Мы памятаем аб вялікім подзвігу
Урачысты мітынг, прысвечаны Вялікай Перамозе, прайшоў ля бюста Героя Савецкага Саюза В.І. Драздовіча ў аг. Лясное. Удзел у ім прынялі вучні і настаўнікі мясцовай школы і дзіцячага сада, работнікі Лясноўскага цэнтра культуры і вольнага часу, прадстаўнікі УП «ПІК-Лясное», дэпутат раённага Савета дэпутатаў А.В. Вараб’ёва, работнікі Бабаўнянскага сельвыканкама. Удзельнікі мітынгу адзначылі, што лепшая памяць аб вялікім подзвігу беларускага народа, які прыняў на сябе ўдар ворага, – гэта вернасць Радзіме, клопат аб яе росквіце.
Актыўны ўдзел у мітынгу, арганізаваным у Дзень Перамогі, таксама прынялі жыхары аграгарадка Пясочнае, калектыў мясцовай школы і работнікі культуры. Ушанавалі памяць загінулых, усклалі вянкі і кветкі да абеліскаў. Затым адбыўся святочны канцэрт, у якім удзел прынялі Мікалай Майсюк і Леанід Кацуба, а таксама навучэнцы школы і работнікі культуры. Гучалі патрыятычныя песні, вершы ваенных гадоў.
Майскі вальс і песні Перамогі
У Лоцвінскім цэнтры аматарскай творчасці прайшлі святочныя мерапрыемствы: радыёмікс «Песні Перамогі», выстава дзіцячых малюнкаў «Мы гэтай памяці адданыя», канцэрт «Майскі вальс». Юныя таленты здзівілі гледачоў цудоўным выкананнем вершаў, вядомымі музычнымі кампазіцыямі і беларускімі народнымі танцамі. Старэйшае пакаленне выконвала песні ваенных гадоў (на здымку), а танцавальныя кампазіцыі пад народную музыку стваралі святочную атмасферу. Асабліва крануў публіку «Майскі вальс», а фінальным акордам свята стала выкананне песні «Дзень Перамогі».
Комментарии