Home
Пятница 23.05.2025 16:24

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

Рядом - единомышленники и профессионалы

У рэдакцыі я працую амаль 13 гадоў. Многа гэта ці мала – цяжка сказаць, бо, здараецца, адзін дзень можна палічыць адразу за тры.

Пачынала на замене так званага «дэкрэтнага» звычайнага карэспандэнта. Але з цягам часу падымалася на прыступачку вышэй.

05.05.2025

Добрымі ўрокамі не толькі журналісцкага майстэрства, але і жыццёвай мудрасці былі заўвагі былога галоўнага рэдактара Марыі Шэінай. Не заўсёды проста іх удавалася прыняць, але яны мелі сваю рацыю.

І вось ужо крыху больш за тры гады я сама ўзначальваю рэдакцыю. Наколькі добра ўдаецца спраўляцца з абавязкамі – судзіць чытачам. Змяняецца час, а разам з ім – і патрабаванні да газеты. Трэба хутка рэагаваць на навіны, каб не апынуцца апошнім інфарматарам. Трэба своечасова сачыць за сацыяльнымі сеткамі, дапамагаць вырашаць праблемы насельніцтва. Але ўсё не так складана, калі побач калегі-аднадумцы, на якіх можна абаперціся. А ў рэдакцыі працуюць менавіта такія. Кожны – асоба, прафесіянал, творца.

Любое даручэнне з упэўненасцю, што яно будзе выканана якасна і аператыўна, можна даць намесніку Таццяне Бохан, якая акрамя творчага патэнцыялу, валодае і добрымі арганізатарскімі здольнасцямі. «Наймудрэйшы» – так з вялікай павагай мы называем нашага карэспандэнта Сяргея Козела. У яго скарбонцы – веды не толькі рускай і беларускай моў, але і самых розных напрамкаў. Знайсці падыход амаль да кожнага (роўна, як і зрабіць добры здымак) можа фотакарэспандэнт Наталля Давыдзенка. Журналісцкую сцяжынку выбрала і яе дачушка Анастасія. Кажуць, двойчы ў адну ваду не зайсці. Аднак прыклад адказнага сакратара Аксаны Міхайлоўскай гэта абвяргае: паспрабаваўшы настаўніцтва, яна (дзякуй богу) вярнулася ў рэдакцыю. Новыя гарызонты работы ў рэдакцыі адкрыла і Маргарыта Саковіч, якая з лёгкасцю сумясціла аператарскую і карэктарскую спецыяльнасці. З ліку так званых навічкоў – рэдактар інтэрнэт-рэсурсу Таццяна Захарэвіч, стаж якой крыху больш за год. Трэба адзначыць, што Таццяна – эканаміст па адукацыі, аднак яе ўменне ствараць тэксты, упэўнена, прыйшлося да спадобы чытачам.

За фінансавы дабрабыт адказваюць бухгалтэрыя і аддзел рэкламы. Пашанцавала рэдакцыі і з галоўным бухгалтарам Валянцінай Юруц, і з бухгалтарам-касірам (а па сумяшчальніцтве кветкаводам-дызайнерам) Вольгай Лосевай, і з эканамістам Вікторыяй Кажурай, і са спецыялістам па рэкламе Святланай Апанасчык. Кожны – моцны прафесіянал.

Праз шмат гадоў пад дах рэдакцыі вярнулася і Наталля Мілешка, якая зараз займае пасаду загадчыка вытворчага аддзела. Калі трэба выканаць заказы, яна, не шкадуючы асабістага часу, робіць гэта якасна і скрупулёзна. З ёй побач яшчэ адзін навічок – аператар ЭНВ Наталля Русецкая, для якой праца ў газеце наогул нешта вельмі новае, аднак і цікавае. Амаль тры месяцы, як асвоіў друкарскую справу Раман Плячышчык, у чые абавязкі часова ўваходзіць і кіраванне аўтамабілем. Нельга не адзначыць яго шчырае імкненне да парадку ўсюды і ва ўсім.

А якая рэдакцыя без аператараў ЭНВ, так званых вярстальшчыкаў! Алена Другаль мае неабсяжныя стаж і вопыт працы. Калі яна пачынае расказваць пра лінатып – машыну, на якой раней набіралі тэксты для газеты, – толькі дзіву даешся: як гэта можна было агораць! Зараз Алена Іванаўна не толькі стварае раёнку, але і шчыра сочыць за музейнай экспазіцыяй, праводзіць экскурсіі для школьнікаў, вучыць маладога спецыяліста Паліну Леанавец.

А дзякуючы намаганням Алены Ждан у кабінетах рэдакцыі і за іх межамі пануюць парадак і ўтульнасць.

Напярэдадні юбілею нельга не ўспомніць пра тых, з кім пашчасціла працаваць. Гэта і былы адказны сакратар Уладзімір Скрыпінскі, і амаль аграрны эксперт Крысціна Жогаль, і надзвычай крэатыўны Павел Шэін, і надзейная Таццяна Савіцкая. Асобныя словы ўдзячнасці – былому друкару Аляксандру Лукашэвічу. Яго ўзаемаадносіны з друкарскай машынай, часам, нагадвалі сямейныя «разборкі»: то гучалі рознага характару словы, то грукала нейкае жалеза, а потым наступала цішыня... Але ў выніку мы мелі прыгожыя старонкі газеты. Чаго гэта каштавала абаім – ведаюць толькі яны.

Час не стаіць на месцы. Разам з ім мяняецца і газета. Каб яна была больш прывабнай і сучаснай, суботні нумар мы друкуем у колеры. А за сераду па-ранейшаму яна застаецца чорна-белай. Такім чынам мы захоўваем традыцыі і дбаем пра сучаснасць.
І кожны новы дзень працы ў рэдакцыі – гэта новыя іспыты і экзамены на трываласць, якія потым ператвараюцца ў цікавыя ўспаміны.


Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей