Літаратурнае аб’яднанне было створана пры рэдакцыі раённай газеты «Слава працы» ў 1963 годзе. Вось як пра гэту падзею піша раёнка (№ 109 ад 21.11.1963 года).
«У мэтах згуртавання літаратурных сіл Капыльшчыны – пачынаючых паэтаў і празаікаў – пры рэдакцыі газеты «Слава працы» напрыканцы 1963 года было створана літаратурнае аб’яднанне. У яго ўваходзіла 15 чалавек. 12 лістапада адбылося арганізацыйнае пасяджэнне. З разборам твораў пачынаючых паэтаў і празаікаў выступіў сакратар рэдакцыі Усевалад Гурыновіч. Затым падзяліўся ўражаннямі аб нарадзе маладых сатырыкаў рэспублікі яе ўдзельнік Мікалай Макаўчык. Ён прачытаў таксама свае сатырычныя вершы.
На першым пасяджэнні літаратурнага аб’яднання прачыталі свае новыя творы настаўнік Макранскай васьмігадовай школы Уладзімір Рамашка, вучань Бальшавіцкай сярэдняй школы Уладзімір Мароз, супрацоўнік газеты Уладзімір Балога, грэйдэрыст Капыльскага ДЭУ-124 Аляксандр Ясючэня, рабочы саўгаса «Крыніца» Анатоль Казлоўскі. Аб першых кроках сваёй літаратурнай дзейнасці расказаў таксама карэспандэнт-арганізатар мясцовага радыёвяшчання Міхаіл Лісоўскі.
Ірына Пятровіч
Выбраны сакратарыят літаратурнага аб’яднання. У яго склад увайшлі І.М. Холад, М.П. Макарчук і У.К. Гурыновіч».
Літаб’яднанне ўмацоўвалася. Людзей розных прафесій, узросту і адукацыі аб’ядноўвала любоў да роднага слова, імкненне праз творчасць перадаць свой светапогляд, падзяліцца з чытачом запаветнымі марамі. Аднадумцы збіраліся ў рэдакцыі, каб не толькі пачытаць новыя творы, але і пачуць слушную параду больш вопытных калег. Побач з творамі грамадзянска-патрыятычнага кірунку з’яўляліся сатырычныя – байкі, гумарэскі. Тэмы, якія ў іх падымаліся, могуць быць актуальнымі і сёння.
Недзе ў канцы 70-х па прапанове тагачаснага кіраўніка творчай суполкі Івана Пракарыны яна набыла назву «Вясёлка». Менавіта дзякуючы ўменню Івана Іванавіча бачыць у нясмелых радках самадзейных аўтараў крупінкі таленту, яго мэтанакіраванай працы па развіцці здольнасцей пачынаючых творцаў на старонках раёнкі з’явілася шмат новых імён. Плённа працавалі з пачынаючымі літаратарамі Юрый Шыманскі, Усевалад Гурыновіч, Казімір Кухарчык.
Аляксей Траццяк
У сярэдзіне 90-х гадоў літаратурнае аб’яднанне, дзякуючы намаганням тагачаснага кіраўніка рэдакцыі Марыі Шэінай, нагадвала творчую лабараторыю – сюды прыйшлі новыя аўтары, якія заўсёды знаходзілі падтрымку і разу-менне, рэгулярна праводзіліся творчыя сустрэчы, нават з калегамі з суседніх раёнаў. Паколькі сярод аматараў слова было шмат школьнікаў, узнікла думка аб стварэнні дзіцячага літаратурнага аб’яднання «Проба пяра», і ў яго рабоце вялікую дапамогу аказвалі супрацоўнікі раённай цэнтральнай бібліятэкі імя Анатоля Астрэйкі, якую на той час узначальвала Таццяна Серая. У 1999 годзе свет убачыў першы зборнік твораў самадзейных аўтараў Капыльшчыны пад паэтычнай назвай «Куток дзівосны гнёздаў салаўіных…» Ён быў падрыхтаваны і надрукаваны ў рэдакцыі раённай газеты «Слава працы».
У раёнцы рэгулярна выпускалася «Літаратурная старонка», дзе чытачы з цікавасцю знаёміліся з новымі творамі Івана Пракарыны, Казіміра Кухарчыка, Ядвігі Малевіч, Аляксея Траццяка, Тамары Мінчэні, Любові Мотуз, Аркадзя Новіка, Мікалая Майсюка, Святаслава Прымака, Ірыны Куратнік, Святланы Кулікоўскай, Міхаіла Лагуна, Русланы Гасанавай, Алены Острыкавай, Святланы Свярчковай, Аляксандра Батуры і многіх іншых. Вясёлкаўцы не абмяжоўваліся толькі сустрэчамі ў сваім вузкім коле. Самадзейных аўтараў запрашалі на выступленні перад разнастайнымі слухацкімі аўдыторыямі, яны прымалі ўдзел у пасяджэннях абласнога клуба аматараў слова «Жывіца», у злётах маладых паэтаў Міншчыны, на міжнародным фестывалі «Вецер удачы». Творы капыльскіх самадзейных аўтараў годна прадстаўлены ў зборніках «Бурштынавы россып», «Вясёлыя кропелькі», «Дыханне нябёсаў», «Пусть осень жизни будет теплой» і інш. У ліпені 2023 года ў раённым краязнаўчым музеі адбылася прэзентацыя кнігі «Бабушкины сказки, внучкины раскраски». Яе аўтар – Любоў Мотуз, якая з’яўляецца адной са старэйшых удзельніц літаратурнага аб’яднання «Вясёлка».
За кожным вершам ці апавяданнем стаіць аўтар, яго творчая натура, яго светапогляд і імкненне запаліць вясёлкавы агеньчык дабрыні і любові да роднага краю.
Фота Сяргея КОЗЕЛА
Ядвіга Малевіч
Да юбілею літаратурнага аб’яднання «Вясёлка»
Юбілейных гадоў у «Вясёлкі»
ўжо шмат.
Павага ёй – са слоў вянок
залаты.
А каб не радзеў паэзіі сад,
Свой радавод множаць паэты.
І, як к чароўнаму магніту,
К паперы цягнецца рука.
І паэтычных слоў рака
Ўжо славіць сонейка зеніту.
Ужо славяць неба і зямлю,
Што шчаслівяць нашу долю,
Славяць зямлі нашай
спакой і волю
І слова шчырае: люблю.
Ядвіга МАЛЕВІЧ,
в. Дусаеўшчына
Комментарии