, дзяўчына робіць акцэнт на тым, што нават пасля ўсіх жахаў вайны сэрца Валянціна Юльянавіча не зачарсцвела. Уся яго далейшая педагагічная дзейнасць была прасякнута любоўю і павагай да чалавека, жаданнем з дапамогай слова абудзіць у ім самыя лепшыя якасці.

Марына Гайдзель, вучаніца 10 класа гімназіі № 1 г. Капыля, са слоў сваёй бабулі, якой на момант пачатку вайны споўнілася толькі тры гады, расказвае пра сям’ю свайго прадзеда Фядоса Пятровіча Курзава. Сам ён быў прызваны ў рады Чырвонай Арміі, ваяваў на тэрыторыі Беларусі і Расіі, камандаваў аднаўленчым поездам Яраслаўскай чыгункі, пад варожымі кулямі і снарадамі рамантаваў пашкоджаныя ворагам чыгуначныя пуці. Але не менш цяжкасцей выпала на долю яго жонкі і дзяцей. Іх дом, як дом камуніста, быў спалены фашыстамі – давялося жыць у зямлянцы. Ворагі двойчы ставілі жанчыну да сценкі і пагражалі расстрэлам…

Расказ сваёй прабабкі Станіславы Іванаўны Наркевіч пра дзяцінства, якое прыйшлося на гады вайны, перадаў у конкурснай рабоце Раман Шабунь, вучань 5 класа СШ № 3 г. Капыля. Дзяўчынка толькі цудам засталася жыць, калі ў іх вёску прыехалі немцы. Матуля схавала яе ў стары склеп, а сама… загінула. Пазней ёй удалося трапіць у партызанскі атрад. Тут дзяўчынка хутка навучылася быць карыснай – дапамагала медсёстрам, насіла і грэла ваду, рабіла перавязкі параненым. «Мы усёй сям’ёй ходзім на магілу прабабкі, – піша Раман. – Я ўдзячны ёй і ўсім салдатам, якія падарылі нам мірнае неба над галавой».

Памяць пра вайну – гэта не толькі павага да мінулага, але і адказнасць перад будучым. І калі мы забудзем пра тое, што здарылася, мы можам паўтарыць памылкі і зноў акунуцца ў страшныя падзеі. Гэта добра ўсвядомілі ўдзельнікі творчага конкурсу – прадстаўнікі старэйшага пакалення, якія імкнуцца выхоўваць пачуццё патрыятызму ў маладых людзей, захоўваць гістарычную праўду і памяць пра бязлітасныя гады ваеннага ліхалецця.

Капылянка, былая настаўніца Валянціна Саўчанка добра вядома не аднаму пакаленню выпускнікоў СШ № 2 г. Капыля, не раз яе допісы друкаваліся і на старонках раённай газеты «Слава працы». На конкурс яна даслала пісьмо-зварот да Браніслава – сына сваіх бабулі і дзядулі Вікторыі Францаўны і Адама Пятровіча Матусевічаў з в. Думічы. Яго лёс быў у многім падобны на лёс равеснікаў: паспяхова скончыў сямігодку, паехаў у далёкі Гомель вучыцца ў тэхнікуме, адкуль дасылаў бацькам лісты, прасякнутыя сумам пра родныя мясціны, цікавасцю да сямейных спраў і ўсяго таго, што адбываецца ў вёсцы. Але лёс любячага, клапатлівага сына, уважлівага брата і стараннага студэнта змяніла вайна. У 1943 годзе яшчэ неабстраляны салдат трапіў у самы гушчар страшных падзей. Удзельнічаў у бітве на Дняпры і недзе там, на берагах гэтай вялікай ракі, знайшоў месца апошняга прытулку. Але назаўсёды застаўся ў памяці сваіх родных, землякоў героем свайго часу.

Таццяна Мароз, якая працуе настаўнікам у Грозаўскай СШ, у конкурсным матэрыяле расказала пра сваю сям’ю, якую таксама не абышло ваеннае ліхалецце. Яе дзядуля Сяргей Іванавіч Барашкоў ваяваў у Ленінградскай вобласці, дзе восенню 1942 года ішлі жорсткія баі з ворагам. Там жа 3 лістапада загінуў. Родным вельмі хацелася знайсці месца, дзе быў пахаваны іх блізкі чалавек. У маі 2022 года звярнуліся ў пошукавы атрад «Азімут-58», адкуль паведамілі, што магчыма Сяргей Іванавіч пахаваны і ўвекавечаны на Пескароўскіх могілках у Санкт-Пецярбургу, яго імя таксама занесена ў кнігу «Памяць. Ленінград 1941–1945». «Я ганаруся дзедам і паспрабую не падвесці яго, пражыць годнае і сумленнае жыццё», – заканчвае свой допіс аўтар.

Уладзімір Кіула прапанаваў на конкурс матэрыялы, якія ён сабраў у ходзе вывучэння гісторыі партызанскага руху на Капыльшчыне падчас Вялікай Айчыннай вайны. Пры гэтым вялікую долю ўвагі аўтар надае вёсцы Лугавая (да 1964 года – Свінка), дзе прайшло яго дзяцінства. Успаміны былых партызан і мясцовых жыхароў, звесткі з Нацыянальнага архіва Беларусі дазволілі Уладзіміру (і чытачам яго допісу) «адчуць подых гісторыі і акунуцца ў суровыя гады народнай барацьбы за вызваленне краіны ад нямецка-фашысцкай акупацыі». Вельмі ўражвае спіс жыхароў вёскі Свінка, якія пайшлі ў партызаны, мужна ваявалі і набліжалі Вялікую Перамогу. «Памяць мінулага патрэбна жывым і да яе трэба адносіцца беражліва, – робіць выснову аўтар. І працягвае: І няма ў нас сям’і такой, дзе б ні памятны быў свой герой…»

Алена Дубіна з аграградка Грозава, у адрозненне ад іншых аўтараў, накіравала ў рэдакцыю апавяданне. Падзеі, якія ў ім апісваюцца, спачатку адсылаюць чытача ў вёску Аксаміты апошніх перадваенных дзён і разам з яе жыхарамі прымушаюць перажываць разгубленасць, а затым жах ад весткі, што пачалася вайна. Побач з Антонам Радзевічам – адным з галоўных герояў апавядання, пераносімся ў партызанскі атрад. Перажываем падзеі, звязаныя з яго сястрой Анютай і яе равеснікам Валерам (хлопец па заданні партызан пайшоў служыць у паліцыю, каб мець магчымасць здабываць звесткі, неабходныя народным мсціўцам). Да болю ў сэрцы чытаем радкі, як фашысты і іх пасобнікі знішчылі Канюхоўскага гета, як сагналі жыхароў Аксаміт і спалілі зажыва ў хаце на ўскрайку Грозава…

Немагчыма апісаць словамі стан душы пасля перагортвання старонак гэтых допісаў. Можна толькі сказаць, што ў ёй жыве пачуццё вялікай удзячнасці тым людзям, хто вынес вайну на ўласных плячах, за іх бессмяротны подзвіг.

Вершаваныя радкі, якія пастараліся скласці юныя паэты, таксама гавораць пра тое, што вайна – гэта боль, страх, кроў, разруха, смерць… Гэта страшная трагедыя, якая ламае лёсы, пазбаўляе людзей жыцця, але нягледзячы ні на што, ставіць на самую высокую ступень мужнасць, гонар і годнасць, смеласць і адвагу, веру ў Перамогу.

Ганна Карповіч, вучаніца СШ № 3 г. Капыля, Максім Сухаверх, Марыя Ткачук, Мацвей Бушыла – вучні СШ № 2 г. Капыля, Паліна Харытончык са Старыцкай, Дар’я Тагіль з Каменскай, Мікіта і Марына (настаўніца) Коршук са Слабадакучынскай сярэдніх школ – кожны па-свойму – дзеляцца сваімі думкамі пра гераізм нашага народа і подзвігі, якія былі здзейснены ў імя Радзімы дзеля абароны ўсяго таго, што было дорага і свята.

Згодна з рашэннем журы пераможцамі сталі:

намінацыя «Лепшы фотаздымак» – Віялета Кажура, вучаніца СШ № 2 г. Капыля імя Цішкі Гартнага;
намінацыя «Лепшае відэа» – Паліна Харытончык, вучаніца Старыцкай СШ, і Таццяна Мароз з г. Капыля;
намінацыя «Лепшы літаратурна-мастацкі твор, эсэ або верш»:
– сярод дарослых: Алена Дубіна з аг. Грозава і капылянка Валянціна Саўчанка;
– сярод дзяцей: Ян Гардзей, вучань Семежаўскай СШ, і Паліна Мамчыц, вучаніца Лясноўскай СШ.
Прыз глядацкіх сімпатый атрымала відэа Дмітрыя Філазафовіча з СШ № 2 г. Капыля імя Цішкі Гартнага (1707 праглядаў і 218 лайкаў на канале Ютуб).


Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей