Адзін з прыкладаў – Аляксандр Рыгоравіч Таўпека. У яго гонар названа вуліца горада Капыля і ў аграгарадку Новыя Доктаравічы. Акрамя гэтага, піянерская дружына Доктаравіцкай сярэдняй школы носіць імя вядомага земляка. На мерапрыемствах патрыятычнага характару настаўнікі і вучні заўсёды ўшаноўваюць памяць героя, які моцна любіў сваю Радзіму.
Аляксандр Таўпека нарадзіўся ў вёсцы Доктаравічы ў 1914 годзе. Скончыў пачатковую школу. Пайшоў служыць у Чырвоную Армію. Пасля заканчэння тэрміновай службы застаўся яшчэ на два гады на звыштэрміновай службе. Дарэчы, там вучыў маладых чырвонаармейцаў, дапамагаў ім хутчэй авалодаць навейшай баявой тэхнікай. Пасля звальнення ў запас у 1936 годзе Аляксандр Рыгоравіч паехаў у Ленінград, дзе ўладкаваўся на працу ў ваенна-пажарную ахову Усць-Іжорскага фанернага камбіната пасёлка Пантонны Колпінскага раёна Леніградскай вобласці, якую з цягам часу ўзначаліў. Там і застала яго Вялікая Айчынная вайна.
Аляксандр Рыгоравіч спрабуе пайсці на фронт. Але, паколькі ў яго была бронь па стане здароўя, яму адмовілі. Нягледзячы на гэта, у 1942 годзе Таўпека запісваецца ў добраахвотнікі і ідзе на фронт, на абарону Ленінграда. З чэрвеня камандзір мінамётнага разліку 133-га стралковага палка 72-й стралковай дэвізіі змагаўся ў радах Чырвонай арміі. Бясстрашны старшына заўсёды з’яўляўся там, дзе было найбольш цяжка, асабістым прыкладам выхоўваў у воінаў высокае пачуццё абавязку, адданасці свайму народу.
Аляксандр Таўпека вызначыўся 14 чэрвеня 1944 года ў баях па прарыве абароны ворага на Карэльскім перашыйку, у раёне населенага пункта Куутерселькя (цяпер пасёлак Лябяжы ў Рошчынскім гарадскім паселішчы Выбаргскага раёна). Ва ўзнагародным лісце баявога камандзіра на прадстаўленне да звання Героя Савецкага Саюза значыцца: «Будучы камандзірам разліку 50-міліметровага мінамёта ў перыяд цяжкага бою за станцыю Куутерселькя Таўпека агнём мінамёта знішчыў кулямётны разлік станковага кулямёта ворага». У траншэйным баі і рукапашнай сутычцы адважны камандзір забіў афіцэра, чатырох салдат праціўніка і аднаго ўзяў у палон.
Праз тыдзень ў баях за станцыю Талі зноў праявіў ініцыятыву, адвагу і стойкасць, за што быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга. Але ж у гэтым баі ён быў цяжка паранены. Пасля за баявыя заслугі Аляксандр Таўпека быў удастоены ордэна Леніна і медаля «За абарону Ленінграда». На жаль у жорсткім баі пад Ленінградам Аляксандр Рыгоравіч загінуў смерцю героя. Пахаваны на месцы бою. За праяўлены гераізм і адвагу пры абароне Ленінграда 21 ліпеня 1944 года старшыне Таўпеку прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Залатая Зорка».
Пасля вайны ён быў перазахаваны на мемарыяле «Пятроўка», размешчаным каля шашы Выбарг – Светлагорск непадалёку ад пасёлка Чырвоны Холм Каменагорскага гарадскога паселішча Выбаргскага раёна.
Звестак пра подзвіг героя шмат. Але прозвішча пазначана з памылкай. Аб гэтым сведчыць кніга «Твае героі, Ленінград» (Л., Леніздат. 1970, аўт. Бураў А.У.), у якой паказана, што дзякуючы сястры героя Вользе Іванаўне вызначана правільнае напісанне прозвішча – Таўпека.
Трэба адзначыць, што да 30-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне (1975 г.) у пасёлку Пантонны на доме № 18 па вуліцы, названай у яго гонар, устаноўлена памятная дошка герою. У музеі Усць-Іжорскага фанернага камбіната захоўваецца бюст Аляксандра Рыгоравіча Таўпекі, выкананы скульптарам К.П. Бабковым.
Мы ніколі не забудзем, якой цаной дасталася Вялікая Перамога. Героі вайны аддалі сваё жыццё за мірнае неба, за светлае будучае сваіх сыноў і дачок. Памяць аб іх перадаецца з пакалення ў пакаленне. І наш агульны абавязак – захоўваць яе і не забываць пра страшныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны.
Фота Доктаравіцкай СШ
Комментарии