Летась тут быў абсталяваны адзін з буйнейшых фазанарыяў у Беларусі — на плошчы 1,5 га можа адначасова знаходзіцца каля трох тысяч птушак.
За мінулы год было завезена 400 птушак розных узростаў — з Валожына і Гродна. А гэтаму папярэднічала напружаная амаль паўгадовая праца па абсталяванні вальераў для будучых насельнікаў. Адметна, што практычна ўсё было выканана сваімі сіламі.

Як і звычайная хатняя птушка, фазаны любяць дзяўбці зерне — у 7-літровыя кармушкі ім засыпаюць зернесумесь, якая складаецца з пшаніцы (40%), ячменю (40%) і кукурузы (20%). Рацыён дапаўняецца камбікормам, агароднінай і зелянінай, ёсць пастаянны доступ да вады.
Фазанарый раздзелены на некалькі частак: матачнае аддзяленне, вальеры і інкубатар. Самую вялікую частку займае вальер, у якім жывуць птушкі, што будуць выкарыстоўвацца для палявання. Ён пабудаваны накшталт «зімовага саду»: з бетонных і драўляных канструкцый, над вальерам нацягнута сетка, якая не дазваляе птушкам павылятаць. Для фазанаў тут створаны ўмовы, максімальна прыбліжаныя да натуральных. Ёсць і магчымасць схавацца ад непагадзі пад спецыяльна абсталяванымі павецямі.

Матачнае аддзяленне — гэта 20 клетак, у кожнай з якіх жывуць па восем самак і два самцы. Несціся фазаны пачынаюць у сярэдзіне красавіка і да сярэдзіны ліпеня. Дарэчы, адна птушка можа адкладваць да 100 – 120 яек у год.
Зараз ідуць работы па абустройстве інкубатара. Тут будзе стаяць спецыяльнае абсталяванне для паспяховага праходжання інкубацыйнага перыяду. Прадугледжваецца стварэнне камфортных умоў для фазанят. Іх будуць вырошчваць на працягу 2,5 – 3 месяцаў, а затым перасяляць у вальеры на вуліцы. Інкубатар плануецца запусціць да пачатку яйкакладкі — да красавіка. Усяго да канца года плануюць павялічыць пагалоўе да 2 – 3 тысяч асобін.
Зараз у Капыльскім лясгасе займаюцца вырошчваннем фазана звычайнага, але ў будучым мяркуюць разводзіць і іншыя віды гэтай птушкі, напрыклад, каралеўскага, японскага і вушастага. Першае паляванне плануюць правесці ўжо ў бягучым годзе. З коштам паляўнічых пуцёвак яшчэ не вызначыліся, але ў Капыльскім лясгасе ўпэўнены ў перспектыўнасці гэтай справы.
А яшчэ выдзелены вальер для самца і самкі лані еўрапейскай, якія тут ужо абаснаваліся і адчуваюць сябе выдатна.
Маргарыта САКОВІЧ