Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

22

А цыбуля - гэта добра, ад усякіх мікробаў! Избранное

09.04.2023
Ці ведаеце вы, як у нашай краіне з'явілася цыбуля? Гэта адзін з найстарэйшых відаў сельскагаспадарчых культур на зямлі. Яе вырошчваюць больш за пяць тысячагоддзяў, і да гэтага часу вучоныя дакладна не ўстанавілі, дзе менавіта яна з'явілася ўпершыню. Больш падрабязна – у нашым матэрыяле. ГІСТОРЫЯ РАСПАЎСЮДЖАННЯ ЦЫБУЛІ Гісторыкі паведамляюць, што на тэрыторыі сучаснай Азіі цыбульныя культуры вырошчвалі каля IV-VI тысяч гадоў таму. Першымі краінамі, у якіх пачалі культываваць гэтую расліну, сталі Іран, Заходні Пакістан і Афганістан. Прыкладна ў гэты ж час яна з'явілася ў садах Кітая. Паводле даследаванняў навукоўцаў, некалькі пазней цыбулю рэпчатую сталі вырошчваць у вялікіх колькасцях і ў Старажытным Егіпце, у даліне Ніла. Гэта пацвярджаюць выявы, знойдзеныя ўнутры егіпецкіх пірамід, датаваныя II-III тысячагоддзем да нашай эры. Для старажытных егіпцян цыбуля ўвасабляла магутную жыццёвую энергію. У тыя часы людзі насілі духмяныя галоўкі на гру-дзях і верылі, што гэты талісман зберажэ іх ад хвароб і нядобрых вачэй. Цыбульныя галоўкі былі знойдзены нават у грабніцах фараонаў. У старажытнасці іх выкарыстоўвалі з мэтай паднясення ахвяры багам, а таксама для адкрыцця шляху ў вечнасць, якую сімвалізавала гэта расліна. Крыху пазней гэтую культуру сталі вырошчваць у старажытнай Грэцыі і Персіі. У сярэднія часткі Еўропы яна прыйшла прыкладна ў V стагоддзі. На тэрыторыях сучаснай Расіі гэта расліна з'явілася некалькімі стагоддзямі пазней. Шэраг даследнікаў лічыць, што на Русі цыбуля пачала распаўсюджвацца з берагоў Дуная. Славяне гандлявалі з іншаземцамі рознымі таварамі, у тым ліку прадавалі і набывалі гародніну. Пазней новыя разнавіднасці гэтай рэзкай культуры завозіліся з Каўказа, Візантыі, Сярэдняй Азіі, Заходняй Еўропы. Цыбуля хутка стала папулярным сродкам лячэння розных хвароб. Акрамя таго, яе ўжывалі ў ежу для ўмацавання сіл і ўзнаўлення складу крыві. ВЫКАРЫСТАННЕ Ў МЕДЫЦЫНЕ У медыцыне карысныя ўласцівасці цыбулі выкарыстоўваюцца вельмі даўно. На Русі яе лічылі ўніверсальным сродкам для прафілактыкі і лячэння захворванняў. Выкарыстанне гародніны, багатай вітамінамі, рэкамендавана ў зімова-вясновы перыяд для прафілактыкі прастуды і вірусных захворванняў. КАРЫСНЫЯ ЎЛАСЦІВАСЦІ Цыбуля валодае супрацьпаразітарнымі і бактэрыцыднымі ўласцівасцямі. Дарэчы, у сярэднія вякі падчас эпідэмій чумы і тыфу цыбуля дапамагала змагацца з гэтымі страшнымі захворваннямі. Яе сок паляпшае працэс стрававання, а таксама служыць для прафілактыкі захворванняў лёгкіх. Акрамя гэтага выводзіць таксіны з арганізма чалавека, спрыяе ачышчэнню сасудаў. Нармалізуе нервовую сістэму, пры гэтым паляпшае сон і станоўча ўплывае на сардэчна-сасудзістую сістэму. ПРЫМЯНЕННЕ Ў КАСМЕТАЛОГІІ Цыбуля эфектыўна выкарыстоўваецца ў касметалагічных кабінетах. На яе аснове робяць маскі для сухіх і пашкоджаных валасоў. Рэчывы, якія змяшчаюцца ў гародніне, спрыяльна ўплываюць на іх умацаванне і рост. Ужыванне цыбулі карысна і для аздараўлення і амаладжэння скуры рук. З яе рыхтуюць адвары і маскі, якія спрыяюць аднаўленню і сілкаванню паверхні скуры. Пасля іх выкарыстання яна становіцца гладкай і шаўкавістай. АСАБЛІВАСЦІ ВЫРОШЧВАННЯ Каб атрымаць буйныя, сакавітыя цыбуліны, сеянку неабходна саджаць на добра асветленым сонечнымі прамянямі месцы. Аптымальна саджаць ў канцы красавіка – пачатку мая, калі глеба прагрэецца да +13 градусаў. Лепш за ўсё высаджваць яе пасля таматаў, перцаў, бульбы, агурочна-гарбузовых культур. А вось каля бабовых і часныку расці яна будзе дрэнна. На адным месцы цыбулю вырошчваюць не больш за чатыры гады, інакш у глебе назапашваюцца ўзбуджальнікі хвароб. ВЫКАРЫСТАННЕ Ў КУЛІНАРЫІ Сёння немагчыма сабе ўявіць ніводнага рэцэпта, дзе б ні выкарыстоўвалася цыбуля. У смажаным, вараным выглядзе, як прыправа або асобная страва, яна увайшла ў кухні розных народаў свету. І цыбуля, і яе зялёнае лісце прымяняюцца для падрыхтоўкі розных страў і закусак. З яе можна рыхтаваць супы, салаты, дадаваць да бутэрбродаў, да мяса, грыбоў, фаршу. НІЗКАКАЛАРЫЙНАЯ ДЫЕТА Маючы такую нізкую каларыйнасць, гэтая гародніна проста не можа не выкарыстоўвацца для зніжэння вагі цела. Дыеты на яе аснове прыдуманы французкімі дыетолагамі і зараз паспяхова практыкуюцца ў многіх краінах свету. Як жа цыбуля можа садзейнічаць гэтаму працэсу? Паніжэнне халестэрыну ў крыві, стымуляванне працы ЖКТ, павышэнне выпрацоўкі інсуліну – усё тое, што спрыяе зніжэнню вагі. Для дыеты прапануецца выкарыстоўваць адварную гародніну, а гэта дазволіць пазбавіць яе ад паху. Доўжыцца яна тыдзень, і ўвесь гэты час трэба ў абавязковым парадку тры разы на дзень есці цыбульны суп. СМАЖАНАЯ ЦЫБУЛЯ З ПРЫПРАВАЙ КАРЫ Цыбуліну ачысціць і дробна пакрышыць. Затым скласці ўсё ў вялікую міску. Пасыпаць парэзаную гародніну сумессю мукі, солі і парашку кары, добра змяшаць. Затым на глыбокай патэльні разагрэць раслінны алей і паступова выкладваць цыбулю ў алей, каб ён цалкам пакрываў яе. Калі маса набудзе залацісты колер, неабходна дастаць шумоўкай і выкласці на папяровы ручнік. Хрумсткая цыбуля з прыправай кары гатова. ФАРШЫРАВАНАЯ ЦЫБУЛЯ Фаршыраванымі птушкай, рыбай, кабачкамі ўжо нікога не здзівіш. А цыбуляй? Для гэтага неабходна фаршыраваць яе грыбамі: цэлыя цыбуліны трэба варыць 3-5 хвілін, затым акуратна дастаць сярэдзіну, пакінуўшы цэлай толькі знешнюю сценку. А далей – палёт фантазіі: можна нафаршыраваць грыбамі з вяршкамі, курыным філе з алівамі і сырам. ВАРЭННЕ З ЦЫБУЛІ Аднак такое варэнне падаюць толькі да страў з птушкі і да гарніру з агародніны. 7 ці 8 цыбулін рэжуць паўколамі, злёгку абсмажваюць. Дадаюць 2,5 шклянкі цукру. Даводзяць масу да кіпення і на працягу 45 хвілін памешваць на слабым агні. У канцы, за 15 хвілін да заканчэння прыгатавання варэння, дадаюць 1/4 шклянкі белага віннага воцату. Падрыхтавала Наталля ДАВЫДЗЕНКА
Оцените материал
(0 голосов)

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей