Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

Счастье создается трудом и взаимопониманием -уверены Надежда и Артем Линник

29.06.2024

У гэта шчыра вераць Надзея і Арцём Ліннікі – маладая сям’я з вёскі Андросаўшчына – і імкнуцца будаваць свае адносіны так, каб адпавядаць гэтаму меркаванню.

Па-сапраўднаму дружная вясковая сям’я ўсё робіць разам – і працуе па гаспадарцы, і адпачывае цікава і весела. І дарма многія гарадскія жыхары думаюць, што на вёсцы, акрамя як даглядаць агарод ды займацца гаспадаркай, рабіць больш няма чаго. Зусім наадварот. У гэтым можна было ўпэўніцца на абласным этапе рэспубліканскага сельскагаспадарчага праекта «Уладар вёскі», які днямі прайшоў у Крупскім раёне на базе адпачынку «Камсамольскі бераг», а яго ўдзельнікамі якраз і сталі Ліннікі.

Разам са сваімі дачушкамі Валерыяй і Міланай яны прадставілі на праекце Капыльскі раён, дэманстравалі свае таленты, спрыт, хуткасць і кемлівасць, а яшчэ зачароўвалі членаў журы адмысловымі стравамі і напоямі ўласнага прыгатавання і нават дзяліліся іх рэцэптамі. А конкурсы, як расказала Надзея, былі разнастайнымі:

– Пачалося  ўсё з «Візі-тоўкі», у прадстаўленні якой нам дапамагалі самадзейныя артысты з Лоцвінскага цэнтра аматарскай творчасці. Шмат эмоцый выклікалі спаборніцтвы па «фігурным кіраванні» садовымі тач-камі, зборы агародніны з завязанымі вачыма. Нам давялося падзяліць жаночую і мужчынскую справы – Арцём спавіваў ляльку, а я забівала цвікі. Мы спаборнічалі на хуткасць і дакладнасць пры распілоўванні бервяна, секлі дровы і складвалі з іх касцёр. Вядома ж, не абышлося без прыгатавання традыцыйнай беларускай стравы – дранікаў, якія давялося смажыць на калодзе. Увогуле, мерапрыемства спадабалася, і мы ніколькі не шкадуем, што прынялі ў ім удзел, хоць і вельмі хваляваліся. Нас ва ўсім падтрымлівалі Анастасія Збіруховіч і Анастасія Давыдзенка – лідары раённай мала-дзёжнай арганізацыі, якія на працягу ўсяго конкурсу былі побач, перажывалі за нас, а раней дапамагалі нам у падрыхтоўцы да спаборніцтваў.

І няхай нашы землякі не выйшлі ў лік пераможцаў, яны атрымалі вялікі запас бадзёрасці і яшчэ раз упэўніліся, наколькі ў іх дружная і сгуртаваная сям’я, якой па сілах самыя розныя выпрабаванні.

Пазнаёміліся Надзея і Арцём яшчэ падчас вучобы ў Капыльскім дзяржаўным каледжы і нягледзячы на свой малады узрост (ім абоім няма яшчэ і трыццаці) у шлюбе ўжо больш за дзесяць гадоў. Жывуць у доме, які ім выдзеліла ААТ «Старыца-Агра», паколькі абодва працуюць у гэтым сельгаспрадпрыемстве. Надзея – даяркай на МТФ «Андросаўшчына», а яе муж – трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці. Яго асноўная задача – забяспечыць жывёлу, якая ўтрымліваецца на малочнатаварнай ферме, кармамі (для гэтага выкарыстоўвае кормараздатчык «Гаспадар»), выконвае і іншыя работы, якіх так багата ў распарадку дня аграрыяў.

– Дом, у якім мы жывём гадоў сем, патрабаваў значных укладанняў, – дзеліцца Надзея. – Кожны яго куточак – гэта не толькі патрачаныя фінансы, але і напружаная праца, у першую чаргу майго любага мужа. Ён у мяне – майстар на ўсе рукі. Рамонтныя работы стараемся выконваць з сучасных матэрыялаў, клапоцімся пра ўсе зручнасці і ўтульнасць. Вельмі змянілася і наша падвор’е…

Увогуле, у любых пачынаннях і добрых справах Ліннікі разам, і ў доме заўсёды пануе атмасфера кахання і даверу. А яшчэ яны – дбайныя гаспадары. Даглядаюць атару на 50 галоў, трымаюць свіней, ёсць куры, індыкі, цацаркі, каля 25 трусоў. Як і на кожным вясковым падвор’і – агарод і сад, а вырашчаны ўраджай, дзякуючы старанням гаспадыні, аператыўна перапрацоўваецца і папаўняе склеп і кладоўкі, каб на зімовым стале разнастаіць абеды і вячэры.

Гонар сям’і – іх дзеці. Яны – радасць бацькоў, іх шчасце, іх будучыня. Старэйшая дачушка Валерыя скончыла 5 клас Старыцкай СШ, Мілана – будзе вучыцца ў 4-м. Добрымі памочніцамі растуць дзяўчынкі. Надзя ўпэўнена, што яны павінны ўмець рабіць усе хатнія справы, таму з ранніх гадоў прывучае сястрычак да працы. Але ўсё ж такі галоўным для іх лічыць добрую вучобу. Матуля марыць, што ў дарослым жыцці дочкі стануць высокаадукаванымі, будуць займаць добрыя пасады, але самае галоўнае – стануць шчаслівымі, акутанымі клопатам і павагай.


Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей