Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

36

Самой любимой посвящается

21.10.2010
Чатырнаццаты год запар лепшыя жанчыны-маці Міншчыны збіраюцца разам, каб урачыста адзначыць Дзень Маці. На гэты раз гонар прымаць шаноўных гасцей атрымала Капыльшчына. У сталічнай вобласці пражывае больш за 1200 жанчын, узнагароджаных ордэнам Маці. Сёлета да іх дабавілася яшчэ 34, у тым ліку дзве – Вольга Ярашэня і Алена Асфандзіярава – жыхаркі нашага раёна. На цэнтральнай плошчы горада ўдзельнікі свята маглі пазнаёміцца з выставай прадукцыі сельгаспрадпрыемстваў (яе ўдзельнікі імкнуліся перадаць своеасаблівы каларыт сваёй мясцовасці), цікавымі экспазіцыямі раённага краязнаўчага музея, раённага Цэнтра ткацтва і раённага Цэнтра традыцыйнай культуры, якія размясціліся як на падыходзе да РЦК, так і ў яго фае. Вельмі цікавыя работы прапанавалі да ўвагі гасцей гурткоўцы з раённага Цэнтра дзіцячай творчасці, удзельнікі конкурсу малюнкаў, прымеркаванага да Дня Маці. Запрошаныя на свята атрымалі магчымасць паласавацца прадукцыяй капыльскіх прадпрыемстваў (масласырзавода, каапхарчу, кааппрама). Урачыстае адкрыццё абласнога свята “Натруджаныя рукі маці, няма нічога даражэй за вас на свеце” адбылося на адкрытай пляцоўцы ля РЦК. З віншаваннямі да яго ўдзельнікаў звярнуўся старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінаблвыканкама Алег Семянчук. Ён цвёрда ўпэўнены, што стаць добрай маці можа жанчына, якая не толькі нарадзіла дзіця, але і змагла забяспечыць яму шчаслівае дзяцінства. А гэта рэальна, паколькі ў нашай дзяржаве дзейнічае шэраг праграм, якія прызваны дапамагаць бацькам у гэтым. У вобласці створана цэласная сістэма падтрымкі інстытута мацярынства, сям’і і дзяцінства. Гаворачы пра гэта, Алег Аляксеевіч прывёў такія факты. Ужо больш за 12 тысяч мнагадзетных маці Міншчыны скарысталі магчымасць выйсці на льготную датэрміновую пенсію. Усе дзеткі ва ўзросце да двух гадоў у малазабяспечаных сем’ях атрымліваюць бясплатнае харчаванне (толькі ў бягучым годзе на гэтыя мэты зрасходавана звыш 10 мільярдаў рублёў). Больш за 18 тысяч сямей, якія трапілі ў цяжкае становішча, атрымалі адрасную сацыяльную дапамогу на агульную суму звыш 5 мільярдаў рублёў. Даволі ўнушальная і сума льготных крэдытаў, выдадзеных маладым і мнагадзетным сем’ям на спажывецкія патрэбы і будаўніцтва ўласнага жылля. Працягваючы тэму падтрымкі сям’і і жанчыны-маці, намеснік старшыні Мінаблвыканкама Віктар Шчэцька адзначыў, што наша дзяржава дапамагае сем’ям у вырашэнні самай, бадай, вострай праблемы – будаўніцтва ўласнага жылля, тым самым садзейнічае паляпшэнню дэмаграфічнай сітуацыі ў краіне. Цёпла павіншаваў удзельнікаў свята і старшыня Капыльскага райвыканкама Анатоль Жданеня. Адбылася ўрачыстая перадача эстафеты свята ад Вілейскага раёна Капыльскаму. Разам з сувенірамі старшыня раённага Савета жанчын Валянціна Козіч атрымала і альбом, куды на працягу ўсяго года будуць змяшчацца фотаздымкі, якія адлюструюць самыя яркія моманты жыцця жанчын нашага раёна, каб у наступным кастрычніку перадаць яго прадстаўнікам прыгожага полу Смалявіччыны. Усклаўшы  кветкі   да помнікаў воінам-афганцам і воінам-вызваліцелям, удзельнікі свята рушылі на ўскраіну Капыля, дзе на вуліцы Грозаўскай была закладзена Алея Мацярынскай славы. Тут да жанчын-маці са словамі самага шчырага прызнання звярнуліся Святлана Сітнікава, старшыня Мінскай абласной арганізацыі ГА “Беларускі Саюз жанчын”, і Марыя Сандрозд, старшыня Капыльскага раённага Савета дэпутатаў. У загадзя падрыхтаваныя ямкі былі пасаджаны маладзенькія рабінкі. Алею, а таксама Памятны знак – камень з надпісам “Алея Мацярынскай славы”. 14 кастрычніка 2010 года” асвяціў благачынны цэркваў Капыльскай акругі айцец Сергій. Працягам свята стала тэматычная канцэртная праграма, якая прайшла ў раённым Цэнтры культуры. І тут прагучала мноства віншаванняў у адрас жанчын-маці зямлі мінскай, якія, поўныя клопатаў аб сямейным дабрабыце, вераць, што жаночае шчасце – гэта проста жыць, гадаваць дзяцей, кожны дзень працаваць на карысць сваіх блізкіх і спа-дзявацца, што жыццёвы шлях дзяцей і ўнукаў будзе добрым і светлым. І першым да жанчын-маці звярнуўся старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Барыс Батура. Барыс Васільевіч адзначыў, што на Міншчыне пражывае больш за 9,3 тысячы мнагадзетных сем’яў, дзе выхоўваецца звыш 30 тысяч дзяцей. Старшыня аблвыканкама падкрэсліў, што на Беларусі вырашэнне праблем маці і дзіцяці з’яўляецца прыярытэтным: “Ні ў адной з краін былога Саюза маці не маюць права на сацыяльны водпуск (які аплочваецца) па доглядзе дзіцяці да трох гадоў. А ў нас гэта ўжо стала нормай. У Мінскай вобласці на выплату дзіцячых дапамог выдзяляецца звыш ста мільярдаў рублёў. Акрамя таго, існуе мноства іншых ільгот, якімі карыстаюцца маці, маладыя і мнагадзетныя сем’і. І надалей такі напрамак будзе развівацца і ўдасканальвацца”. Кіраўнік абласной “вертыкалі” ўручыў ордэны Маці 34-м жанчынам, якія сёлета былі ўдастоены гэтага высокага гонару. Разам з букетамі шыкоўных руж віноўніцы ўрачыстасці атрымалі грашовыя прэміі, каштоўныя падарункі і прыгожыя віншавальныя паштоўкі ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі. Прадоўжыў цырымонію ўшанавання старшыня райвыканкама Анатоль Жданеня, які ўручыў кветкі і падарункі вялікай групе жанчын Капыльшчыны – мнагадзетным маці, раней узнагароджаным ордэнам Маці, ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, маці, якія сёлета нарадзілі двайнят. Асобна была адзначана маладая сям’я Марыны і Аляксея Дзямчук з Капыля, у якой напярэдадні свята нарадзіўся першынец. Іх віталі і ўручылі падарункі начальнік аддзела па справах моладзі аблвыканкама Алег Маслаў і старшыня раённага Савета дэпутатаў старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Марыя Сандрозд. Цудоўным падарункам не толькі да Дня жанчын, але і ўласнага дня нараджэння, стаў для Алены Фяткевіч прыезд яе сына Аляксея, які праходзіць тэрміновую службу ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь. Раённы ваенны камісар Сяргей Барташэвіч зачытаў загад начальніка часці, дзе служыць наш зямляк, аб аб’яўленні Падзякі за добрую службу і запрасіў на сцэну самога юнака. Бясспрэчна, слёзы радасці з’явіліся ў гэты момант на вачах не толькі  Алены Вяча-славаўны,  але  і  многіх удзельніц свята. Падчас святочнай праграмы гучалі прозвішчы ўдзельніц свята, якія не толькі годна выконваюць мацярынскі абавязак, але і не абыякавыя да сваёй прафесійнай справы. Ніводная з жанчын не адчула сябе на гэтым свяце абдзеленай увагай: у іх адрас гучалі цёплыя словы, шчырыя апладысменты, цудоўныя нумары мастацкай самадзейнасці. У святочным канцэрце бралі ўдзел спевакі, музыканты, танцоры са Слуцкага, Клецкага, Нясвіжскага, Салігорскага і, вядома ж, Капыльскага раёнаў. Завітала на свята і зорка беларускай эстрады Вольга Барабаншчыкава. Маргарыта САКОВІЧ НА ЗДЫМКАХ: 1. Губернатар Мінскай вобласці Барыс Батура ўручае ордэн Маці Вользе Ярашэні. 2. Са словамі ўдзячнасці да жанчын звяртаецца С. Сітнікава. 3. Пасадка рабінавай алеі. 4. На сцэне - «Нясвіжскія лыжкары». Фота Сяргея ЛАЗОЎСКАГА

admin_222 Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей