Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

Владимир Рудаковский: оказываем посильную помощь, прежде всего на территории своего сельсовета

13.02.2024

Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, «Чалавек года Міншчыны-2018», уладальнік урадавых і прафсаюзных узнагарод. І гэта ўсё пра яго — добрага і шчырага чалавека. Пра дырэктара ААТ «Старыца-Агра», неаднаразовага дэпутата абласнога і раённага Савета дэпутатаў Уладзіміра Рудакоўскага, які бачыць перспектыву і ў няпростых сацыяльна-эканамічных умовах дабіваецца добрых паказчыкаў пры мінімальных матэрыяльных затратах.

Так і ідзе ён па жыцці: старанна працуе над рэалізацыяй пастаўленых задач. За амаль 20 гадоў дзейнасці ў сельгаспрадпрыемстве (споўніцца сёлета ў ліпені) Уладзімір Анатольевіч паспеў рэалізаваць не адну сваю мэту… А дапамагалі яму, безумоўна, спецыялісты і працаўнікі, якія ішлі поплеч. Гэты дысцыплінаваны, ініцыятыўны кіраўнік ведае сельскагаспадарчую вытворчасць і валодае высокімі арганізатарскімі здольнасцямі. Нездарма сельгаспрадпрыемства, якое ўзначальвае Уладзімір Рудакоўскі, добра вядома не толькі ў нашым раёне, вобласці, рэспубліцы, але нават і за яе межамі.

Пра сваю любімую працу кіраўнік можа расказваць бясконца. Ён не любіць сядзець у кабінеце, большую частку працоўнага часу праводзіць на фермах, палях, сустракаючыся з працаўнікамі. І ўвогуле з усім насельніцтвам, якое вельмі давярае яму. Невыпадкова Рудакоўскі выбіраўся дэлегатам Усебеларускіх народных сходаў, часта дэпутатам Мінскага абласнога і Капыльскага раённага Саветаў дэпутатаў. Вырашаць набалелыя пытанні землякоў ён імкнецца незалежна ад графіка прыёму, да кожнага знаходзіць свой падыход. Шмат кансультацый датычацца добраўпарадкавання, якасці пітной вады, працаўладкавання, падзелу маёмасці і нават суседскіх спрэчак…

Як адзначае Уладзімір Рудакоўскі, дэпутаты збіраюцца на чарговыя і пазачарговыя сесіі. Асноўныя пытанні – сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёну, выкананне даведзеных паказчыкаў і забеспячэнне дабрабыту жыхароў Капыльшчыны, размеркаванне бюджэтных сродкаў і г.д. Часам даводзіцца вырашаць і лакальныя праблемы: ад ліквідацыі несанкцыянаваных сметнікаў да своечасовай здачы жылля ў эксплуатацыю. Што датычыцца аграпрамысловага комплексу, то стаіць задача дасягнуць росту прадукцыйнасці працы, павышэння вытворчасці ў раслінаводстве і жывёлагадоўлі, паглыбленай перапрацоўкі сельгаспрадукцыі.

– Мяне як дэпутата вельмі хвалююць пытанні добраўпарадкавання, – падкрэслівае Уладзімір Рудакоўскі. – Як на тэрыторыі сельсавета, дзе знаходзіцца наша сельгаспрадпрыемства, так і ўвогуле ва ўсім раёне. Вельмі радуюць змяненні, якія адбываюцца ў гэтым плане ў Капылі, распачатыя яшчэ да Дня беларускага пісьменства, абласных «Дажынак». Аблічча горада становіцца іншым літаральна на вачах. Мы таксама не застаёмся ўбаку, аказваем пасільную дапамогу, перш за ўсё на тэрыторыі свайго сельсавета.

А яшчэ Уладзімір Анатольевіч любіць сваю малую радзіму. Нарадзіўся ён у Роспах, што на мяжы з Уздзенскім раёнам. Сімвалічна, што землі, на якіх размешчана родная вёсачка, цяпер уваходзяць у склад сельгаспрадпрыемства, што ён узначальвае. Таму магчымасць пабываць у мілых сэрцу мясцінах бывае амаль кожны дзень. Любоў да зямлі яшчэ з маленства прывілі бацькі: Анатоль Ануфрыевіч працаваў брыгадзірам мясцовай паляводчай брыгады, а Леаніда Фёдараўна прысвяціла сябе навучанню дзяцей у Мрочкаўскай пачатковай школе. Землі, дзе жыла сям’я Рудакоўскіх, былі забалочаны. Таму ў юнага Валодзі з’явілася думка што-небудзь зрабіць для іх паляпшэння. Ён прымае рашэнне паступаць на факультэт гідрамеліярацыі Беларускай сельгасакадэміі. Пасля заканчэння малады спецыяліст вяртаецца на Капыльшчыну. Працаваў майстрам, прарабам, галоўным інжынерам, а потым і дырэктарам ПМК-11, якая займалася меліярацыяй. Затым нейкі перыяд – начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама. І вось з 2004-га ўзначальвае ААТ «Старыца-Агра».

Надзейнай падтрымкай для паважанага чалавека з’яўляюцца жонка Наталля Віктараўна, сыны Уладзімір і Аляксандр з жонкамі Алёнай і Марыяй. Радуюцца за поспехі любага дзядулі сямёра ўнукаў: Піліп, Уладзімір, Ангеліна, Аліна, Таццяна, Паліна і Леў.


Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей