Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

Родной язык для молодежи

20.02.2024

Гісторыя беларускай мовы сапраўды багатая. У школах дзеці вывучаюць творы такіх аўтараў, як Васіль Быкаў, Якуб Колас, Янка Купала, Максім Танк ды іншых. Гэтыя імёны знаёмы чытачам далёка за межамі нашай краіны.

Напрыклад, аповесць Быкава «Альпійская балада» з’яўляецца сусветна вядомай, як і вершы Купалы. Многія літаратурныя дзеячы праславілі беларускую культуру і ўпісалі сваё імя ў гісторыю. Цяпер дзеці вывучаюць іх творы на ўроках у школе, пачынаючы з першага класа. Паколькі задачай Дня роднай мовы з’яўляецца не толькі захаваць, але і папулярызаваць культуру нашай краіны, таму свята адзначаецца ў школах і ўніверсітэтах, а непасрэдны ўдзел прымаюць дзеці і падлеткі, якія ў будучыні і будуць адказныя за беларускую гісторыю. Напрыклад, Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі з 6 па 25 лютага 2024 года праводзіць шэраг мерапрыемстваў для моладзі, у ліку якіх розныя майстар-класы, лекцыі і адукацыйна-забаўляльныя гульні.

Вось успаміны вучаніцы 10 класа гiмназii № 14 г. Мінска Марыі Шандрак пра першую кнігу, прачытаную на роднай мове:

– Мая першая кніга на беларускай мове – гэта «Палескія рабінзоны» Янкі Маўра. З першых старонак мне палюбiлiся галоўныя героі гэтай аповесці. Яны былі вельмі падобнымi да мяне: чыталі шмат кніг пра падарожжы і марылі аб незабыўных экспедыцыях у далёкія краіны. Гэта мой любімы твор, які я чытала не адзін раз і абавязкова буду перачытваць.

А вось так летась адзначаўся Дзень роднай мовы ў гімназіі № 31 г. Мінска:

– 21 лютага 2023 года мы адзначалі Дзень роднай мовы. На працягу дня гучалі беларускія песні, якія аб’яднала рубрыка «Слова роднае», школьнікі гулялі ў «Бягучы жэтон», які можна было атрымаць, адказаўшы на пытанне па-беларуску… На працягу дня ўсе класы, з 5-га па 11-ы, прымалі ўдзел у спаборніцтве «Інтэрнэт супраць вучняў 31-й гімназіі». Кожнаму класу было прапанавана пяць заданняў: узгадаць пісьменніка па назве твора; назваць фразеалагізм, намаляваны нейрасеткай; па эмадзі разгадаць назву зашыфраванага твора; вызначыць беларускамоўны выраз паводле мемаў і перакласці на рускую мову беларускамоўныя стыкеры. У выніку з лікам 20/7 перамаглі вучні 31-й гімназіі. Дыплом і Кубак пераможцы вядучыя спаборнiцтва ўручылі дырэктару гімназіі – Алене Віктараўне Мазуркевіч, – расказвае выкладчык беларускай мовы гімназіі № 31 Вольга Віктараўна Кашко.

У 2019 годзе перапіс насельніцтва паказаў, што толькі 61% жыхароў нашай краіны лічыць беларускую сваёй роднай мовай. Менавіта таму праблема папулярызацыі з’яўляецца адной з самых актуальных. Мне здаецца, што роля Дня роднай мовы ў фармаванні выбару моладзі вельмі вялікая, і чым цікавей будзе арганізавана гэтае свята, тым больш дзяцей, падлеткаў, студэнтаў ці дарослых людзей пачнуць любіць родную мову.

Арцём СВІРЫДЗЕНКА, юнкар «СП», г. Мінск


Слава працы Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей