Гэты год для ўраджэнца Капыльшчыны, Героя Сацыялістычнай працы Сабалеўскага Антона Кузьміча соты, юбілейны. Праўда, дата яго нараджэння ў розных крыніцах адрозніваецца. У некаторых яна значыцца як 1 студзеня, у іншых – 1 мая. А месцам нараджэння лічыцца вёска (пасёлак) Вясёлае Бабаўнянскага сельсавета Капыльскага раёна.
Па біяграфіі юбіляра можна вывучаць гісторыю вялікай краіны. Ён нарадзіўся ў Беларусі. У 1935 годзе сям’ю Сабалеўскіх цягніком з усімі пажыткамі перавезлі ў Казахстан. У гады Вялікай Айчыннай вайны ваяваў на фронце, быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалём «За адвагу». У першы год пасля службы ўладкаваўся на працу ў Чуйскую МТС памочнікам камбайнера, а на наступны год ужо замяніў свайго старэйшага таварыша.
У 1952 годзе быў вельмі добры ўраджай. Працавалі і днём, і ноччу, пры святле фар. За 25 дзён Сабалеўскі намалаціў больш за дзевяць тысяч цэнтнераў збожжа. Аказалася, што гэта адзін з найлепшых паказчыкаў па ўсёй краіне. За гэта атрымаў найвышэйшую адзнаку – званне Героя Сацыялістычнай працы з уручэннем залатога медаля і ордэна Леніна. Антону Сабалеўскаму было тады ўсяго 28 гадоў. Праз год ён быў удастоены яшчэ адной высокай узнагароды – ордэна Леніна. Атрымліваў ён таксама залатыя і сярэбраныя медалі ВДНГ у Маскве.
У Антона Кузьміча трое дзяцей, шэсць унукаў і восем праўнукаў. Пра такіх, як Антон Кузьміч не выпадкова кажуць «соль зямлі». Іх жыццёвы шлях – прыклад для кожнага з нас. Зусім маладым ён стаў на абарону сваёй Радзімы, потым самааддана працаваў на яе дабрабыт, выгадаваў выдатных дзяцей, унукаў і здолеў захаваць аптымізм і маладосць душы.
Жыхар Валгадонска, уладальнік ордэна Чырвонай Зоркі, ордэна Айчыннай вайны 1 і 2 ступені, трох медалёў «За адвагу» і медаля «За перамогу над Германіяй». Антон Кузьміч Сабалеўскі памёр на 96-м годзе жыцця. Ветэрана не стала 25 студзеня 2019 года.
Комментарии