Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

50

История знакомства Мальвины Петровны и Александра Феофановича Бельмачей напоминает сюжет киноленты

02.08.2018
У кожнай сямейнай пары  свая гісторыя знаёмства. Але пра тое, як сустрэліся Аляксандр Феафанавіч і Мальвіна Пятроўна Бельмачы з аграгарадка Старыца, можна нават кіно здымаць. І зараз, праз паўвека, ім ёсць што ўспомніць, ёсць пра што расказаць… [caption id="attachment_68480" align="aligncenter" width="560"]■ Аляксандр Феафанавіч і Мальвіна Пятроўна Бельмачы ■ Аляксандр Феафанавіч і Мальвіна Пятроўна Бельмачы[/caption] Упершыню будучую жонку Саша ўбачыў на фотаздымку, які дзяўчына даслала ў армію сваяку. Так здарылася, што пасля шпіталя салдата Бельмача перавялі на больш лёгкую службу — разносіць карэспандэнцыю. І аднойчы, калі да яго знаёмага Фёдара Ляўданскага прыйшоў ліст, Саша звярнуў увагу: — Глянь, які тоўсты канверт! Што цікавага пішуць? Раскрыўшы пасланне, Фёдар сказаў: — Ды так, нічога незвычайнага: пляменніца фотаздымак прыслала. — Прыгожая, — адзначыў Саша і тут жа дадаў: — Пазнаём. — Але! Яна ж маладая зусім, усё роўна пісаць не будзе! — адказаў таварыш. [caption id="attachment_68473" align="alignleft" width="203"]■ Той самы здымак Мальвіны ■ Той самы здымак Мальвіны[/caption] Аднак Бельмач не супакоіўся: моцна запалі ў душу прыгожыя вочы дзяўчыны. Напісаў усё ж такі ёй. І затым на працягу двух гадоў дасылалі адзін аднаму лісты, расказвалі пра падзеі, якія адбываліся ў жыцці. Саша пісаў пра сябе: нарадзіўся ў Старыцы Капыльскага раёна, бацькі — звычайныя працаўнікі. Сам ужо паспеў папрацаваць у шахце на Данбасе, адтуль і пайшоў у армію. З лістоў ён жа і даведаўся, што дзяўчына з цікавым імем Мальвіна разам з мамай, татам, братамі і сёстрамі (а іх было ажно 10) спачатку жыла на Століншчыне, потым пераехала ў Мікашэвіцкі раён. Бацька памёр рана, пакінуўшы жонку з чатырма дзеткамі, з якой потым ажаніўся яго родны брат. Такое прыгожае імя маці дала нездарма: жанчына была каталічкай і дзяўчынку, адну з нямногіх, пахрысціла ў касцёле.  Так, у лістах адзін да аднаго, і прайшоў час армейскай службы. Нарэшце Аляксандр і Мальвіна вырашылі сустрэцца. Але як лепш гэта зрабіць? «Я бачыў цябе толькі на фотаздымках, таму, каб не памыліцца, стой на вакзале з газетай у руцэ», — напісаў хлопец выбранніцы. Цягнік прыбываў ажно ў тры гадзіны ночы, і каб не быць адной, дзяўчына прыйшла ў Мікашэвічы разам з сястрой. Першай сустрэчы з маладым чалавекам Мальвіна крыху саромелася, таму ніяк не магла ўзяць у рукі тую газету. «Давай яе сюды!» — бадзёра сказала сястра. Ды так і стаялі на пероне: Мальвіна і яе сястра з газетай у руках. [caption id="attachment_68479" align="alignleft" width="197"]■ Аляксандр у арміі.60-я гады ХХ ст. ■ Аляксандр у арміі.60-я гады ХХ ст.[/caption] Хутка прыбыў цягнік. Адчыніліся дзверы вагона, і з’явіўся Аляксандр. Убачыў дзяўчат і адразу пазнаў сваю адзіную — добра памятаў фотаздымак. Пасля адбылося знаёмства з бацькамі. На календары было 28 красавіка 1968 года, а праз тры месяцы, 30 ліпеня, зарэгістравалі шлюб. Аднак вяселле гулялі праз пэўны час — 25 кастрычніка. Справа ў тым, што чакалі, пакуль з Сібіры, дзе зарабляў грошы для шматлікай сям’і, вернецца айчым Мальвіны. Тое вяселле ў вёсцы мясцовыя жыхары запомнілі надоўга! А што ж! Духавы аркестр з васьмі чалавек, які прывёз з сабой са Свідзічаў Аляксандр, быў у навінку ў тых месцах, і вяскоўцы доўгі час зусім не танцавалі, а проста стаялі ў клубе і слухалі музыку. Пачыналі маладыя жыць у Салігорску, дзе Аляксандр уладкаваўся на працу вадзіцелем. Але вырашылі пераехаць у Старыцу: тут заставалася маці ды і ў калгасе прапанавалі добрую работу.  Хутка сям’я пачала папаўняцца: у 69-м на свет з’явіўся Аляксандр, праз два гады Віктар, і ў 76-м на радасць бацькам нарадзілася дачушка Наталля. Сёння ўсе яны — годныя самастойныя людзі. У кожнага ўжо свая сям’я, свае дзеткі. Да бацькоў прыязджаюць часта і абавязкова дапамагаюць. Для Мальвіны Пятроўны Капыльшчына стала родным домам. Тут яна ўладкавалася на працу ў калгас «Новы свет», які потым стаў ААТ «Старыца-Агра». Паспела папрацаваць дыспетчарам на запраўцы, доўгі час узначальвала прафкам гаспадаркі. Добрым вадзіцелем да выхаду на заслужаны адпачынак быў Аляксандр Феафанавіч. Ды і дома асабліва адпачываць не прыходзілася: вядома ж, дзве кароўкі, свінні, конь, куры. Добра, што дапамагалі дзеці. [caption id="attachment_68478" align="aligncenter" width="560"]■ Вяселле Бельмачаў, 1968 г. ■ Вяселле Бельмачаў, 1968 г.[/caption] — Асабліва і спрачацца не было калі, — нібы падагульняе Мальвіна Пятроўна і дадае: — Сям’я трымаецца на каханні, узаемапавазе і паразуменні. У жыцці ніколі не бывае гладка, трэба ўмець дараваць адзін аднаму і дапамагаць. Сярод сямейных фотаздымкаў у альбоме ёсць і чорна-белая картачка, на якой мама, тата разам з маленькай Наташкай стаяць каля новага аўтамабіля: гэта «Запарожац», на які доўга збіралі грошы і нарэшце ў 1986 годзе купілі. Пазней машына перайшла ў спадчыну старэйшаму сыну, а ад яго — мужу Наталлі. Зараз на двары каля дома стаіць іншамарка, якую бацькам падарылі ўжо дзеці. Такі клопат і ёсць сведчанне: жыццё пражылі добра, выхавалі годных дзяцей. І залатое вяселле — добрая нагода яшчэ раз успомніць, як усё пачыналася.   Дзіяна ТКАЧЭНКА

Слава працы Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей