Матуль і татаў, бабуль і дзядуляў — словам, усіх, хто ўваходзіць у сямейнае кола кожнага чалавека, сонечным днём віталі на раённым фестывалі сямейнай творчасці «У добрым родзе ўсе ў згодзе».
[caption id="attachment_67161" align="aligncenter" width="580"]

■ На сцэне - сям’я Нечэпурэнкаў[/caption]
Атмасфера сямейнай цеплыні і сапраўднай творчасці адчувалася ўжо ў фае РЦК, дзе на выставе былі прадстаўлены ўзоры творчасці мам, татаў, бабуль і, канешне ж, дзетак.
Вось свае работы прадстаўляе Ганна Аляксееўна
Корбут з унукамі Вікай, Кацяй і Сашам, якія завіталі на фестываль з Грозава.
— Без сумнення, я — любімая бабуля, — з усмешкай расказвае жанчына. — На жаль, бацькі Алена і Мікалай не змаглі прыехаць, бо занятыя, а я ўжо свабаднейшая, на пенсіі. На працягу жыцця працавала і заўгасам у школе, і дырэктарам клуба, і мастацкім кіраўніком. Зараз займаюся вязаннем, вышыўкай, раблю народныя беларускія лялькі. Ды і дзеткі самі вельмі творчыя. сашка ходзіць на гурток да настаўніка Грозаўскага ВПК д/с – СШ Ігара Дубіны, вучыцца вырэзваць па дрэве, дзяўчынкі дапамагаюць мне выпякаць розныя прысмакі. А я і зараз прымаю ўдзел у святочных мерапрыемствах, бо адчуваю сябе маладой.
Макет роднай вёскі, створаны з кардону, паказвае Алена
Ігнатчык з Цімкавічаў.
— Я працую ў Цімкавіцкай дзіцячай школе мастацтваў, але зараз знаходжуся ў водпуску па доглядзе за дзіцем і вельмі радая, што нас запрасілі на фестываль, — дзеліцца ўражаннямі Алена. — Творчасцю займаемся разам з сынам Даніілам, які вучыцца ў Цімкавіцкай СШ і наведвае Дзіцячую школу мастацтваў. Мы захоплены творчасцю. Плануем зрабіць хатку з галінак.
[caption id="attachment_67160" align="aligncenter" width="400"]

■ Сваю творчасць прадстаўляе Ганна Аляксееўна Корбут з унукамі[/caption]
Сям’я
Волкавых традыцыйна прадстаўляе семежаўскае ткацтва. Таццяна разам з сынам Раманам — за кроснамі, а побач з імі — бабуля Святлана Анатольеўна Пупейка, якая з’яўляецца сапраўдным майстрам-кулінарам.
Далей пра свае творчыя захапленні прадстаўнікі сямей расказвалі ўжо са сцэны.
— Наш фестываль прысвячаецца Году малой радзімы, — гаворыць вядучая свята супрацоўніца РЦК Любоў Галубовіч. — Усе мы ганарымся таленавітымі людзьмі Капыльшчыны, але мала задумваемся над тым, што мастацтва нараджаецца і, галоўнае, зберагаецца, нягледзячы на няўмольны бег часу, у родзе чалавека.
— Менавіта згода, узаемаразуменне, павага адзін да аднаго, агульныя інтарэсы і захапленні для ўсіх членаў сям’і сталі асноўнай падставай для таго, каб запрасіць на наш фестываль усе тыя сем’і, што прымаюць удзел у свяце, — дадае яе калега Людміла Давідоўская.
Вось сям’я
Нечэпурэнкаў з Быстрыцы. У прыгожых беларускіх народных касцюмах мама Любоў, тата Іван разам з дачушкамі Любай, Дашай і Лерай расказваюць пра тое, што Бацькаўшчына — гэта і ёсць сям’я, самае роднае, што мае чалавек.
Тэма захаплення прысядзібным дызайнам стала галоўнай у выступленні прадстаўнікоў сям’і
Хоміч з Бучаціна — мамы Наталлі і яе дачкі Паліны, а таксама Валянціны
Музыкі са Скабіна і дачок Ганны, Лізы, Марыі, якія, да таго ж, займаюцца і стварэннем тапіярыяў і арыгамі.
Пра жыццё ў згодзе ды ладзе расказала сям’я
Лысак са Старыцы. На свята завіталі матуля Вольга з дзеткамі Яраславам і Марыяй.
Дзверы ў цудоўны свет захапленняў, дзе кожны мае сваё хобі, расчынілі для прысутных члены вялікай і дружнай сям’і Міхаіла Міхайлавіча
Мароза з Бабоўні: дачка Настасся з мужам Андрэем і ўнучкі Юлія і Ксенія.
Прыехала на свята і цудоўная шматдзетная працавітая і творчая сям’я
Невядомскіх з Душава: мама Яна і яе дзеці Аляксандра, Віталь і Іван, а дома засталася яшчэ маленькая Стафанія.
Акружыла сваіх дзетак любоўю і пяшчотай Алена
Новік з вёскі Навасёлкі Цімкавіцкага сельсавета, якая ў гэты дзень усю сваю мацярынскую любоў выказала ў вершы, пры-свечаным дзеткам.
З Цімкавічаў завітала на свята сям’я
Гурыновіч: мама Юля і яе дачушкі Ангеліна і Дзіяна, якія на сваіх сямейных святах заўсёды самі ладзяць канцэрты.
У сям’і
Лагутаў з Семежава выхоўваецца пяцёра дзяцей, і на ўсіх хапае бацькоўскай любові, дабрыні і пяшчоты. Пра гэта расказала мама Іна разам з сынам Іванам.
Сям’я
Нікалаевіч з Пясочнага можа ганарыцца тым, што за 30-гадовы перыяд сумеснага жыцця яны захавалі ўсё самае каштоўнае. Аляксандр і Ларыса выгадавалі трох дачок Алёну, Алесю і Ганну.
Вось на сцэну падымаецца сям’я
Касцяленяў з Доктаравічаў. Мама Вольга, тата Міхаіл, дачка Віялета, сын Дзмітрый, што зусім нядаўна прыйшоў са службы ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь, і маленькая Дарына, якая толькі-толькі адсвяткавала свой трэці дзень нараджэння. Іх аб’ядноўвае шмат сямейных традыцый і агульных спраў.
Трэба адзначыць, што кожная сям’я атрымала цудоўныя падарункі. І таму немагчыма не выказаць падзяку ўсім тым, хто дапамог арганізаваць і правесці фестываль сямейнай творчасці. Гэта аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, РА РГА «Белая Русь», РК ГА «БРСМ», раённы камітэт прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу і раённы Цэнтр культуры. А выхаванцы харэаграфічных гурткоў РЦК (кіраўнік Святлана Папок) радавалі гледачоў прыгожымі танцавальнымі пастаноўкамі.
Дзіяна ТКАЧЭНКА