Ці павінна быць у чалавека мэта? На гэта пытанне дырэктар ААТ «Старыца-Агра» Уладзімір Рудакоўскі адказаў сцвярджальна. Толькі проста планаваць будучае, на яго думку, недастаткова. Трэба абавязкова прыкладаць намаганні, каб задуманае ажыццявілася.

Так і ідзе ён па жыцці: старанна працуе над рэалізацыяй пастаўленых задач. Нядаўна Уладзімір Рудакоўскі стаў лаўрэатам звання «Чалавек года Міншчыны-2018». Пра гэта ён, вядома, не марыў, але для таго, каб ААТ «Старыца-Агра» дасягнула высокіх вытворчых паказчыкаў, яго дырэктар амаль за 15 гадоў працы ў сельгас-прадпрыемстве паспеў ажыццявіць не адну сваю мэту… А дапамагалі яму, безумоўна, спецыялісты і працаўнікі сельгаспрадпрыемства. За ўвесь гэты час Уладзімір Анатольевіч зарэкамендаваў сябе як дысцыплінаваны, ініцыятыўны кіраўнік, які ведае сельскагаспадарчую вытворчасць і валодае высокімі арганізатарскімі здольнасцямі. Ён адрозніваецца ўменнем бачыць перспектыву развіцця аграпрамысловага комплексу і ў няпростых сацыяльна-эканамічных умовах дабівацца найбольшых поспехаў пры мінімальных матэрыяльных выдатках. Нездарма сельгаспрадпрыемства, якое ён узначальвае, добра вядома не толькі ў нашым раёне, вобласці, рэспубліцы, але нават і за яе межамі. За шматгадовую добрасумленную працу ў аграпрамысловым комплексе, асабісты ўклад у развіццё сельскагаспадарчай вытворчасці Капыльскага раёна ў лютым 2013 года У.А. Рудакоўскі ўзнагароджаны медалём «За працоўныя заслугі».
Уладзімір Анатольевіч пра сваю любімую працу можа расказваць бясконца. Ён не любіць сядзець у кабінеце, большую частку працоўнага часу праводзіць на фермах, палях, сустракаючыся з працаўнікамі. І ўвогуле з усім насельніцтвам, якое ў сваю чаргу вельмі давярае яму. Невыпадкова Рудакоўскі неаднойчы выбіраўся дэлегатам Усебеларускага народнага сходу, дэпутатам Мінскага абласнога і Капыльскага раённага Саветаў дэпутатаў. Вырашаць набалелыя пытанні землякоў ён імкнецца незалежна ад графіка прыёму, да кожнага знаходзіць свой падыход.
А яшчэ Уладзімір Анатольевіч любіць сваю малую радзіму. Нарадзіўся ён у Роспах, што на мяжы з Уздзенскім раёнам. Сімвалічна, што з нядаўняга часу землі, на якіх размешчана родная вёсачка, уваходзяць у склад сельгаспрадпрыемства, што ён узначальвае. Таму магчымасць пабываць у мілых сэрцу мясцінах бывае амаль кожны дзень. Любоў да зямлі маладому чалавеку прывілі бацькі: Анатоль Ануфрыевіч працаваў брыгадзірам мясцовай паляводчай брыгады, а Леаніда Фёдараўна прысвяціла сябе навучанню дзяцей у Мрочкаўскай пачатковай школе. Землі, дзе жыла сям’я Рудакоўскіх, былі забалочаны. Таму ў юнага Валодзі з’явілася думка што-небудзь зрабіць для іх паляпшэння. Ён прымае рашэнне паступаць на факультэт гідрамеліярацыі Беларускай сельгасакадэміі. Пасля заканчэння малады спецыяліст вяртаецца на Капыльшчыну. Працаваў майстрам, прарабам, галоўным інжынерам, а потым і дырэктарам ПМК-11, якая займалася меліярацыяй. Затым нейкі перыяд — начальнікам упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама. І вось з 2004-га ўзначальвае ААТ «Старыца-Агра».
Званне «Чалавек года Міншчыны-2018» Уладзімір Рудакоўскі нясе горда. Ён успрыняў яго як высокі давер. Яго ўзнёслы настрой падтрымалі жонка Наталля Віктараўна, сыны Уладзімір і Аляксандр з жонкамі Алёнай і Марыяй. Радуюцца за поспехі любага дзядулі шасцёра ўнукаў: Піліп, Уладзімір, Ангеліна, Аліна, Таццяна і Паліна.
Сяргей КОЗЕЛ
Комментарии