Лічу, што многія мужчынскія праблемы з-за таго, што мы, мужчыны, перасталі верыць жанчыне. Зусім мала паважаем яе. А ў ёй жа святасць мацярынства і мудрасць стагоддзяў. Яна – антаганіст усіх злачынстваў, таму што яна – Маці, тварэц новага жыцця… І той, хто адстойвае правы маці, той адстойвае і правы нашых дзяцей – нашу будучыню. Само жаночае сэрца становіцца вялікім, як свет, калі яно чуе боль дзіцяці. І як горка, што вакол нас шмат матуль-зязюль…
Глянцавыя часопісы, тэлебачанне проста смакуюць, паказваючы разбэшчанасць зорак, у якіх шмат каханцаў, каханак, шмат паза-шлюбных дзяцей. Але такія зоркі, упэўнены, цьмяна свецяць і нікога па-сапраўднаму не грэюць. А неўзабаве і наогул бязлітасна разбіваюцца аб зямлю, балюча падаючы з нябеснай вышыні…
Перакананы, сама бясшлюбнасць створана распушчанасцю і разбэшчанасцю. І ўсе сучасныя псеўдадыскусіі і дактрыны, што імкнуцца парушыць традыцыйную сям’ю, непаўнавартасныя, нягодныя, антычалавечныя. Бо толькі сапраўдная сям’я – гэта самы святы і самы надзейны дыямент грамадства. І самая лепшая сямейная дыпламатыя – гэта дыпламатыя поўнага ўзаемнага даверу і бязмежнай шчырасці, чыстасардэчнасці.
Запомніце: птушка, якая мяняе шмат гнёздаў і ўсё не ведае, якое выбраць, застаецца ўрэшце зусім без гнязда. Ці не больш разумна звіць утульнае ўласнае гняздо – тады і выбіраць не давядзецца. А ўтульны дом на роднай зямлі можа мець толькі нармальная сям’я.
Скончыць мне хацелася б мудрым разважаннем Льва Талстога: “Цель обеда есть питание и цель супружества – семья. Если цель обеда – питание тела, то тот, кто съест вдруг два обеда, достигнет, может быть, большого удовольствия, но не достигнет цели, ибо оба обеда не переварятся желудком. Если цель брака есть семья, то тот, кто захочет иметь много жен и мужей, может быть, получит много удовольствия, но ни в коем случае не будет иметь семьи”. З класікам нават не хочацца спрачацца. На тое ж ён і класік!
Канстанцін КАРНЯЛЮК,
няштатны карэспандэнт,
г. Віцебск
Комментарии