Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

25

Свет дабра ад душы

19.05.2010

Што такое сям’я? Адказы не будуць адрознівацца, таму што амаль кожны скажа, што сям’я – гэта мужчына і жанчына, каханне і павага, дзеці, утульны дом, дзе добра кожнаму.

Марына і Сяргей Аўсяннікавы маюць 28-гадовы стаж сямейнага жыцця. За сваім шчасцем не хадзілі за тры моры (лёс і на печы знойдзе, калі гэта тваё). Сустрэліся аднойчы, адчулі, што добра ім побач, што пакахалі адзін аднаго, і ажаніліся.

Сёння Аўсяннікавых не двое, а пяцёра – Аляксей, Раман, Ірына. Праўда, Аляксей год таму стварыў сваю сям’ю, жыве асобна.

Марына Станіславаўна працуе кіраўніком гуртка выяўленчага мастацтва Цэнтра дзіцячай творчасці, Сяргей Мікалаевіч – рабочы бетонарастворнага вузла ДУП ПМК-194. Занятыя бацькі ў дзетак, але тыя не адчуваюць недахопу бацькоўскай любові, увагі, клопату. Наадварот, бацькі зацікаўлены, каб дзеці раслі разумнымі, добрымі людзьмі, паспяхова вучыліся, захапляліся цікавай справай. Рома – увесь у спорце, выбраў і любіць здаровы лад жыцця, Ірына захапляецца вышываннем, добра малюе. А ўсіх разам іх аб’ядноўвае любоў да прыроды, да тых мясцін, дзе жывуць. Усе любяць сялянскую справу – кожны выхадны спяшаюцца ў Падгорцы, каб дапамагчы бацькам, бабулі і дзядулю.

Нягледзячы на тое, што гарадскі (родам з Салігорска), Сяргей Мікалаевіч здольны на любую справу. Па словах жонкі, лягчэй пералічыць тое, чаго ён не ўмее. У вольны час захапляецца маляваннем. Наогул, гэта сям’я мастакоў.

Напэўна, таго чалавека можна назваць сапраўды шчаслівым, хто знайшоў сваё месца ў жыцці, аказаўся на тым адзіным для яго шляху, які вядзе да поспеху, дабрабыту і, самае галоўнае, да душэўнай раўнавагі. Займацца любімай справай, знайсці годнае прымяненне сваім магчымасцям – ці не да гэтага ў рэшце рэшт імкнецца кожны з нас, вандруючы па жыццёвых сцяжынках?

Марына Станіславаўна пры выбары прафесіі амаль не вагалася. Прыняла правільнае рашэнне, пра якое не шкадуе. Пасля заканчэння Мінскага мастацкага вучылішча не заўсёды даводзілася працаваць па спецыяльнасці. 17 гадоў была выхавальніцай дзіцячага сада №2 г. Капыля і толькі з 2000 года, калі адчыніў дзверы Цэнтр дзіцячай творчасці, вярнулася да любімай справы. Штогод яе выхаванцы ўдзельнічаюць у розных конкурсах, выходзяць пераможцамі, атрымліваюць прызы і ўзнагароды. Многія з былых вучняў абралі прафесію выкладчыка дэкаратыўнага выяўленчага мастацтва. Марына Станіславаўна – “сонечны” чалавек, на дзіва, вясёлы і добразычлівы. Яе адкрытая, ветлівая ўсмешка – адзнака таго, што жанчына з’яўляецца носьбітам дабрыні, душэўнасці і спагады. Яна любіць і цэніць людзей, кожнага гатова выслухаць і дапамагчы, даць слушную параду. За гэта яе цэняць калегі, любяць і шануюць дома родныя і блізкія. На ўзаемнай любові і трымаецца яе сям’я.

Любоў ПЯТРОВА

Фота Сяргея ЛАЗОЎСКАГА


admin_222 Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей