Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

Анна Матусевич: проехаться в комбайне – мой главный пунктик каждой поездки в поле

16.07.2024

Гэтае лета здзіўляе сваім надвор’ем: то сонца пячэ, то дождж залівае палеткі. Трошкі перашкаджае ўборачнай такі «прыродны настрой», але працаўнікі Капыльшчыны разумеюць: высокі вынік сёлета добра адгукнецца ў будучым. Таму на палі выйшлі караваны камбайнаў – час убіраць рапс.

У рэдакцыйным аўтамабілі разам з Сяргеем Козелам хутка едзем на поле ААТ «Праснакі» – трэба паспець і тэхніку пафатаграфаваць, і з механізатарамі паразмаўляць. А пакуль едзем, я праглядаю інфармацыю пра рапс. Прабачце, але гэтая расліна дагэтуль цікавіла мяне толькі для фотаздымкаў у Instagram, калі цвіце ў маі. А тут – уборка…

На полі два камбайны – значыцца, паспелі. А пакуль чакалі дырэктара і аграномаў, я пайшла знаёміцца з вадзіцелямі грузавых аўтамабіляў.

— Добры дзень, карэспандэнт рэдакцыі, можна да вас у салон? — амаль ужо завучаны тэкст майго прадстаўлення. Але вадзіцелі пераглядаюцца і смяюцца з мяне. Добра, буду самастойнай.

Адзін працаўнік пусціў пасядзець: бачна ўсё поле, але душна – у камбайнах моцныя кандыцыянеры, а ў машыне часцей вокны адчыняюць. Падзякавала, спусцілася. Убачыла побач з полем рапсу ячмень – яго ўжо амаль сабралі, засталося некалькі радкоў. Вырашыла «пакрыміналіць» і сплесці сабе вянок – тонка намякнула, хто тут будучая «агракаралева». Вадзіцелі ажно павылазілі з машын, каб паглядзець на гэтае дзіва. І чую – перагаворваюцца ж, дык і нешта пра мяне.

– Прабачце, калі ласка, але калі я на вас не гляджу, то гэта не значыць, што ігнарую вашыя перашэптванні – у мяне добры слых, — з посмехам кажу свайму залу гледачоў. І зноў рогат. Мабыць, рэдкі кадр – маладая дзяўчына-практыкантка з вяночкам. Калі трэба – часцей буду завітваць, хай адно працы не шкодзіць.

Вырашыла паспрабаваць дагнаць камбайн, які рабіў новы праход на бясконцым полі рапсу. Нешта залішне я на сябе паспадзявалася – адно гул пачула. Але заўважыла, чым рапс адрозніваецца ад пшаніцы ці жыта. Па-першае, я зразумела, што поўнасцю хаваюся ў полі: калі пшаніца мне дзесьці па пояс, то рапс значна вышэйшы – і макушку не бачна (хаця я не самая маленькая са сваімі 175 сантыметрамі росту). Па-другое – уборка. Пасля таго, як праязджае камбайн, на полі застаюцца зялёныя «штыры» – сцябліны. Падрапала імі ногі, але параўнаць было цікава. Трошкі здзяцінела і пакаштавала «бобкі» рапсу на смак – не варыянт сняданку для карэспандэнта.

Прыехаў дырэктар ААТ «Праснакі» Уладзімір Лазоўскі, прадставіліся адзін аднаму. Пацікавілася, ці магу праехацца ў камбайне – гэта мой галоўны пункцік кожнай паездкі ў поле. Дазвол ёсць, значыцца трэба зноў бегчы да тэхнікі. Махнула рукамі, крыкнула «Можна пакатацца?» – і я ўжо плыву па прасторы палёў, якія цягнуцца амаль да лініі гарызонту. Паназірала, як малоціць камбайн рапс, як сцябло акуратна зразаецца лязом. Спытала, ці ёсць у мяне шанс сесці за руль камбайна – вадзіцель тактычна адмовіўся. «Давайце вы будзеце рабіць у тэлефоне сваю працу, а я – сваю», – прагучала парада ў мой бок. І я яго поўнасцю разумею – на рапсе камбайн ідзе цяжэй. Таму здымаю відэа і больш не прапаноўваю глупства.
Перапрошваю прыпыніцца і пусціць мяне на зямлю. Іду да пачатку поля самастойна. І незнарок думка: «Як шмат буслоў». Яны тут амаль праз кожныя пяць метраў. Я вырашыла, што так лягчэй злавіць мышэй, якімі птушкі харчуюцца. Ну што – добрага палявання птушыным сімвалам краіны!

Вяртаюся да адміністрацыі з маленькім букетам рамонак, што збірала на хаду. Мне прапанавалі замяніць нейкія тры рамонкі на нармальны ахапак рапсу. Гляджу на дырэктара і агранома – дазвол ёсць. Папярэджваю:

– Калі ласка, вы толькі штраф мне не выпісвайце за такі букет. Я студэнт, не забірайце апошнюю стыпендыю.

Мужчыны пасмяяліся і прапанавалі серп. А ўжо позна – самастойна зрабіла сабе падарунак.

Пад’ехаў новы камбайн, каб перагрузіць рапс у грузавы аўтамабіль. Працаўнік з машыны вельмі злуецца і гучна крычыць, што перашкаджаем рабіць сваю працу – то я на камбайн лезу фатаграфавацца, то камбайнера забіраюць для інтэрв’ю. Але мяне не запалохаць нейкімі крыкамі – я ж таксама на працы, не фізічнай, дык інтэлектуальнай.

Усё зрабілі – можна ехаць. А рапсавы букет стаіць у рэдакцыі каля майго стала. Канечне, не ружы ці півоні, але ў час жніва – цэнны экспанат. Дзякуй за ўражанні і добрага вам надвор’я, працаўнікі ААТ «Праснакі»!

Ганна МАТУСЕВІЧ, студэнтка факультэта журналістыкі БДУ


Слава працы Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей