Такім выданнем была і газета «Калгаснік Капыльшчыны». На яе пажоўклых ад часу старонках сёння мы знаходзім шмат невядомых фактаў пра вайну. Былы супрацоўнік «Слава працы» Уладзімір Балога падчас заканчэння аддзялення журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У.І. Леніна ў 60-я гады ХХ стагоддзя працаваў над дыпломнай работай, тэма якой была прысвечана падпольнаму друку на Капыльшчыне ў гады Вялікай Айчыннай вайны. І зараз цікава зазірнуць у мінулае, каб даведацца аб тым, як Капыльшчына змагалася з ворагам.
Ад лістовак...
На Капыльшчыне першыя лістоўкі, выпушчаныя ў падполлі, з’явіліся летам 1942 года. Вось што расказваў аб гэтым былы палітрук атрада імя Чапаева Павел Якаўлевіч Ліннік, які працаваў настаўнікам Старыцкай васьмігадовай школы:
«Перад самым жнівом 1942 года партызаны разбілі паліцэйскі ўчастак у вёсцы Салтанаўшчына. Сярод захопленых трафеяў была пішучая машынка. Для партызан яна мела неацанімую каштоўнасць. У атрадзе адразу ж здолелі наладзіць выпуск партызанскіх лістовак, якія неслі людзям словы праўды, узнімалі іх на барацьбу з фашысцкімі бандытамі. Тыраж лістовак быў зусім невялікі – усяго некалькі экзэмпляраў. Не хапала паперы. Але кожная лістоўка абыходзіла дзясяткі, а то і сотні рук. Яна расказвала людзям аб сапраўдным становішчы на франтах, аб жудасных зверствах акупантаў, клікала да помсты. Адна лістоўка была адрасавана нават грозаўскаму папу. Ад яго запатрабавалі, каб ён менш забіваў людзям галовы рэлігійнымі забабонамі, а прапаведаваў партызанскую барацьбу, усяляў прыхаджанам веру не ў бога, а ў перамогу над фашысцкімі захопнікамі. І грозаўскі поп істотна змяніў свой малебенны рытуал».
Пад канец лета 1942 года, як успамінаў былы рэдактар падпольнай раённай газеты «Калгаснік Капыльшчыны» Канстанцін Мікалаевіч Клюйка, яго запрасіў да сябе першы сакратар падпольнага міжрайкама КП(б) Беларусі Іван Дзянісавіч Варвашэня. Ён выняў са сваёй паходнай сумкі невялікі мяшочак з друкарскім шрыфтам. Яго ледзь хапала для малафарматнай лістоўкі. Варвашэня сказаў Клюйку: «Падпольны міжрайкам даручае вам арганізаваць выпуск лістовак. Тэксты будзеце пісаць удваіх, а набіраць будзе радыст Валодзя. Ён ужо крыху натрэніраваны ў гэтай справе».
Так пачалі выпускацца лістоўкі друкарскім спосабам. Яны, як і першыя надрукаваныя на пішучай машынцы, заклікалі насельніцтва да барацьбы з фашысцкімі акупантамі, расказвалі аб баявых дзеяннях партызан, распаўсюджвалі праўдзівыя зводкі Саўінфармбюро аб становішчы на франтах.
У кастрычніку таго ж года падпольны міжрайкам знаходзіўся ў Вялешынскім лесе нашага раёна. Сюды з Мінска прыбыла вопытная наборшчыца, даваенны член рэдкалегіі газеты «Звязда», удзельніца выпуску мінскай падпольнай газеты «Звязда» Ядвіга Міхайлаўна Савіцкая. З Уздзенскага раёна прыйшла Алена Георгіеўна Левановіч – вопытная машыністка-стэнаграфістка. Абедзве жанчыны былі з малалетнімі дзецьмі. Але іх з вялікім задавальненнем уключылі ў рэдакцыйную групу.
Неўзабаве партызаны раздабылі добры радыёпрыёмнік. Знайшоўся і радыст – Марозаў. Такім чынам, маючы некаторую «тэхніку» і спецыялістаў, 6 лістапада 1942 года падпольшчыкі сумелі поўнасцю запісаць тэкст даклада Вярхоўнага Галоўнакамандуючага Чырвонай Арміі І. В. Сталіна, з якім ён выступіў на ўрачыстым пасяджэнні Массавета, прысвечаным 25-й гадавіне Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі.
Распаўсюдзіць для партызан атрада і насельніцтва прыняты матэрыял не ўдалося. На світанні 7 лістапада атрады брыгады, якія размяшчаліся ў Старыцкім лесе, былі атакаваны буйнымі сіламі фашысцкіх акупантаў. Разгарэўся гарачы бой. Ён працягваўся да самага вечара. Гітлераўцы панеслі значныя страты. Але аб гэтым баі ў фашысцка-нацыяналістычных газетах было апублікавана спецыяльнае паведамленне, у якім акупанты выхваляліся, што нібыта «ліквідавана бальшавіцкая банда на Капыльшчыне, якая рыхтавалася святкаваць сваё бальшавіцкае свята». На самай справе партызанскія атрады паспяхова вытрымалі бой і пад покрывам ночы адышлі ў раён Пясочнага.
...Да газеты
з канца 1942 года поўным ходам вялася падрыхтоўка да выдання падпольнай газеты. Камандзіры і камісары атрадаў атрымалі заданне раздабыць газетную паперу. Праз некаторы час падпольшчыкі даставілі два цюкі добрай газетнай паперы з Дзяржынскага раёна. Яе прывезла баявая група па забеспячэнні.
І ўсё-такі планам партызан на першых парах было не суджана збыцца. Пасля вядомага Лаўскага бою ўся брыгада, а разам з ёю і падпольны міжрайкам КП(б), былі вымушаны часова пакінуць тэрыторыю Капыльскага раёна і перабрацца ў Колкінскі лес былога Чырвонаслабодскага раёна.
У Колкінскім лесе падпольшчыкам-журналістам спадарожнічала ўдача. Падчас разгрому гарнізона ў Чырвонай Слабадзе засталася амаль некранутай друкарня раённай газеты. Падпольная рэдакцыя адшукала былога друкара гэтай газеты Канапляніка. Тады ў лес перавезлі шрыфт. Частку яго выкарысталі для работы, а астатні закапалі.
Падрыхтоўку да выпуску падпольнай газеты началі не марудзячы. Ёй далі назву «Патрыёт Радзімы». На гэты час рэдакцыйны калектыў папоўніўся Канстанцінам Коршукам, які потым быў сакратаром «Калгасніка Капыльшчыны», пазней загадчыкам Мінскага аблана, і Ганнай Іванаўнай Канцавой – пасля вайны працавала намеснікам старшыні Мінскага гарвыканкама.
Выпуск першага нумару газеты «Патрыёт Радзімы» – папярэдніцы «Калгасніка Капыльшчыны» – быў для партызан вялікім святам. Матэрыял добра набралі і звярсталі. Газету надрукавалі самаробным валікам. У першым і наступных нумарах падпольнай газеты, якая выходзіла адзін раз на тыдзень тыражом у 300-500 экзэмпляраў, шырока асвятляліся дзеянні партызанскіх атрадаў, а таксама рэгулярна змяшчаліся зводкі Саўінфармбюро.
У дзень выхаду газеты камандзіры і камісары атрадаў, а таксама камандзіры баявых груп, якія адпраўляліся на заданне, пастаянна наведвалі рэдакцыйную зямлянку. Яны атрымоўвалі адціснутыя экземпляры газеты і адсылалі іх у розныя раёны. Асаблівую ўвагу і садзейнічанне газеце аказваў камісар атрада імя Шчорса М. Няпомняшчых.
Газета «Патрыёт Радзімы» выпускалася да красавіка 1943 года. Пасля блакіроўкі Чучавіцкага лесу фашыстамі супрацоўнікі рэдакцыі былі вымушаны закапаць у зямлю ўсё друкарскае абсталяванне і шукаць выхаду з акружэння.
Вяртанне на Капыльшчыну
Выбраўшыся з варожага кальца, атрады брыгады толькі ў маі 1943 года вярнуліся ў лясы Капыльскага раёна, і адразу паўстала пытанне аб аднаўленні выпуску газеты, але ўжо раённай, паколькі быў створаны Капыльскі падпольны райкам партыі на чале з сакратаром Нілам Дзянісавічам Емяльянавым. У хуткасці ў Чучавіцкі лес была паслана група партызан, якая знайшла закапаны шрыфт і іншае абсталяванне для друкарні і даставіла яго на месца прызначэння.
У саставе рэдакцыйнага калектыву адбыліся перамены. Я.М. Савіцкая разам з іншымі атрадамі адправілася на захад, стэнаграфістка-машыністка А.Г. Левановіч адбыла ў распараджэнне падпольнага абкома партыі. На месца гэтых супрацоўнікаў прыбылі новыя таварышы. За наборшчыцу засталася маладая партызанка Ганна Гурыновіч, а літаратурным супрацоўнікам быў Мікалай Дарашэвіч, які пасля стаў загадчыкам сельскагаспадарчага аддзела газеты «Мінская праўда».
Працяг будзе
Комментарии