Арганізоўваючы чарговы сумесны рэйд, перш за ўсё хацелася пабачыць, што ўдалося зрабіць зацікаўленым асобам, каб выправіць некаторыя, адзначаныя падчас мінулага аб’езду горада, недахопы. Акрамя таго мы наведаліся па іншых адрасах, дзе зафіксіравалі як станоўчыя, так і адмоўныя факты.
Трэба адзначыць, што работнікі КУП «Капыльская ЖКГ» аператыўна сабралі і вывезлі смецце, якое складзіравалася на перакрыжаванні вуліц Вішнёвай і Цімкавіцкай. Хочацца спадзявацца, што на гэты ўчастак, які знаходзіцца паблізу такога важнага для капылян месца — помніка вызваліцелям горада — абавязкова звернуць увагу людзі, ад якіх залежыць эстэтычны выгляд Капыля, і пастараюцца яго добраўпарадкаваць. Знік і драўляны насціл, які выконваў ролю накрыўкі над каналізацыйным калодзежам на вуліцы Пралетарскай (побач з аддзяленнем Белдзяржстраху).
[caption id="attachment_52393" align="aligncenter" width="580"]
Ідзе добраўпарадкаванне ля ПМК-11[/caption]
Аднак аказалася, што ролю такіх накрывак у нашым горадзе выконваюць і фрагменты жалезабетонных агароджаў. Гэта мы мелі магчымасць назіраць у двары дома № 1 па вуліцы Партызанскай. Гэты двор суседнічае з аб’ектамі грамадскага харчавання: сталовай, рэстаранам, кафэ і складамі. Работнікі гэтых прадпрыемстваў (як і іншых) згодна з заканадаўствам павінны збіраць і здаваць на перапрацоўку другасныя матэрыялы, у асноўным гэта тычыцца паперы. Аднак, па ўсім відаць, на такі аспект дзейнасці ў райспажыўтаварыстве вялікай увагі не звяртаюць. Інакш чым можна патлумачыць тое, што з іх тэрыторыі асобы, якія вядуць бадзяжны лад жыцця, свабодна выносяць скрынкі з-пад тавараў і складваюць іх за агароджай. На выказаную заўвагу работнікі, якія займаліся выгрузкай тавару, толькі адмахнуліся: маўляў, а што мы зробім з гэтымі бамжамі! Хутчэй за ўсё такога меркавання прытрымліваюцца і камунальнікі, якія, відаць, звыкліся з тым, што на склоне ўздоўж абазначанай агароджы валяецца смецце. Хочацца звярнуць увагу і на стан пешаходнай дарожкі па вуліцы Замкавай. Асфальтавае пакрыццё парушана часам і вадой (яна ідзе над ухіл), і трэба вельмі пастарацца, каб, ідучы па ёй, не спатыкнуцца ці нават не зламаць нагу. І гэта ў самым цэнтры горада!
[caption id="attachment_52397" align="aligncenter" width="400"]
Так званы тратуар на вуліцы Замкавай[/caption]
Не лепшую карціну давялося бачыць на яго ўскраіне. Сапраўдны сметнік утварылі жыхары суседніх дамоў за агароджай, якая акружае тэрыторыю Капыльскага РБУ (былая ПМК-194). Тут і бытавое смецце, і рэшткі, вынесеныя з агарода, і будаўнічыя матэрыялы… Відаць, пра сорам людзі забыліся, а жывуць па прынцыпе: у маім двары прыгожа, а за плотам — хоць трава не расці.
[caption id="attachment_52396" align="aligncenter" width="580"]
«Непатрэбная» макулатура за агароджай аб’ектаў грамадскага харчавання[/caption]
Яшчэ на адным аб’екце спынілася вока: да магазіна «Родны кут» зусім нядаўна была пракладзена дарожка, якая яшчэ зіхаціць новенькім асфальтам. А вось упіраецца яна… у вялікую лужыну. Абслугоўвае гэты адрэзак вуліцы Цімкавіцкай ДРБУ № 124. Ды чаму б было не паклапаціцца і аб тым, каб засыпаць, калі не асфальтам, дык хоць шчабёнкай, гэтую лужыну, якая псуе ўвесь выгляд даволі прыгожай вуліцы.
[caption id="attachment_52394" align="aligncenter" width="580"]
«Вечная» лужына на вуліцы Цімкавіцкай[/caption]
Прывабнай падалася тэрыторыя ля ПМК-11, дзе ідуць работы па яе добраўпарадкаванні: заасфальтавана стаянка для аўтамабіляў, разбіты газон, пакладзена тратуарная плітка (гэтыя работы цалкам яшчэ не закончаны), і нават накрыўка для каналізацыйнага калодзежа выглядае вельмі сучасна і цывільна.
[caption id="attachment_52395" align="aligncenter" width="580"]
Такія накрыўкі на люкі на схіле каля дома № 1 па вуліцы Партызанскай[/caption]
Падводзячы вынікі рэйду, трэба сказаць, што ў нашым Капылі, як у жыцці — станоўчае суседнічае з адмоўным. Але хочацца, каб прыгажосць усё ж такі перамагала. Для гэтага мы ўсе павінны працаваць разам.
У РЭЙДЗЕ ЎДЗЕЛЬНІЧАЛІ:
Ігар ЧАРКАС,
начальнік Капыльскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя;
Маргарыта САКОВІЧ,
намеснік галоўнага рэдактара газеты «Слава працы»
Фота Маргарыты САКОВІЧ