Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

Александр Толпеко - Герой Советского Союза, преданный народу

22.06.2024

Хутка мы адсвяткуем 100-годдзе з моманту стварэння Капыльскага раёна. А, як вядома, наша малая радзіма багата на працавітых і таленавітых людзей, дзякуючы якім і заваявала заслужаную славу і гонар. Менавіта яны заклалі трывалы фундамент дабрабыту краіны і назаўсёды застануцца прыкладам самаадданасці для многіх наступных пакаленняў.

Герой Савецкага Саюза Аляксандр Рыгоравіч Таўпека нарадзіўся ў 1907 годзе ў вёсцы Доктаравічы Капыльскага раёна (у кнізе «Памяць. Капыльскі раён» памылкова значыцца 1914-ы) у сям’і сялян.

Скончыў чатыры класы, затым працаваў у сельскай гаспадарцы. У 1929 годзе прызваны ў рады Чырвонай Арміі. Пасля службы ў 1936-м ён з сям’ёй пераязджае ў Ленінград. Тут наш зямляк уладкоўваецца на працу ў пажарна-вартавую ахову Усць-Іжорскага фанернага камбіната пасёлка Пантонны Колпінскага раёна Ленінградскай вобласці, якую і ўзначаліў у хуткім часе.

Як толькі пачалася вайна, Аляксандр Рыгоравіч спрабуе пайсці на фронт. Але, паколькі ў яго была бронь па стане здароўя, яму адмаўляюць. Нягледзячы на гэта, у 1942 годзе Таўпека запісваецца ў добраахвотнікі і ідзе на фронт – устае на абарону Ленінграда.

Пасля камандаваў мінамётным разлікам 133-га стралковага палка ў складзе 72-й стралковай Чырванасцяжнай Паўлаўскай дывізіі 21-й арміі Ленінградскага фронту. У студзені 1944 года ў баях за горад Гатчына (Ленінградская вобласць) Аляксандр Рыгоравіч быў цяжка паранены. Але праз чатыры месяцы зноў вярнуўся ў строй. Камандзір мінамётнага разліку 50-міліметровага мінамёта старшына Таўпека асоба вызначыўся 14 чэрвеня 1944 гады ў баях па прарыве абароны суперніка на Карэльскім пярэсмыку, у раёне населенага пункта Куутэрселькя (цяпер – пасёлак Лебядзінае ў Рошчынскім гарадскім паселішчы Выбаргскага раёна).

Ва ўзнагародным лісце баявога камандзіра на прадстаўленне да звання Героя Савецкага Саюза значыцца: «14 чэрвеня 1944 года ў баі за станцыю Куутэрселькя, дзейнічаючы ў баі ў якасці камандзіра аддзялення ў момант, калі супернік вёў шквальны агонь, які перашкаджаў прасоўванні 8-й стралковай роты, старшына Таўпека са сваім разлікам першым кінуўся ў атаку. Аляксандр Рыгоравіч агнём свайго мінамёта знішчыў кулямётны разлік станковага кулямёта суперніка». Ужо ў траншэйным баі і рукапашнай сутычцы адважны камандзір забіў афіцэра, чатырох салдат праціўніка і аднаго ўзяў у палон.

22 чэрвеня 1944 года, прарываючы абарону суперніка, у раёне горада Выбарг, у станцыі Талі, Аляксандр Таўпека зноў праявіў ініцыятыву і адвагу. У гэтым баі ён быў смяротна паранены. Пахавалі героя на месцы бою.

У ліпені 1944 года быў падпісаны загад аб прысваенні старшыне Аляксандру Рыгоравічу Таўпеку звання Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Залатая Зорка». Наш зямляк таксама ўдастоены ордэна Чырвонага Сцяга, медаля «За абарону Ленінграда».

У Капыльскім раёне шануюць памяць героя. У яго гонар названа вуліца горада Капыля, а піянерская дружына Доктаравіцкай СШ носіць імя вядомага земляка.


Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей