ЗАМЕСТ УСТУПУ
– Дзіўная складваецца гісторыя, як усё ж я прыйшоў да хрысціянскай веры, – дзеліцца Сяргей Пратасевіч. – Як расказвалі бацькі, ва ўзросце 2-х гадоў мяне павінны былі завезці ў царкву, каб пахрысціць. Але прыродная стыхія вырашыла інакш. У той час у вёсцы вельмі моцна расцяклася рэчка, і магчымасці адправіцца на важны боскі сакрамэнт не атрымалася. Але гэтая падзея адбылася па-іншаму. У тыя гады ў вёсцы жыла баба Анця, і паколькі яна доўгі час была ў праваслаўнай царкве пеўчай, сказала: «Я ведаю, як трэба хрысціць дзіця». Такім чынам, яна прачытала над маёй галавой малітву, і я ўмоўна быў пахрышчаны.
Аднак у сям’i памяталі, што гэта не з’яўляецца паўнавартасным абрадам хрышчэння i планавалі перанесці сакрамэнт на другі дзень. Але ішлі гады, за сямейным бытам усе забыліся аб хрышчэнні. Сярожа вырас, скончыў школу, паступіў у БДУ на гістарычны факультэт.
– Неяк у 1990 годзе патрапіў на экскурсію ў храм Аляксандра Неўскага ў Мінску, – успамінае Сяргей Іванавіч. – Я доўга размаўляў з бацюшкам i паведаміў яму, што нехрышчоны. Ён адказаў, што гэта зрабіць ніколі не позна, даў мне нацельны крыж i сказаў, што трэба абавязкова паспавядацца i прычасціцца. Але так здарылася, што ў хуткім часе ў родных Роспах я страціў гэты крыжык. І вырашыў для сябе, што гэта быў нейкі знак, таму і не стаў хрысціцца.
ШЛЯХ ДА ВЕРЫ, ДА БОГА
У 2005 годзе Сяргей Пратасевіч звязаў свой лёс са Святланай Кашубай. Адзін за адным з’явіліся на свет чацвёра дзяцей: Павел, Паліна, Канстанцін i Сафіюшка.
– Аднойчы я задумаўся над выхаваннем сваіх дзяцей, – працягвае Сяргей Іванавіч. – Палічыў, што будзе добра, калі яны спазнаюць рэлігійную культуру. Зразумеў, што хацеў бы адправіць ix у нядзельную школу. Вельмі добра вывучыў свае радавыя карані. Ведаю, што мае продкі да падзелу Рэчы Паспалітай былі католікамі. А пасля знішчэння прыкмет магутнасці каталіцкай i ліквідацыі ўніяцкай цэркваў яны прынялі праваслаўе. Думка пра веру мяне не пакідала, і ў адзін цудоўны дзень я наведаў касцёл Святых Пятра i Паўла ў Капылі, дзе пагутарыў з ксяндзом Андрэем Калядкам. Мяне настолькі ўpaзілa талерантнасць каталіцкага касцёла, што я вырашыў пахрысціць у ім дваіх малодшых дзяцей Канстанціна i Сафію. Адзначу, што ў гэты дзень я таксама паўдзельнічаў у сакрамэнце хрышчэння. Так, няхай нават больш чым праз паўстагоддзя свайго жыцця, я прыйшоў да веры і да таго, што усё ж вырашыў прыняць каталіцызм. Мне падабаецца, што дзверы каталіцкага касцёла адчынены для вернікаў розных канфесій. Мы кожную нядзелю наведваем яго. Дарэчы, сёння я – старшыня касцёльнага камітэта.
РУЖАНЕЦ
У кожнага з сям’і Пратасевіч ёсць свой Святы ружанец. Святлана Мікалаеўна тлумачыць, што гэта пэўны спосаб малітвы, паслядоўнасць якой адлічваецца, нібы па пялёстках ружы, якая разгортваецца ярусамі па пяць малітваў у кожным. Зварот да Бога спалучаны з разважаннем аб падзеях з жыцця Езуса Хрыста i Панны Марыі. А кожная асобная малітва (паклон) адзначаецца пацеркай на вяроўцы.
– Памятаю, мы страцілі птушаня голуба, якое калісьці выратавалі пры ўрагане, – расказвае Святлана Мікалаеўна. – Усе разам выходжвалі яго, кармілі, паілі. Але ў адно імгненне яно кудысьці знікла. Я ўзяла ў pyкi ружанец, стала чытаць малітву Панне Марыі. Неўзабаве, не паверыце, мы яго знайшлі. Таму ўпэўнена: у любой сітуацыі, якая б яна нi была, малітва дапамагае. А вера павінна зыходзіць знутры.
ТРАДЫЦЫІ СяМ’І
– Як i ўсе, наша сям’я любіць хрысціянскае свята Вялікдзень, – удакладняе Святлана Пратасевіч. – Гэта, перш за ўсё адраджэнне, абнаўленне, надзея на светлыя перамены. Як i многія вернікі, напярэдадні светлай нядзелі, мы фарбуем сімвал галоўнага хрысціянскага свята – Велікоднае яйка. Таксама пячом пышныя i духмяныя пірагі.
З чацвярга ў касцёле Святых Пятра i Паўла пачынаецца Трыдуум Велікодны. Вернікі ўспамінаюць, калі Езус Хрыстос сабраў сваіх вучняў на тайнай вячэры i ўстанавіў два сакрамэнты: Эўхарастыю i Святарства. У Вялікую пятніцу мы ўспамінаем смерць Езуса на крыжы. У гэты дзень няма Святой Імшы, але праходзіць адарацыя крыжа. У Вялікую суботу ў традыцыі касцёла ўваходзіць асвячэнне страў на Велікодны стол. А самым асноўным момантам з’яўляецца Вілігія Велікодная. У ноч на нядзелю ў двары касцёла раскладваюць вогнішча. Ксёндз Андрэй запальвае ад яго полымя велікодную свечку, якая так і называецца – «пасхал». Менавіта ад гэтага агню ўсе вернікі запальваюць ужо свае агеньчыкі i беражліва нясуць ix да дому, захоўваючы ад ветру. А заканчваецца служба па традыцыі на каталіцкі Вялікдзень запаветнымі словамі: «Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!»
– Мы заўсёды з вялікім натхненнем наведваем велікоднае богаслужэнне, – дадае Святлана Мікалаеўна. – Пасля набажэнства вяртаемся дамоў, садзімся за святочны стол. У гэты дзень стараемся наведаць усіх сваіх блізкіх i родных. Вядома, сапраўдная радасць нараджаецца толькі тады, калі дзелішся ёй. І ў такія дні гэтая ісціна становіцца толькі больш відавочнай.
Фота аўтара
Комментарии