Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

Как не допустить падение поголовья, советуют животноводы ОАО "Преснаки"

19.01.2024

Існуе меркаванне, што значна павысіць эфектыўнасць жывёлагадоўлі немагчыма, калі не будуць вырашаны праблемы ўзнаўлення статка. Некаторыя вобразна заўважаюць, што ўраджайнасць у жывёлагадоўлі — гэта колькасць маладняка. Іншыя дадаюць: будуць цяляты — будзе і малако.

Роля кваліфікаваных работнікаў у жывёлагадоўлі асабліва важная. З увядзеннем у эксплуатацыю сучасных даільных залаў, для забеспячэння ўсіх тэхналагічных працэсаў па фарміраванні дойнага статка, атрыманні прадукцыі і іншых момантах неабходна абавязковая наяўнасць у штаце тэхніка-асемянатара, заатэхніка-селекцыянера, урача-гінеколага, ветэрынарнага ўрача і іншых профільных спецыялістаў. Гэта станоўча адбіваецца на арганізацыі кармлення, захаванні тэхналогіі вырошчвання маладняку, тэхналогіі даення, узнаўленні і лячэнні жывёл. Прыклад работы такога тандэму — малочнатаварны комплекс «Камень» у ААТ «Праснакі». Расказваем, як яго спецыялісты прытрымліваюцца тэхналогіі атрымання здаровага прыплоду.

Па словах тэхніка па штучным асемяненні жывёлы комплексу Дзмітрыя Гіршыка, да працэсу ўзнаўлення ён мае непасрэднае дачыненне. Здаецца, нядаўні слесар жывёлагадоўчай фермы, ён не пабаяўся цяжкасцей і перакваліфікаваўся ў асемянатара. Трэба адзначыць, што ў большасці сваёй у гаспадарцы пры наглядзе ветспецыялістаў жывёла здаровая, як след прыходзіць у ахвоту, асемяняецца і знаходзіцца пад пастаянным назіраннем.

Пры з’яўленні прыкмет цялення цялушку або цельную карову пераводзяць з перадродавай секцыі ў родавую. У гэты перыяд жывёлу нельга падвяргаць стрэсавым уздзеянням. Ацёл павінен праходзіць у спецыяльна адведзеным месцы. Пры нармальным цячэнні родаў дапамогу карове не аказваюць. Памяшканне для цялення павінна быць светлым, сухім, з добрай вентыляцыяй, без скразнякоў. Недапушчальна падвышанае ўтрыманне ў паветры вуглякіслага газу, аміяку і серавадароду. Падлогу неабходна заслаць свежым саламяным подсцілам. Кожнае радзільнае аддзяленне трэба забяспечыць мінімальным наборам інструментарыя і лекавых прэпаратаў.

Як адзначыла ветфельчар комплексу Святлана Жук, пры з’яўленні першых прыкмет родаў у першацёлак, неабходна падрыхтаваць замарожанае малодзіва для першага выпойвання (размарозіць малодзіва на вадзяной лазні пры тэмпературы 45-50°С). Неадкладна апрацаваць пупавіну антысептычным сродкам. Выпаіць размарожанае моладзіва не пазней за 1 гадзіну пасля нараджэння цяляці. На працягу гадзіны адабраць яго ад каровы і змясціць для абсушвання на 2-3 гадзіны пад лакальныя сродкі абагравання. Пасля нараджэння цяля неабходна ўзважыць і ідэнтыфікаваць (прысвоіць індывідуальны нумар) і ўнесці ў базу інфармацыйнай сістэмы «AITS». Маладняк пераводзяць у загадзя прыгатаваныя індывідуальныя хаткі, абароненыя ад атмасферных ападкаў і скразнякоў, і ўтрымоўваюць індывідуальна. Пасля цялення карове варта забяспечыць свабодны доступ да вады і правесці неабходныя ветэрынарныя мерапрыемствы па прадухіленні пасляродавых ускладненняў.

Гаворачы пра работу па ўзнаўленні статка ў раёне, дырэктар Капыльскага філіяла РСУП «Мінскае племпрадпрыемства» Валянціна Александровіч адзначыла, што за мінулы год выхад цялят склаў 75 галоў на 100 кароў і 94 — на 100 цялушак.

— У нас яшчэ ёсць рэзервы, паказчыкі даволі адрозніваюцца: калі на МТК «Грозава» атрымліваюць 91 галаву, то на МТФ «Скабін» — толькі 57. Прычына, вядома ж, не залежыць ад аднаго чалавека, а хаваецца ў падыходзе кожнага, — падкрэсліла Валянціна Мікалаеўна. — У якасці станоўчага хачу прывесці прыклад тэхніка-асемянатара з МТФ «Руднае» Ірыны Жданюк, якая за мінулы год «падцягнула» да 73 галоў прыплоду (+14) і значыць, прыбаўкі малака на 968 кг. Таксама хачу адзначыць у гэтым напрамку работу спецыялістаў УП «ПІК-Лясное», ААТ «Ціміразеўскі» і «Прагрэс 2010».

Фота аўтара


Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей