Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

119

У каханнi, павазе i даверы

17.05.2013
Сям’я – самае галоўнае ў жыцці кожнага з нас. Сям’я – гэта блізкія і родныя людзі, тыя, каго мы любім, з каго бяром прыклад, пра каго клапоцімся, каму жадаем дабра і шчасця. У сям’і мы вучымся любові, адказнасці, павазе. Менавіта такіх прынцыпаў прытрымліваецца ў сваім жыцці намеснік старшыні райвыканкама Ала Раманоўская, якая дзеліцца сваімі меркаваннямі: — На маю думку, самым важным у сям’і павінна быць каханне, павага і давер. Менавіта каханне звязала нас з мужам Аляксандрам і вядзе па жыцці. Вядома ж, як і ў любой сям’і, не можа быць усё ідэальна, але трэба ўмець саступаць і дараваць. І вось ужо трыццаць другі год мы разам. Магу ўпэўнена назваць нашу сям’ю моцнай. Дарэчы, пазнаёміліся мы на Дзень друку – 5 мая, гэту дату вельмі добра памятаем. Разам вучыліся ў Беларускім тэхналагічным інстытуце, праўда, на розных факультэтах. Сябравалі чатыры гады, тады толькі ажаніліся. Вярнуліся на маю радзіму – у Капыль. Выгадавалі дзвюх дачок – Ірыну і Дар’ю, у якіх цяпер свае сем’і. Зараз радуемся кожнаму прыезду трох унукаў. Дарэчы, дочкі пайшлі па слядах бацькі – працуюць у дарожнай галіне (Аўт. – Аляксандр Яўгенавіч з’яўляецца прарабам ДРБУ №124). Мы пабудавалі ўласны дом, вядзём невялікую гаспадарку. Калі збіраецца разам уся сям’я – гэта самыя шчаслівыя і прыемныя моманты нашага жыцця. Яшчэ хачу адзначыць, што мой муж – чалавек творчы. Ён добра малюе, у маладосці пісаў вершы. Вельмі шмат увагі ўдзяляў дзецям, а зараз унукам. Шмат чаго для іх змайстраваў сваімі рукамі. На жаль, на мае захапленні – вязанне і шыццё – зараз не заўсёды хапае часу, але паставіла перад сабой мэту навучыцца вышываць стужкамі і ўжо паступова яе ажыццяўляю. А вось Аляксандру шмат каштоўных урокаў па ўладкаванні дома і асабліва па сталярстве даў мой тата Антон Іосіфавіч, якога, на жаль, ужо няма разам з намі. Увогуле, я вельмі шчаслівая, што нарадзілася ў такой працавітай сям’і. Тата быў вядомым на ўвесь раён печніком (ад яго ў нас засталіся камін і руская печ, у якой цяпер гатуем розныя прысмакі). Матуля Ніна Паўлаўна свае працоўныя гады звязала з санстанцыяй, а таксама прысвяціла выхаванню нас – трох дачок. Дзякуючы бацькам мы атрымалі вышэйшую адукацыю. Дарэчы, вельмі прыемна было нядаўна прачытаць у раёнцы вытрымку з газеты з 1974 года пад рубрыкай “Што пісала “Слава працы” ў гэты дзень” пра нашу сям’ю – Галавач, якая з’яўляецца прыкладам узорнага выхавання. І яно сапраўды так. Самыя лепшыя якасці сваіх бацькоў мы ўзялі сабе, за што будзем ім заўсёды ўдзячны. Запісаў Сяргей КОЗЕЛ  

info Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей