Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

К 120-летию со дня рождения Николая Хведаровича

04.04.2024

Растрэслі вятры                      

Заляжалы і горкі                                 

Далёкай мінуўшчыны пыл.               

Стаіць на пагорках,                              

На ста сямі горках                                

Мой родны,                                           

Мой слаўны Капыль.  

Усім капылянам (ды і не толькі ім) добра вядомы гэтыя вершаваныя радкі, якія сталі своеасаблівым дэвізам нашага гарадка. Іх напісаў наш зямляк Мікалай Фёдаравіч Чарнушэвіч, больш вядомы як Мікола Хведаровіч, Сабасцян Старобінскі, Н.Федаровіч.

Замест уступу

У 2019 годзе мне пашчасціла пазнаёміцца з сынам знакамітага земляка Аляксандрам Чарнушэвічам. Падставай для знаёмства стала вось якая падзея. Напрыканцы лета таго ж года на месцы былых яўрэйскіх могілак у Капылі быў устаноўлены камень-валун з інфармацыйнай дошкай. З гэтай нагоды паважаны чалавек і наведаў радзіму продкаў.

– Мой бацька быў жанаты на яўрэйцы Сары Маісееўне Фрыд родам з Лодзі, – паведаміў Аляксандр Мікалаевіч. – З ёй тата пазнаёміўся да Вялікай Айчыннай вайны, а дакладней у 1932 годзе. Праз два гады на свет з’явіўся першы сын Артур. Цікавы выпадак з бацькам здарыўся недзе ў 20-я гады ХХ стагоддзя, дзякуючы якому і з’явіўся псеўданім Хведаровіч. У той час у Капылі яму выдавалі спраўку, якая пацвярджала яго асобу. І, мабыць, міліцыянер не вельмі добра сябе адчуваў, таму у графе прозвішча напісаў прозвішча па бацьку. Так і атрымалася – Мікола Хведаровіч. У Капыль мы прыязджалі не так часта: упершыню я наведаў яго ў 50-я гады, прыляцеў на самалёце-«кукурузніку».

Дзяцінства

Мікола Хведаровіч нарадзіўся ў мястэчку Капыль 6 красавіка (24 сакавіка) 1904 года. «Суджана было мне нарадзіцца якраз у красную суботу перад Благавешчаннем і перад днём Вялікадня», – так ён пісаў пазней. Бацька яго вельмі ганарыўся тым, што сын Мікалай пабачыў свет у адну ноч з цэсарэвічам Аляксеем – царскім сынам. Бацькі былі малазямельныя сяляне, людзі бедныя і непісьменныя, яны верылі ў прыкметы, таму і спадзяваліся на некае адметнае шчасце для сына. Але калі Міколу споўнілася чатыры гады, ноччу здарыўся пажар, бацькі выратавалі такі-сякі скарб, а  самога хлопчыка вынес з палаючай хаты шавец Кір’якоў. Пасля гэтай падзеі Міколка вельмі доўга хварэў.

Не паспелі Чарнушэвічы абжыцца ў новай хаце, як пажарышча знішчыла гумно. Зноў цяжкая доля жабрака, беднасць і нястача напаткалі сям’ю. Але хлопчык цягнуўся да ведаў і з дапамогай старэйшага брата вывучыў літары, потым пайшоў у Капыльскую працоўную школу 2-й ступені.

Яго ўніверсітэты

У часы першай сусветнай вайны Мікола Хведаровіч як бежанец жыў у Калузе, у дзіцячым прытулку для такіх жа дзяцей-бежанцаў. Вучыўся ў гарадскім вучылішчы. У 1918 годзе вярнуўся дамоў і паступіў у Цімкавіцкае гарадское вучылішча. Прынялі яго на другі курс без экзаменаў, бо ён меў даведку, што вучыўся ў Калузе. З прыходам немцаў быў батраком. Жыў Мікола Хведаровіч на Капыльскай вуліцы ў Кастэцкіх, непадалёку ад дома бацькі Кузьмы Чорнага. У хаце было цесна, і хлопчыку даводзілася спаць то ў сенцах, то на печы. Амаль усю хату займаў варштат, на якім Ліза і Стэфка Кастэцкія ткалі мешкавіну. Але адна з іх выйшла замуж, таму хлопцу давялося шукаць новы прытулак. Дырэктар Цімкавіцкай двухкласнай школы (з шасцігадовым навучаннем) прапанаваў яму жыць на школьнай кухні пры ўмове, што студэнт-небарака будзе вартаваць будынак і апальваць печы. Праз паўгода навучання капыляніна выклікаў дырэктар Аляксандр Міхайлавіч Пархомчык і паведаміў, што паколькі за першае паўгоддзе з яго не бралі платы, то за другое ён павінен заплаціць. Мікола заплакаў, бо не было чым плаціць, а пакідаць вучобу не хацелася. Настаўніца геаграфіі Нона Мікалаеўна пашкадавала яго і сказала, што яна заплаціць за хлопчыка грошы.

У людзях

…Закончылася  вайна з белапалякамі, вярнуўся з палону старэйшы брат Нічыпар, які пайшоў працаваць настаўнікам. Мікола ж дапамагаў яму: разносіў кнігі, расклейваў газеты. А калі ажывілася праца ў ячэйцы камсамола, стаў адным з яе кіраўнікоў.

У 1923 годзе паехаў на палітасветныя курсы ў Мінск, пасля заканчэння якіх працаваў сакратаром камсамольскай ячэйкі і загадчыкам хаты-чытальні ў Цараўскай воласці. Там, у Цараўцах,  пачалася  літаратурная дзейнасць нашага земляка. Не было п’ес для пастаноўкі ў клубе, і Мікола Хведаровіч напісаў дзве п’есы. На жаль, гэтыя рукапісы  не захаваліся, хаця адна з іх, якая называлася «Каін», часта ставілася на вясковай сцэне.

Ля вытокаў творчасці

У 1924 годзе Мікола Хведаровіч трапляе на курсы вайсковых палітработнікаў і працуе камісарам Слуцкага ваенкамата па дапрызыўнай падрыхтоўцы. А яшчэ праз год ідзе вучыцца ў Мінск на рабфак, затым на педфакультэт БДУ. Першыя вершы друкаваў у газеце «Савецкая Беларусь», затым у «Чырвонай змене» і «Беларускай вёсцы».

А ўжо праз чатыры гады Белдзяржвыдавецтва выдала першую кнігу вершаў Міколы Хведаровіча «Настроі». Сяброўства з пісьменнікамі Сымонам Баранавых, Янкам Скрыганам, Пятрусём Броўкам, Алесем Пальчэўскім і іншымі склала творчае ядро, якое падтрымлівала літаратурныя арганізацыі «Полымя» і «Узвышша».

Пасля заканчэння ўніверсітэта Хведаровіч займаў пост рэдактара ілюстраванага часопіса «Чырвоная Беларусь». Некаторы час працаваў загадчыкам кабінета маладога аўтара пры Саюзе пісьменнікаў Беларусі, а ў 1934 годзе быў пасланы ў Гомель для арганізацыі работы з маладымі літаратарамі.

Вораг народа?

У 1937 годзе пасля выхаду кніжкі вершаў «Усім сэрцам» працаваў сакратаром часопіса «Полымя рэвалюцыі». Аднак па абвінавачванні ў цяжкіх злачынствах перад партыяй і народам быў арыштаваны і некалькі гадоў прабыў на Кольскім паўвостраве, удзельнічаў у будаўніцтве Манчагорска, працаваў у г. Каршы (Узбекістан). У 1949 годзе паўторна арыштаваны і сасланы ў г. Енісейск Краснаярскага краю, дзе і пражыў да рэабілітацыі 28 верасня 1955 года.

Пасля вяртання ў родны Мінск у 1956 годзе заняўся літаратурнай працай. З тае пары выйшлі з друку кнігі Міколы Хведаровіча «Залаты лістапад», «Перазвон бароў», «Памятныя сустрэчы», «Сонечны зайчык» і іншыя. А ў 1966 годзе разам з Алесем Звонакам пераклаў цудоўны твор класіка грузінскай літаратуры Шата Руставелі «Віцязь у тыгравай скуры». 

Памёр Мікола Хведаровіч у 1982 годзе, пахаваны на Усходніх могілках у Мінску.

Узнагароды

На жаль, іх зусім нямнога: ёсць некалькі медалёў. Хведаровіч з’яўляецца Лаўрэатам прэміі венгерскага агенства па літаратуры і мастацтве «Артысіус» у 1981 г. за прапаганду венгерскай паэзіі на беларускай мове.

Як адзначаем

– З нагоды 120-годдзя пісьменніка ў раённай бібліятэцы арганізавана выстава, на якой яскрава прадстаўлена творчасць Міколы Хведаровіча, дзе знаходзяцца яго публіцыстычныя і паэтычныя творы, – паведаміла загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі   цэнтральнай   раённай  бібліятэкі імя А. Астрэйкі Ірына Пятровіч.

Пяць цікавых фактаў

۷ Быў вучнем Цыялкоўскага

 Падчас бежанства Хведаровіч жыў у Калузе і вучыўся ў гарадской вучэльні, якая знаходзілася ў двухпавярховым каменным будынку і славілася тым, што ў ёй у 1916–1917 гадах выкладаў матэматыку вялікі Канстанцін Цыялкоўскі. Так што Мікола Чарнушэвіч якраз стаў ягоным вучнем. Хлопец часта бываў у гасцінным доміку настаўніка, які расказваў, што ў хуткім часе людзі (а можа, і ён, Мікола) будуць лятаць на ракетах на Месяц ці на Марс. Хведаровіч пасля напіша паэму пра Цыялкоўскага і Калугу.

۷Стварыў з братам літаратурную суполку

Пасля вяртання з бежанства Хведаровіч ваюе ў атрадзе асобага прызначэння, заканчвае рабфак, друкуе вершы. А вось радкі з кнігі «Валерый Маракоў. Лёс, хроніка, кантэкст»: «1927 г. Н. Чарнушэвіч разам з Я. Бобрыкам, А. Гурло, А. Звонакам, Т. Кляшторным, І. Плаўнікам, Я. Туміловічам і М. Хведаровічам арганізоўваюць новае літаратурнае аб’яднанне «Пралетарска- сялянская беларуская літаратурная суполка» – «Пробліск». Н. Чарнушэвіч – гэта родны брат Міколы (Нічыпар), паэт, драматург.

۷Падчас рыбалкі страціў сябра

«Проблiск» праіснаваў нядоўга. Пасля былі суполкі «Маладняк», БелАПП, цікавыя творчыя паездкі, напрыклад па Сярэдняй Азіі. Наўрад маладыя паэты падазравалі, што чакае іх наперадзе.

Як пісаў даследчык Маракоў, на пачатку ліпеня 1938 года ў нядзельную раніцу Мікола быў на рыбалцы разам са сваім сябрам Андрэем Александровічам, намеснікам старшыні саюза пісьменнікаў. Да іх падышлі людзі ў форме і прапанавалі Александровічу прайсці з імі. Той сунуў Міколу вуды, папрасіў патрымаць: «Праз гадзіну вярнуся». Не вярнуўся. Атрымаў пятнаццаць гадоў лагераў.

۷Захаваў перадсмяротны верш Міхася Чарота

 Міколу Хведаровіча арыштавалі праз месяц пасля Александровіча, у жніўні 1938-га. Яго брат Нічыпар, дарэчы, быў рэпрэсіраваны яшчэ ў 1930-м. У сваіх успамінах Хведаровіч напіша: «У 1939 годзе я быў пераведзены ў адзiночную камеру. Уважлiва агледзеў сцены, шукаючы надпiсаў, i вось у кутку прачытаў тэкст верша, выкалупаны нечым вострым на сцяне. Гэта была апошняя сустрэча з маiм любiмым паэтам i другам Мiхасём Чаротам. Гадамi я захоўваў гэтыя яго словы ў сэрцы».

Міхася Чарота расстралялі ў 1937-м. Дзякуючы Хведаровічу яго апошнія радкі былі надрукаваны ў альманаху «Дзень паэзіі» ў 1965 годзе.

۷Пісьменнікі баяліся патрапіць у яго кнігу

Акрамя вершаў, Хведаровіч пакінуў успаміны. Калі ён пісаў кнігу «Памятныя сустрэчы», пайшла чутка, што лепей не трапляць у яе. Нібыта, як напіша Хведаровіч пра каго, той у хуткім часе і з жыцця выправіцца. Безумоўна, быў гэта проста «чорны гумар», кніга выйшла і дасюль з’яўляецца неацэннай крыніцай звестак па гісторыі беларускай літаратуры.

Фота аўтара і з сайта https: bis. nlb.by


Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей