Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

28

Глаз твоих почувствую тепло, пред тобою стану на колени

14.10.2010
Мама – галоўнае слова ў жыцці кожнага, якое будзе гучаць заўсёды, пакуль існуюць людзі на зямлі. На гэтых здымках – шчаслівыя матулі, якія нарадзілі, выхавалі і адправілі ў самастойны жыццёвы шлях, як указвае статыстыка, дзесяць і болей дзяцей.  З задавальненнем знаёмім чытачоў з гэтымі шаноўнымі жанчынамі. Маладосць  Таццяны   Цімафееўны  Яцэвіч з в. Скабін апаліла вайна. Давялося прайсці няпросты жыццёвы шлях. Больш чым 50 гадоў душа ў душу пражыла з любым мужам, які 12 гадоў таму пайшоў з жыцця. Потым пахавала і сына. Здароўе стала ўжо не тое, не тая і хада, таму Таццяна Цімафееўна ўсю гаспадарку даверыла дачцэ і зяцю, а сама на заслужаным адпачынку. 12 дзяцей нарадзіла жанчына. Сёння ў яе 30 унукаў, 10 праўнукаў. Пра тое, як жылі раней, як цяжка працавалі на зямлі, як перажывалі галечу і нястачу, успамінаецца, але радуе сённяшні дзень: дзеці нядрэнна ўладкаваліся ў жыцці, а што можа быць лепш для матулі, як бачыць іх шчаслівымі. Генетычнае   дрэва Тамары  Іванаўны  Кіш з в. Грывень налічвае 11 дзяцей: 5 дачок, 6 сыноў, 24 унукі. У 43 гады шчаслівая матуля нарадзіла самую малодшую Кацярыну, якая, дарэчы, у мінулым годзе выйшла замуж. Усе дзеці працуюць, усе жывуць ва ўласных дамах і кватэрах, маюць адукацыю. А  Тамара Іванаўна разам з мужам Пятром Васільевічам у роднай хаце заўсёды чакаюць сваіх крывіначак. А як на свята якое збяруцца ўсе разам, уявіце сабе застольную раскошу! У сям’і не толькі гасціць любяць, працуюць таксама ўпарта. Гаспадар сядзібы любоў да тэхнікі праз усё жыццё пранёс і сёння мае свой трактар, саджалку. Па гектары зямлі штогод засяваюць, трымаюць хатнюю жыўнасць. Вядома,  дапамагаюць дзеці. Гэта сям’я замацавана на добрым падмурку, таму і трымаецца добра. Аляксандра Міхайлаўна Талейка з в. Доктаравічы ў шчаслівым шлюбе нарадзіла 10 дзяцей. Ужо 14 гадоў, як аўдавела, як усе клопаты ўзяла на сябе: і па выхаванні дзяцей,і па гаспадарцы. “Муж  мой быў добрым чалавекам, я больш патрабавальнай да дзяцей, таму, мо, яны і выраслі працавітымі і дысцыплінаванымі. Дваіх дзетак пахавала яшчэ зусім малымі. Сэрца не адпускае іх і да гэтай пары. Адзін сын жыве са мною, а сямёра раз’ехаліся па свеце, атрымалі адукацыю, стварылі свае сем’і. Ёсць у мяне 13 унукаў, 6 праўнукаў, адзін ужо ў школу пайшоў. Дзеці працуюць на розных пасадах: бухгалтара, прадаўца, медыка, настаўніка, вадзіцеля, служачага. Як бы ні былі занятыя на працы, мяне не забываюць – наведваюць, дапамагаюць. Я заўсёды любіла працаваць і цяпер не сяджу склаўшы рукі. Трымаю кароўку, свіней, курэй. Сваё шчасце бачу ў дзецях”. Калі чалавеку ёсць каму штодня сказаць слова “мама”, ён ужо шчаслівы. А той, што чакае нас з усіх дарог, самой для шчасця зусім няшмат трэба – каб па тэлефоне ці з парога пачулася: “Ну, як ты, мамачка?”

admin_222 Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей