Больш падрабязна аб сваім выбары прафесіі Ірына Генадзьеўна расказала ў інтэрв’ю карэспандэнту рэдакцыі газеты «Слава працы».
– Ірына Генадзьеўна, чаму Вы вырашылі выбраць прафесію юрыста?
– Жаданне вывучаць Закон у мяне з’явілася яшчэ ў школе. З маленства мне вельмі падабалася міліцэйская форма. Менавіта тады я для сябе вырашыла, што стану следчым і буду змагацца са злачыннасцю. Гэтая думка не пакідала мяне ніколі, таму ўпэўненымі крокамі ішла да сваёй мары. Так, у 2010 годзе скончыла юрыдычны каледж Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, а ў чэрвені 2014-га – юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Гэта свядомы крок, бо разумею, што магу аказаць людзям прававую дапамогу. Часам чалавека проста трэба выслухаць і даць добрую параду.
– Ці згодныя Вы з тым, што ў Вашай прафесіі памылак быць не павінна і напрацаваць прафесійны вопыт не так ужо і лёгка? Як яго набыць?
– Вельмі важна ўмець даць правільную прававую ацэнку сваім дзеянням ва ўсіх сферах паўсядзённага жыцця. Нездарма існуе фраза «няведанне законаў не вызваляе ад адказнасці». У апошні час прафесія юрыста досыць запатрабаваная, і часам вельмі складана знайсці добрага спецыяліста, гатовага адстойваць правы сваёй арганізацыі. Асабліва цяжка ўвайсці ў прафесію, бо ўсюды патрэбен вопыт. Галоўнае – упартая праца, жаданне пастаянна ўдасканальвацца. Мне ж у гэтым плане пашанцавала. Падчас праходжання практыкі ў следчым аддзеле Капыльскага РАУС пад кіраўніцтвам следчага Уладзіміра Давідоўскага я атрымала каштоўны вопыт. Затым была спецыялістам аддзялення па грамадзянстве і міграцыі РАУС Капыльскага райвыканкама. Некаторы час працавала ў Капыльскім аддзяленні Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь. Са снежня 2017 года займаю пасаду юрысконсульта ў Капыльскай ЦРБ. Я заўсёды стараюся паглыбіць свае веды, таму перыядычна праходжу курсы павышэння кваліфікацыі. Да прыкладу, гэтым летам у Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь асвоіла курс па тэме «Прававое рэгуляванне дзейнасці арганізацыі».
– У чым заключаецца работа юрысконсульта Капыльскай ЦРБ?
– Гэта перш за ўсё праца з людзьмі – жывыя зносіны з імі. Камунікабельнасць, лагічнае мысленне, добрая памяць, сумленнасць, адказнасць, уменне прымаць правільнае рашэнне – гэта толькі малая частка тых якасцей, якімі даводзіцца валодаць. Фронт працы ва ўстанове аховы здароўя вялікі. Часам здаецца, што ўсё паспець немагчыма. Самае галоўнае – ёсць імкненне даводзіць справу да канца. Гэтаму дапамагаюць як розныя прававыя базы, так і семінары, лекцыі, курсы павышэння кваліфікацыі. Таму распрацоўку дакументаў прававога характару, аказанне прававой дапамогі структурным падраздзяленням і грамадскім арганізацыям у падрыхтоўцы і афармленні рознага роду прававых дакументаў, кансультацыі работнікаў арганізацыі па арганізацыйна-прававых і іншых юрыдычных пытаннях, ажыццяўленне адміністрацыйных працэдур, улік дагавораў па правядзенні перыядычных і папярэдніх медыцынскіх аглядаў, падрыхтоўку дакументаў для падачы ў суд аб спагнанні грашовых сродкаў на аказанне медыцынскай дапамогі пацярпелым і многае іншае выконваю з вялікай цікавасцю і жаданнем.
– Што больш за ўсё Вам падабаецца ў працы юрыста?
– Прафесія юрыста «жывая». Я па характары чалавек камунікатыўны, таму мне падабаецца ўзаемадзейнічаць і дапамагаць наведвальнікам любога ўзросту і статусу. Самае галоўнае – каб праца прыносіла задавальненне! А цвёрдай апорай і падтрымкай у прафесіі і ў жыцці з’яўляюцца бацькі, муж Вадзім і дачка Васіліса.
Фота аўтара
Комментарии