Падсыпка дарог
Работы па добраўпарадкаванні вулічна-дарожнай сеткі ў населеных пунктах сельсавета праводзяцца ў планавым рэжыме. Так, сіламі ДРБУ № 124 зроблена падсыпка ўчастка дарогі ад Лоцвін да Засцеб’я, а тэхнікай мясцовай гаспадаркі – вуліцы Працоўнай у Лоцвінах.
Клопат пра бяспеку
Жылы сектар на асаблівым кантролі ў членаў камісіі па папярэджанні пажараў і іншых надзвычайных сітуацый і гібелі людзей ад іх.
– Асаблівую ўвагу ўдзяляем шматдзетным сем’ям і сем’ям, дзе непаўналетнія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, адзінока пражываючым пажылым грамадзянам, інвалідам, а таксама асобам, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі, якія вядуць асацыяльны лад жыцця, – адзначыла старшыня сельвыканкама Ірына Запольская. – З пачатку года абследавана ўжо 220 домаўладанняў.
«Ад даўніны да сучаснасці»
У рамках тыдня традыцыйнага мастацтва ў Лоцвінскім цэнтры аматарскай творчасці для землякоў арганізавана выстава калекцыі жаночых хустак «Ад даўніны да сучаснасці» (на здымку). Збіралася яна на працягу многіх гадоў удзельніцамі клуба «Лоцвінскія ўдалухі» (усяго ў калекцыі больш за сто хустак).
Самыя вінтажныя хусткі датуюцца саракавымі гадамі мінулага стагоддзя. У кожнага з экспанатаў свая цікавая гісторыя. Гледзячы на іх, з пяшчотай і цеплынёй успамінаеш бацькоўскі дом, маму, бабулю, сваё дзяцінства. Сёння так важна захаваць усе экспанаты і перадаць будучаму пакаленню.
Фота з архіва Лоцвінскага ЦАТ
Комментарии