Нягледзячы на пераменлівае надвор’е ў гаспадарках раёна працягваецца нарыхтоўка кармоў, у тым ліку і закладка сенажа. Вядома ж, высокія тэмпературы не павінны адбіцца на якасці масы, якая закладваецца. Таму пільная ўвага надаецца зараз праверцы захавання ўсіх неабходных параметраў.
Пры закладцы сянажных траншэй вельмі важна кантраляваць асноўныя паказчыкі, якія характарызуюць якасць будучага сенажу. Групы для аператыўнага даследавання і кантролю нарыхтоўваемых кармоў рэгулярна выязджаюць у сельгаспрадпрыемствы раёна. Іх задача — пільна сачыць за захаваннем тэхналогіі здрабнення масы, яе трамбаваннем, тэмпературай і вільготнасцю.

Вопытныя спецыялісты ўжо з першага погляду бачаць усе хібы, а ўпэўніцца ў сваіх уражаннях дапамагаюць прыборы. Ветурач біяхімік-таксіколаг Капыльскай райветстанцыі Святлана Брадунова, за работай якой днямі давялося паназіраць, ужо шмат гадоў падчас корманарыхтоўкі выязджае ў гаспадаркі. І заўсёды бярэ з сабой электронны шчуп-тэрмометр, штыр якога (даўжынёй больш за метр) стараецца як мага глыбей уваткнуць у спрасаваную зялёную масу.
[caption id="attachment_103113" align="aligncenter" width="840"]
■ Ветурач райветстанцыі святлана Брадунова з в.а. галоўнага ветурача ААТ «Прагрэс 2010» Дзмітрыем Рудзенем правяраюць якасць сенажа[/caption]
— Тэмпература тут у норме (32 градусы з дапушчальных 37), вільготнасць таксама (55%), — каменціруе Святлана Уладзіміраўна стан спраў на сянажнай яме, якая закладзена на ўчастку «Навасёлкі» ААТ «Прагрэс 2010». — Шчуп тэрмометра паглыбіўся недзе на паўметра, а значыць велічыня рэзкі травяной масы і яе трамбоўка добрыя.

— Траншэя пабелена, пад’язныя шляхі да яе высланы саломай, своечасова была падрыхтавана да закладкі новага сенажу. Вядзецца і ўся неабходная дакументацыя: пашпарт, акты па падрыхтоўцы траншэі і якасці нарыхтоўкі. Праўда, па словах спецыяліста, для трамбоўкі можна было б задзейнічаць тэхніку з большай вагой. Кантраляваў закладку выконваючы абавязкі галоўнага ветэрынарнага ўрача Дзмітрый Рудзеня.
[caption id="attachment_103110" align="aligncenter" width="840"]
■ На трамбоўцы траншэі ў ААТ «Прагрэс 2010» заняты механізатары Валерый Шыбут і Сцяпан Ляшкевіч[/caption]
Другі аб’ект, на якім мы ў гэты дзень пабывалі, на недахоп людзей, пэўна, «паскардзіцца» не мог. На МТФ «Лугавая» УП «ПІК-Лясное» кіпела работа: адзін за адным пад’язджалі МАЗы, трактары з прычэпамі, выгружалі здробненую зялёную масу ў траншэю і рушылі ў чарговы рэйс. А два пагрузчыкі старанна трамбавалі траву.
— Як бачыце, і тут тэмпература і вільготнасць у межах дапушчальнага (33 градусы, 52%), — тлумачыць, паказваючы лічбы на тэрмометры, Святлана Брадунова. — Трамбоўка добрая, вядзецца кругласутачна. Ёсць неабходная дакументацыя. Словам, усё робіцца, як трэба, каб мець высакаякасны корм для дойнага статка.
[caption id="attachment_103109" align="aligncenter" width="840"]
■ Механізатары на адвозцы зялёнай масы з УП «ПІК-Лясное» Уладзімір Новік і Уладзімір Астрэйка падчас абедзеннага перапынку[/caption]
Улік прывезенай зялёнай масы вяла спецыяліст Наталля Чаркова, якая адзначыла, што нарыхтоўка вядзецца актыўна пры захаванні ўсіх тэхналагічных патрабаванняў.
Так ужо атрымалася, што наведаныя ў гэты дзень гаспадаркі заўваг практычна не атрымалі. «Ці ўсюды такая карціна?» — пацікавіліся ў ветурача. «Ведаеце, сёлета, як ніколі, закладка сянажных траншэй вядзецца на высокім узроўні. Праўда, узнікалі некаторыя невялікія нюансы, але ў хуткім часе яны выпраўляліся. Праверкі абласных служб таксама праходзілі без заўваг», — запэўніла Святлана Уладзіміраўна.
Сяргей КОЗЕЛ