Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

Копыль – город-загадка: что скрывают холмы райцентра

22.08.2026

Капыль… Ці любіце вы яго так, як люблю яго я? Ці ведаеце, за што яго можна любіць? Магу вас пераканаць: гэта зусім не такі просты горад, як здаецца на першы погляд.

Гэты горад – загадка. І самыя цікавыя старонкі яго гісторыі можа спасцігнуць толькі той, хто шчыра раскрывае сваё сэрца. Кожны крок па капыльскай зямлі – крок па гісторыі, калі ты насамрэч адчуваеш яе подых. «Не знаю, видел ли кто-либо из моих читателей мой милый родной городок Копыль, слышал ли о его существовании; но те, кто его видели, вряд ли поверят, что этот маленький, бедный, невзрачный городок имел за собою великое прошлое, что он еще в XVII веке был столицею литовских князей Лелевичей из дома Ольгердов. А между тем это несомненный исторический факт, и поныне еще вблизи самого города горделиво красуется высокая конусообразная гора, окруженная внизу рвом и валом, прозванная Замок, на которой видны остатки средневекового рыцарского замка – немые свидетели былой славы», – так пісаў у ХІХ стагоддзі вядомы публіцыст Абрам Паперна, які нарадзіўся ў нашым Капылі ў 1840 годзе. Уявіце сабе: Капыль – і сталіца княства. Але з цягам часу гэта пачэснае званне ён саступіў суседняму Слуцку.

Шмат цікавага пра мястэчка ведала мая бабуля Зінаіда, якая паходзіла з тых самых капыльскіх мяшчан, карэнных жыхароў. Прозвішча ў яе было таксама капыльскае – Чарнушэвіч, па-мясцоваму – Апанасікі (у гонар бацькі Апанаса, шлях якога згубіўся недзе ў 30-х гадах ХХ стагоддзя, бо меў няшчасце разам з братам Нічыпарам быць арыштаваным).

Менавіта бабуля расказвала пра тое, што сінагога знаходзілася ў цэнтры горада, там, дзе зараз магазіны «Мясничок» і прамысловых тавараў. Тут жа раней збіраліся капыляне і гандляры падчас кірмашоў. За што плошчу па-народнаму і празвалі Брахалаўкай. Татарская мячэць размяшчалася прыкладана ў раёне сучаснай гарадской лазні, таму і могілкі татараў побач. А на гару па вуліцы Партызанскай у час непагадзі коні з павозкамі не маглі ўз’ехаць, бо занадта круты быў пад’ём. Пра рэальныя перапады рэльефу нагадваюць хаткі, змешчаныя ўздоўж вуліцы Партызанскай, звярніце ўвагу. Недзе ў 30-х гадах таго ж ХХ стагоддзя бабуля вельмі спяшалася на работу, а працавала яна сакратаром-машыністкай у адной з кантор у цэнтры Капыля. Жыла сям’я тады на вуліцы Калгаснай (зараз 50 гадоў БССР). Ісці прыйшлося па Трактарнай. А гэта тыя ж самыя пагоркі. Надвор’е стаяла снежна-даждлівае, таму дарога аказалася надзвычай размытая – ніякага асфальту тады не было. І як ні спяшалася бабуля, усё ж такі спазнілася хвіліны на тры. З работай прыйшлося развітацца – ніхто нічога слухаць не хацеў.

Калі праходжу па капыльскіх пагорках, часта задумваюся: а якім ён быў, мой Капыль? Якім быў замак? Пытанняў шмат – і прастора для фантазіі, якая захоплівае ўражанне, імчыць некуды далёка наперад у мінулае. Дзякуючы супрацоўніцтву з гісторыкам Мікалаем Марозам удалося ўбачыць карту мястэчка пачатку ХІХ стагоддзя і інвентар-апісанне з указаннем, дзе і што знаходзілася. Вось гэта сапраўдная прастора для даследванняў! Глядзіш на схемы вуліц, спрабуеш знайсці хоць што-небудзь знаёмае – і нібы апынаешся там, сярод гандляроў-яўрэяў, татараў, што выраблялі скуры, беларусаў-мяшчан, чуеш не зусім зразумелую кравецкую мову. Учытываешся ў літары ў надзеі адшукаць тых самых Чарнушэвічаў ці Курыльчыкаў (прозвічша прабабкі). І здаецца – вось, знайшла месца, дзе знаходзілся іх хаты. Гісторыя не адпускае, а нібы заманьвае ўсё далей і далей…

А нядаўна перачытала артыкул-прызнанне ў любові гораду вядомага старэйшаму пакаленню капыляніна, былога намесніка начальніка міліцыі Рыгора Барысава: «Я очень люблю свой родной город, в котором я учился, работал учителем, состоялся как профессионал-милиционер. Город, который дал мне толчок к профессиональному росту. Я с замиранием в душе проезжаю по гористым улочкам, где мне знаком каждый дом и каждый переулок». Падпісваюся пад кожным словам. Са святам, мой родны Капыль! 

Фота аўтара. Калаж Ганны МАТУСЕВІЧ

 


Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей