Усё жыццё настаўніка Капыльскай дзіцячай школы мастацтваў Льва Канапляніка, яго мары і памкненні звязаны з музыкай.

Леў Міхайлавіч успамінае, што ў сярэдняй школе № 2 г. Капыля, дзе ён вучыўся, быў вакальна-інструментальны ансамбль, і для яго, вучня пачатковых класаў, самай вялікай асалодай з’яўлялася магчымасць трапіць на рэпетыцыю. Сярод інструментаў заўсёды перавагу аддаваў гітары, майстэрства ігры на ёй адточваў у Маладзечанскім музычным вучылішчы. Атрымаўшы прафесію, у 1981 годзе вярнуўся ў родны горад і пачаў вучыць дзяцей ігры на любімым інструменце. Затым быў Мінскі інстытут культуры, пасля заканчэння якога ён атрымаў спецыяльнасць «кіраўнік самадзейнага духавога і эстраднага аркестра».
У пачатку 90-х гадоў Леў Канаплянік арганізаваў невялікі дзіцячы ансамбль. Сёння — гэта ўжо досыць вялікі эстрадны калектыў, са сваім цікавым рэпертуарам, значнымі дасягненнямі, перамогамі і ўзнагародамі. Самая важкая — званне «ўзорны», якое калектыў атрымаў дзесяць гадоў таму і ўвесь час паспяхова пацвярджае.
За гады існавання аркестра праз яго прайшло нямала хлопчыкаў і дзяўчынак, і кожны з іх пакінуў свой след у культурнай спадчыне. І адбываецца гэта дзякуючы нястомнай працы педагога, які вучыць дзяцей не толькі любіць музыку, але і быць сапраўднымі грамадзянамі сваёй краіны. Няма сумненняў, што выхаванцы Льва Міхайлавіча за гады працы ў аркестры здабываюць такія якасці характару, як настойлівасць, працавітасць, уменне даводзіць справу да канца, акрамя таго яны творчыя і тонкія асобы, здольныя ва ўсім бачыць прыгажосць. І ў гэтым заслуга педагога, музыканта, які мае значны пералік узнагарод і дасягненняў. Апошняе з іх — званне «Чалавек года Міншчыны», віншаванні з якім Леў Канаплянік прымаў літаральна на мінулым тыдні. Сціплы па натуры, Леў Міхайлавіч не лічыць, што ў гэтым толькі яго заслуга:
— Мне, безумоўна, вельмі прыемна, што маю дзейнасць так высока ацанілі, але лічу, што ў гэтым заслуга ўсяго нашага калектыву. Разам са мной з аркестрам зай-маюцца канцэртмайстры Марына Сільвановіч, Алена Валчкевіч, Дзмітрый Масілевіч, Багдан Шыпай, Андрэй Канаплянік. Заняткі праходзяць і індывідуальна, і з групамі выканаўцаў, якія іграюць на аднатыповых інструментах, двойчы на тыдзень мы праводзім агульныя рэпетыцыі. Шмат працуе з вакалісткай Настассяй Карповіч і педагог Таццяна Ермаловіч.
Толькі дасведчаныя людзі могуць ведаць, што для кожнага інструмента Леў Міхайлавіч павінен напісаць сваю партыю, дакладна прадумаць аранжыроўку твора, каб надаць мелодыі тую дасканаласць і лёгкасць, якія адчуваюцца падчас кожнага выступлення калектыву.
«Яны ігралі, нібы ў апошні раз…», — так ахарактарызавалі выступленне юных музыкантаў на першым Міжнародным конкурсе джазавай і эстраднай музыкі «JAZZ-TIME», які адбыўся ў 2008 годзе і не проста прынёс перамогу капылянам, але і ўмацаваў іх кіраўніка ў правільнасці абранага напрамку дзейнасці. І такіх конкурсаў і перамог у жыцці калектыву пасля было нямала: практычна з кожнага чарговага «JAZZ-TIME» яны вярталіся з узнагародай.
Падтрымліваюць бацькава захапленне музыкай і сыны Льва Міхайлавіча — старэйшы Андрэй і малодшы Алег (абодва закончылі Дзіцячую школу мастацтваў і музычнае вучылішча). Добра вядомы аматарам душэўнай песні дуэт братоў Канаплянікаў — Льва і Барыса, якія на працягу многіх гадоў з’яўляюцца ўпрыгажэннем шматлікіх канцэртаў. Дарэчы, захапленне бардаўскай песняй — гэта асобная, вельмі прыемная старонка ў жыцці Льва Канапляніка. І ўвогуле складваецца такое ўражанне, што любая справа, за якую бярэцца гэты надзвычай таленавіты, тонкі і інтэлігентны чалавек, асуджана на поспех, таму што робіцца яна ад усёй душы.
Маргарыта САКОВІЧ
Фота Крысціны ЖОГАЛЬ