Некалькі гадоў таму ў пасёлку Кісялі (каля Сунаёў) была знойдзена пліта з магілы Томаша Наркевіча-Ёдкі. Менавіта ім пабудавана Свята-Георгіеўская царква ў суседняй в.Пукава (Камсамольская) у 1857 годзе. Рэшткі сядзіб і сёння вабяць сваімі лабірынтамі і захоўваюць мноства таямніц.
І жыў тут багаты пан па прозвішчы Пук
Вядомы беларускі пісьменнік і краязнаўца XIX стагоддзя Павел Шпілеўскі пісаў так: «Пукаў – невялікая вёска, з царквой; ён акружаны балотамі і незлічонымі пратокамі, з якіх многія ўпадаюць у раку Случ. Паблізу Пукава нямала засценкаў з самымі характарыстычнымі назвамі, якія носяць сляды старажытнасці…» Як бачым, падарожнік не мог не адзначыць асаблівы каларыт гэтага жывапіснага мястэчка на Капыльшчыне. Сапраўды, Пукава – гэта край старажытных храмаў, выдатных сядзіб і іх высакародных гаспадароў. Але аб усім па парадку…
[caption id="attachment_122273" align="alignnone" width="840"]

■
Рэшткі паркавага павільёна. Выгляд ад дарогі, 2021 г.[/caption]
Некаторыя звесткі распавядаюць пра тое, што тут калісьці жыў багаты пан па прозвішчы Пук – ад яго і пайшла гэта назва. З пункту гледжання тапанімікі, сапраўды, Пукава належыць да групы назваў, утвораных ад імёнаў уласных. Аднак на старонках гістарычных дакументаў з гэтым месцам звязаны некалькі іншыя асобы.
У XVI і XVII стагоддзях гісторыя Пукава, як і ўсёй капыльскай зямлі, была звязана з імёнамі князёў Алелькавічаў і Радзівілаў. Пукава мае свой выдатны артэфакт, які адносіцца да той эпохі, – гэта манета «Орт» 1621 года чаканкі, якую знайшоў каля пукаўскай сядзібы мясцовы краязнаўца Мікалай Быль. На аверсе гэтай манеты профільны партрэт караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта Вазы, а на рэверсе – герб Рэчы Паспалітай. Манета адносіцца да ліку значных наміналаў свайго часу (утрымлівала ~5,6-5,8 грама срэбра), а значыць, належаць яна магла заможнаму чалавеку.
Вёска належала… князям Нойбургскім
Дзіўная старонка гісторыі Пукава адносіцца да пачатку XVIII стагоддзя. Бо тады вёска належала… князям Нойбургскім. Так-так, менавіта гэтай дынастыі з нямецкага княства Нойбург. Гэта адбылося з-за своеасаблівай «шлюбнай палітыкі» Багуслава Радзівіла, якому ў XVII стагоддзі належалі капыльскія і слуцкія землі. Будучы ізгоем на сваёй у асноўным каталіцкай радзіме, ён хацеў выдаць адзіную дачку Людвіку Караліну за нойбургскага князя Карла Піліпа. Натуральна, нойбургскія князі не збіраліся вылазіць са сваіх карэнных уладанняў дзеля нованабытых зямель на ўсходзе. Аднак, каб не ўпусціць ад іх выгаду, яны аддавалі перавагу здаваць іх у арэнду мясцовым шляхцічам з Вялікага Княства Літоўскага. У Пукаве такі арандатар згадваецца ў 1731 годзе – ім быў Францішак Друцкі-Любецкі.
У 1744 годзе Радзівілы нясвіжскай лініі ўсё ж такі «вымучылі» сабе ў судовым парадку капыльскія ўладанні нойбургскіх князёў, а разам з імі і Пукава. Доўгі час мястэчка належала менавіта гэтаму слаўнаму прозвішчу. Але ў пачатку XIX стагоддзя з-за вядомых авантур князя Дамініка Радзівіла яны былі вымушаны расстацца са значнай часткай сваіх уладанняў. У іх ліку было і Пукава, якое перайшло дваранскаму роду Наркевічаў-Ёдка.
[caption id="attachment_122274" align="alignnone" width="840"]

■
Будынак гаспадарчага двара – свіран. Агульны выгляд з поўдня[/caption]
Сядзіба для душы
Будаўніцтва сядзібы пачаў у 1846 годзе малады памешчык Томаш Наркевіч-Ёдка. У першую чаргу быў пабудаваны аднапавярховы цагляны сядзібны дом, да якога ўшчыльную прылягалі з аднаго боку выдатны пейзажны парк, а з другога – фруктовы сад. Парк сядзібы быў акружаны вялікай каменнай агароджай з палявых валуноў, а таксама месцамі маляўнічай воднай сістэмай. Праз парк у сядзібу вяла ўязная алея, у якой было ўзведзена ледзь не неагатычных формаў збудаванне – двухпавярховы паркавы домік-альтанка. Яго другі паверх уяўляў сабой утульную галерэю пад чатырохсхільным дахам на дзевяці калонах, пад якой гаспадары сядзібы, напэўна, любілі выпіць гарбаты або паспытаць свежых фруктаў са свайго саду. У самым цэнтры парку знаходзілася пабудова, якую з лазняй было пераблытаць значна лягчэй. Гэта была сядзібная аранжарэя, печы якой круглы год падтрымлівалі ў ёй тэмпературу ў раёне 20 градусаў. У савецкі час яе ператварылі ў калгасную лазню.
У сядзібным доме Наркевіч-Ёдка сабраў вялікую антыкварную бібліятэку, а таксама калекцыю разнастайных прадметаў мастацтва ад эксклюзіўных сталовых набораў да бронзавай дэкаратыўнай скульптуры.
Лепшы гаспадарчы двор на мяжы XIX-XX стагоддзяў
Томаш Наркевіч-Ёдка стварыў у сваёй сядзібе не толькі цудоўны культурны, жылы і рэкрэацыйны комплекс, але і лепшы ў сваім рэгіёне гаспадарчы двор. Арганізацыя сельскагаспадарчай вытворчасці ў Пукаве ў XIX-пачатку XX стагоддзя была настолькі дасканалай, што гэты маёнтак з’яўляўся адным з прызнаных лідараў па вытворчасці збожжа ва ўсім Ігуменскім павеце Расійскай імперыі.
Для добрых ураджаяў было неабходна адпаведных памераў гумно, куды б звозілі снапы. І ў 1850 годзе гэта грандыёзнае для свайго часу збудаванне плошчай 1600 (!) квадратных метраў было ўзведзена. Тарцовыя сцены будынка ўяўлялі сабой каменны масіў з часаных валуноў. З таго ж матэрыялу былі складзены мятровай таўшчыні апорныя слупы, паміж якімі ўкладваліся часаныя брусы. Уезд у гумно ажыццяўляўся праз двухстворкавыя дзверы з каванымі кольцамі, а на дзвярах была дата будаўніцтва.
У гэты ж час будуецца і іншае, меншых памераў, гумно, у якім павінна было захоўвацца сена. Тэхналогія будаўніцтва была той жа – на аснову з больш чым мятровай таўшчыні апорных слупоў з валуноў укладваліся часаныя бярвёны. Каб мець на сваёй сядзібе «запас» збожжасховішчаў, гаспадар вырашыў пабудаваць яшчэ два дадатковыя свірны.
Яшчэ адна частка гаспадарчага двара размяшчалася амаль насупраць сядзібнага дома. Па-першае, тут была канюшня, пабудаваная некалькі пазней за астатнія будынкі – у 1858 годзе. Мяркуючы па яе размяшчэнні ў маёнтку, у ёй знаходзіліся не толькі рабочыя, але і панскія выязныя коні. Таксама там маглі размяшчацца экіпажы гасцей Наркевічаў-Ёдка. Для захоўвання садавіны і агародніны будуюцца так званыя скляпы з некалькіх камер. Сёння на сценах гэтых падзямелляў можна заўважыць кручкі, што наводзіць на думку аб захоўванні тут і туш хатняй жывёлы. Непадалёк яшчэ адна цікавая і акуратная гаспадарчая пабудова з чырвонай цэглы пад гонтавым дахам. У савецкі час тут зладзілі нешта накшталт бойлера, а што было тут пры Наркевічах-Ёдка – застаецца загадкай. Магчыма, невялікі спіртзавод.
У 1920 годзе на базе панскай гаспадаркі арганізаваны калгас «Баявік». А ў маёнтку створаны лагер ВЧК, дзе ўтрымліваліся контррэвалюцыйныя элементы. Зняволеных трымалі ў гаспадарчай пабудове былой сядзібы. Затым лагер стаў папраўчай калоніяй-паселішчам.
Царква Святога Георгія
Томаш Наркевіч-Ёдка, будучы каталіком, не паскупіўся на будаўніцтва ў вёсцы выдатнага праваслаўнага храма. Старая пукаўская царква згадвалася ў інвентарах яшчэ ў 1800 годзе (тады яна належала ўніятам) і з тых часоў ужо струхлела. І вось у 1857 годзе на яе месцы будуецца новы прасторны каменны храм ва ўнікальным спалучэнні стыляў: класіцызму, рэтраспектыўна-рускага і нават дзесьці неаготыкі, які асвяцілі ў імя Святога Георгія. Другі падобны храм у Беларусі знайсці складана!
Ахоўваюцца дзяржавай
Сёння на месцы сядзібы захаваліся толькі дом, у якім жыў кіраўнік маёнтка, паркавы павільён, тры гаспадарчыя пабудовы, пакінуты сад, каменная сцяна-агароджа, падземныя скляпы-камеры. Пабудовы знаходзяцца ў в. Сунаі і з’яўляюцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю 3-й катэгорыі, уключанай у Дзяржаўны спіс Рэспублікі Беларусь, ахоўваюцца дзяржавай.
Падрыхтавала Таццяна БОХАН