Ці верыце вы ў цуды? Я веру, бо ў мяне ў верасні адбылося іх некалькі. Першы – гэта паездка прыхаджан нашага храма ў Салігорск, каб пакланіцца машчам Георгія Перамаганосца. Я ўпершыню ўбачыла храм Нараджэння Хрыстова. Як знешне, так і ўнутры ён вельмі ўражвае. Такая веліч, прыгажосць, строгасць і дасканаласць формаў, багаты змест. Яму няма роўных. Але раскажу я пра другі цуд.
У цёплы сонечны і святочны дзень (Нараджэнне Багародзіцы Марыі) мы, настаўнікі-пенсіянеры, сабраліся каля будынка райвыканкама для паездкі на экскурсію ў музей “Дудуткі”.
Першым чынам мы заехалі ў Старыцкі мемарыял. Там стала вельмі прыгожа, выраслі дрэвы паабапал сцяжынак да помніка. Нас чакалі навучэнцы і вучні мясцовай школы. Яны расказалі нам пра Старыцкі бой, які адбыўся 1 лістапада 1942 г. Вельмі добра, што моладзь выхоўваюць патрыётамі. Мы сфатаграфаваліся з вучнямі каля помніка, усклалі кветкі, пакланіліся моўчкі воінам і партызанам за подзвіг у той жудаснай вайне.
Наш шлях ляжаў у “Дудуткі”. Сотні раз праязджалі мы з Мінска, у Мінск, бачылі ўказальнік пра музей, але пабываць там нам не давялося. І вось такое шчасце, проста цуд, такі падарунак нам!
“Дудуткі”— знакаміты ў Беларусі музей сялянскага побыту XIX-XX ст. Як і ўсюды, маляўнічая прырода. Адразу звярнулі ўвагу на храм і вятрак. Храм невялікі, але такі прыгожы, пабудаваны ў праваслаўным стылі, з залатымі купаламі. Жоўтыя бярвенні аж зіхацяць на сонцы. Храм Нараджэння Іаана Прадцечы. Зайшлі ў царкву. Службы не было, але мы напісалі запіскі, паставілі свечкі за сваіх родных, памаліліся на абразы.
Наступны прыпынак — млын-вятрак, які быў пабудаваны ў 1905 годзе. Ён можа дзейнічаць і зараз. Экскурсавод расказала нам пра будову млына, парадак работы, паказала яго. Млын вельмі высокі, па лесвіцы можна падняцца ўверх, але, на жаль, смельчакоў сярод нас не знайшлося. Узрост. Затым наведалі домік-гасцёўню млынара. Многія прадметы сялянскай хаты нам вядомыя з дзяцінства, але былі і незнаёмыя. Нам было цікава, і па звычцы тых далёкіх гадоў нас таксама пачаставалі хлебам, салам, цыбуляй і капустай. Усё смачнае. Экскурсавод сказала, что ўсё сваё, бо пры музеі ёсць вялікая гаспадарка: ёсць палеткі, гадуюцца парсючкі, каровы, коні, куры, качкі, гусі, авечкі… і нават паўліны і страусы. Мы дэталёва азнаёміліся з усімі рамёствамі і промысламі, што былі характэрны для беларускіх сялянскіх гаспадарак. Экскурсавод не раз падкрэслівала, якія былі разумныя, удалыя, дасціпныя, а галоўнае, працавітыя, сумленныя і добразычлівыя нашы продкі. Мы ведаем гэта на прыкладах сваіх матуль, бабуль і дзядуль.
Мы наведалі ўсе будынкі, дзе знаходзяцца рамёствы, а супрацоўнікі паказвалі свае ўменні. Цікава было назіраць за працай ганчара, ткача. Праца на кроснах складаная, патрабуе ўвагі, умення, спрыту і назіральнасці. А якія цудоўныя рэчы выраблялі і зараз вырабляюць майстры саломапляцення! Вочы разбягаліся ад хараства розных вырабаў. Многія купілі і сабе што-небудзь на памяць. А якія прыгожыя і складаныя вырабы з дрэва! Многа сувеніраў, можна заказаць асабістую рэч. Наведалі кузню, бровар. Нам расказалі падрабязна пра работу бровара, нават далі паспрабаваць канчатковы прадукт. Усім спадабаўся.
Былі ў хаце з беларускай печчу, якая прыгожа размалявана, там прыемна пахла хлебам, малаком. Паказалі ўсе прадметы: маслабойку, дзяжу, лапату, на якой хлеб і пірагі ў печ ставілі. І пачаставалі духмяным чаем з белым хлебам, сырам і маслам. Усё смачнае, можна і купіць, але цэны высокія. Напрыканцы пакаталі на брычцы. Добры конь, прасторная брычка, мяккія сядзенні – задавальненне супер, аж маладосць успомнілася.
Пазнаёміліся з паўлінамі, страусамі. Нам не хацелася адтуль ісці. Як добра, што ёсць у нас такі музей. Вялікі дзякуй яго дырэкцыі, усяму калектыву за гасціннасць, парадак, чысціню, утульнасць. Трэба туды часцей вазіць моладзь, вучняў, студэнтаў, каб яны ведалі, як жылі нашы продкі і не цураліся сваёй гісторыі, культуры і …працы.
З намі былі і нашы кіраўнікі: старшыня раённага Савета ветэранаў Людміла Камёнка, старшыня прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Марына Крэпская, старшыня раённага Савета ветэранскай арганізацыі педагогаў Валянціна Маліноўская. Мы ім вельмі ўдзячны за такі цуд. Пенсіянеры адпачылі, зарадзіліся энергіяй і забыліся пра ўзрост і хваробы.
Ларыса НІКАЛАЕВА, настаўніца-пенсіянерка, г. Капыль