Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

Газета «Калгаснік Капыльшчыны» сообщала о диверсиях и подвигах партизан

26.05.2024

Газета старалася паведамляць аб усіх праведзеных дыверсіях. І мініраванне дарог, па якіх перамяшчаліся фашысты, стала надзейным сябрам партызан па знішчэнні ворага.

Аб адной з такіх аперацый расказваў Іванкоў у заметцы «Знішчылі нямецкую тэхніку».

«Дыверсійная група партызанскага атрада пад камандаваннем Івана Г., – піша Іванкоў, – за шэсць дзён сакавіка 1944 года падарвала на мінах тры аўтамашыны праціўніка. А дыверсійная група пад старшынствам камандзіра аддзялення Зубрыцкага паставіла міну на дарозе Цімкавічы – Браткава. 4 сакавіка на міну наскочыла варожая аўтамашына. І абломкі яе з трэскам разнесліся ва ўсе бакі. Пры ўзрыве забіта і паранена 11 фашыстаў».

Народныя мсціўцы знішчалі ворага не толькі на дарогах, але і грамілі гітлераўцаў у іх жа норах. Партызаны часта нападалі на варожыя гарнізоны і жывымі не выпускалі адтуль ніводнага фрыца і паліцая. Аб усіх удалых аперацыях газета расказвала сваім чытачам.

Аднойчы група аўтаматчыкаў пад кіраўніцтвам камісара атрада таварыша Н. цёмнай ноччу падабралася да паліцэйскага гарнізона, які размяшчаўся ў вёсцы С. Партызаны дзейнічалі смела і рашуча. Яны хутка здолелі разбіць гарнізон. Карнікі панеслі значныя страты. 13 паліцэйскіх забіта і столькі ж узята ў палон. У якасці трафеяў партызаны захапілі мінамёт, тры кулямёты, аўтамат, 28 вінтовак, шмат патронаў, мін, гранат і ўсю маёмасць гарнізона. Аб гэтай паспяховай аперацыі напісаў у газету Віктар С. Дасланы ім матэрыял змешчаны ў нумары 84 «Калгасніка Капыльшчыны».

24 чэрвеня 1944 года адбылося пасяджэнне Цэнтральнага Камітэта КП(б) Беларусі. На ім разглядалася пытанне «Аб разбурэнні чыгуначных камунікацый немцаў метадам «рэйкавай вайны», на падрыхтоўку да якой пайшоў увесь ліпень. У ноч з 2 па 3 жніўня народныя мсціўцы шырокім фронтам павялі наступленне на чыгункі і чыгуначныя станцыі. Пад адхон ляцелі дзясяткі варожых эшалонаў, рушыліся масты, не даехаўшы да фронта, гінулі ад трапных партызанскіх куль тысячы фашысцкіх гадзюк, не знаходзіла сабе прымянення варожая тэхніка.

Рэйкавая вайна

Для газеты пісалі многія партызаны, камандзіры груп і атрадаў. У 76 нумары газеты – усяго праз некалькі дзён пасля пачатку «рэйкавай вайны» – на гэту тэму з’явіўся першы матэрыял. У заметцы «Спынілі рух цягнікоў» камандзір Н-скага партызанскага атрада расказвае, што «11 жніўня савецкія патрыёты падыйшлі да чыгункі ў раёне станцыі С. (Стоўбцы) і адкрылі ўраганны агонь з кулямётаў і аўтаматаў… Уварваўшыся на чыгунку, партызаны заклалі пад рэйкі тол. У выніку аперацыі разбураны 2-калейная чыгунка і тэлефонна-тэлеграфная сувязь на некалькі кіламетраў. Адзін атрад за гэту ноч знішчыў 400 рэек».

Смела і мужна дзейнічалі падрыўнікі Н-скага партызанскага атрада, дзе камісарам быў Афанасій А. (Афанасій Арышчук – пазней супрацоўнік БелТА). За параўнаўча кароткі час народныя мсціўцы пусцілі пад адхон 17 варожых эшалонаў, якія ішлі на фронт. У выніку крушэння разбіта 20 паравозаў, 345 вагонаў і платформ з тэхнікай і жывой сілай. Партызаны атрада знішчылі таксама 287 рэек і 22 кіламетры тэлефонна-тэлеграфнай сувязі на іншых участках.

Аб расшырэнні «рэйкавай вайны» не цяжка прасачыць, знаёмячыся з наступнымі нумарамі партызанскай газеты. Матэрыялаў на гэту тэму друкавалася ўсё больш і больш.
Для прыкладу возьмем газету за 24 верасня 1943 года. На другой старонцы надрукавана заметка памочніка камісара партызанскага атрада па камсамоле С. В. (Сергіені, пазней загадчык райана). Цёпла і шчыра піша камсамольскі важак аб сваіх таварышах-героях:

«Усім вядомы імёны маладых патрыётаў Міхаіла Д. (Міхаіла Дурасава – загінуў у барацьбе з ворагамі), Ніны Т. (Ніны Тароцькі – пасля вайны яна жыла ў в. Жавулкі), Косці К. (Косці Кліменкі – працаваў экспедытарам «Міжкалгасбуда»), Івана Д. (Івана Залатарова – супрацоўніка райпрамкабіната)». Гэтую вядомасць, тлумачыць аўтар заметкі, адважныя мсціўцы заваявалі сваімі подзвігамі. У заключэнне С. В. піша аб тым, што за адвагу і мужнасць камандаванне прадставіла да ўрадавых узнагарод 35 камсамольцаў.

Пра подзвігі партызан

На беларускіх чыгунках партызаны наносілі ворагу вялікія страты. Моцным быў удар па нямецкіх камунікацыях і народных мсціўцаў Капыльшчыны. Прывядзём даныя Капыльскага падпольнага райкама партыі, якія надрукаваны ў лістоўцы-звароце да партызан і партызанак, да ўсіх працоўных раёна ў дзень 25-годдзя Беларусі. Вось які «гасцінец» прыпаднеслі народныя мсціўцы ворагу за яго разбой на савецкай зямлі. Да 1 студзеня 1944 года, гаворыцца ў лістоўцы, знішчаны 181 варожы воінскі эшалон, разгромлена дзве чыгуначныя станцыі, на чыгунках і шасэйных дарогах узарвана 237 мастоў і 12,5 кіламетра чыгуначных рэек, на працягу 1130 кіламетраў абарвана тэлефонна-тэлеграфная сувязь.

Прадстаўляюць цікавасць і іншыя лічбы, надрукаваныя ў лістоўцы. Партызаны разграмілі 14 паліцэйскіх гарнізонаў, знішчылі 18 219 немцаў і іх халуёў-паліцаяў. Больш за100 фрыцаў узята ў палон. Разбіта звыш 200 аўтамашын з рознымі грузамі, тры танкі, сем гармат, дзве бронемашыны, дзевяць матацыклаў.

«Але гэтага мала!» – падкрэсліваецца ў лістоўцы. – Мы не знойдзем сабе супакою, наш гнеў не супакоіцца, наша помста ў сэрцы не пагасне да таго часу, пакуль хоць адзін фашыст будзе таптаць беларускую зямлю, жэрці беларускі хлеб, смярдзець у беларускай хаце».

Канцоўка лістоўкі заклікала жыхароў нашага раёна ўсім як аднаму, узняцца на барацьбу з фашысцкімі акупантамі, каб хутчэй дабіць іх і вярнуць шчаслівае жыццё савецкім людзям.

Падпольная газета, усебакова асвятляючы барацьбу беларускага народа супраць нямецкіх захопнікаў, адначасова з’яўлялася трыбунай па мабілізацыі магутных сіл народных мсціўцаў для дастойнай сустрэчы рэвалюцыйных і савецкіх свят. Як правіла, напярэдадні важных гістарычных дат на старонках «Калгасніка Капыльшчыны» змяшчаліся прысвечаныя ім перадавыя артыкулы. Напрыклад, 84 нумар газеты выйшаў з перадавіцай пад загалоўкам «Напярэдадні 25-годдзя ВЛКСМ», дзе моладзь раёна заклікала дастойна сустрэць свята Ленінскага камсамола.

Душэўнай цеплынёй і гонарам за непахісны савецкі народ напоўнена карэспандэнцыя «Заўсёды ўперадзе», якую напісаў Віктараў. Яго герой – адважны, смелы камсамолец Іван Д. (І. Мядзяннікаў з Расіі). Гэты партызан, як зазначае аўтар, праяўляе мужнасць усюды, на якое б заданне яго ні паслалі. Так, у масіраваным нападзе на чыгунку Іван першым падабраўся да палатна і ўзарваў дзве рэйкі.

З выключнай адвагай дзейнічаў малады партызан і пры разгроме варожага гарнізона ў вёсцы Сейлавічы Нясвіжскага раёна. Ён таксама першым уварваўся ў фашысцкае логава і з аўтамата напавал касіў фашыстаў. Не разгубіўся камсамолец і тады, калі пры вяртанні з задання ён з групай партызан у адной з хат в. Цагельнае нечакана наткнуўся на чатырох паліцаяў. Здраднікі нават не паспелі аказаць супраціўлення, як атрымалі па заслугах.

Лістоўка напамінала аб бліскучых перамогах Чырвонай Арміі на фронце і ўступленні яе ў межы роднай Беларусі. Падпольны райкам камсамола праз друк заклікаў моладзь раёна бязлітасна біць ворага.

Падарункі ад народных мсціўцаў

У дзень 26-й гадавіны Вялікага Кастрычніка выйшаў спецыяльны святочны нумар газеты. У заметцы «26-й гадавіне» расказваецца, з чым сустрэлі вялікае свята народныя мсціўцы. Кожнага чытача радавалі, яшчэ больш прыдавалі смеласці і адвагі для барацьбы супраць ворага такія радкі:

«Як ні ўзмацняюць немцы ахову чыгуначных дарог, кожны дзень ляцяць пад адхон варожыя эшалоны з тэхнікай, боепрыпасамі і жывой сілай праціўніка».

Далей паведамляецца ў заметцы аб удалай дыверсіі партызан Н-скага атрада. Яны непрыкметна падкраліся да чыгуначнага палатна і замініравалі яго. Варожы эшалон, які ішоў на фронт, наскочыў на міну і паляцеў пад адхон. Разбіўся паравоз і чатыры вагоны з ваеннымі матэрыяламі.

«Гэта, – заключае аўтар, – падарунак партызан 26-й гадавіне».

Паслякастрычніцкі нумар газеты выйшаў на два дні раней звычайнага. Толькі адно тое, што Кастрычніцкім святам «на дамах у Капылі луналі чырвоныя сцягі, былі расклеены бальшавіцкія лістоўкі і лозунгі», як паведамлялася ў газеце, бясконца радавала людзей, яшчэ больш усяляла веру ў перамогу.

На старонцы гэтай жа газеты былі надрукаваны словы партызан, у якіх яны выказвалі гатоўнасць аддаць усе сілы, а калі спатрэбіцца, і жыццё, каб у бліжэйшы час дабіць ворага на беларускай зямлі.


Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей