8 чэрвеня 2024 года ў вёсцы Цімкавічы Капыльскага раёна, на радзіме пісьменніка Кузьмы Чорнага, пройдзе трэцяе па ліку літаратурна-музычнае свята “Цімкавіцкія вытокі”. Свята ладзіцца ў філіяле “Літаратурны музей Кузьмы Чорнага” і на прылягаючых тэрыторыях, сумесна з Капыльскім раённым выканаўчым камітэтам і Саюзам пісьменнікаў Беларусі пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.
Час правядзення: 16:00 – 20:00.
У праграме – вялікая канцэртная праграма, экскурсіі па музеі і традыцыйнае чаяванне “Каля самавара Кузьмы Чорнага”, сустрэчы з пісьменнікамі, гульні, майстар-класы, разыгранкі, мноства інтэрактыўных пляцовак і фотазон.
Хэдлайнер фестывалю – вакальная група “Чысты Голас”.
Падрабязная праграма неўзабаве з’явіцца на сайце www.bellitmuseum.by і сацыяльных сетках Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры (@bellitmuseumby).
Запрашаем усіх аматараў літаратуры, музыкі ды падарожжаў у Цімкавічы разам з намі! Вы пабываеце ў вёсцы са старадаўняй гісторыяй, пазнаёміцеся з музеем яго знакамітага жыхара Кузьмы Чорнага, цудоўна правядзеце час на свежым паветры, за вершамі, спевамі ды танцамі. І ўсё гэта – у творчай, гасціннай атмасферы, у кампаніі прыязных цімкаўлян.
Уваход вольны!
Музей арганізуе транспарт на мерапрыемства па маршруце Мінск-Цімкавічы-Мінск. Адпраўленне 8 чэрвеня 2024 года ў 13:30 ад набярэжнай р.Свіслач паблізу мемарыяла “Востраў слёз”. Прыкладны час вяртання ў Мінск – 22:00. Квіткі – 30 руб. Браніраванне месцаў па тэл. +375 (17) 363-94-65. Квіткі можна набыць ў касе Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры па адрасе г.Мінск, вул. М.Багдановіча, 13 або анлайн па спасылцы https://24afisha.by/ru/minsk/events/performances/858025.
Цімкавічы – вёска ў Беларусі, на рацэ Мажы. Знаходзіцца за 11 км на паўднёвы захад ад Капыля, за 136 км ад Менска. Першы пісьмовы ўпамін пра Цімкавічы змяшчаецца ў грамаце вялікага князя Аляксандра і датуецца 1499 годам. У Цімкавічах з 1908 году гадаваўся беларускі празаік Кузьма Чорны. Цяпер тут дзейнічае Літаратурны музей Кузьмы Чорнага (вул.Слуцкая, 60) – філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.
Комментарии