Каб павіншаваць з брыльянтавым вяселлем — 60-годдзем сумеснага жыцця — Максіма Апанасавіча і Станіславу Дзмітрыеўну Міхальчук, якія жывуць у аграгарадку Скабін, з розных куткоў (і не толькі нашай краіны) прыехалі дзеці, сабраліся сваякі і знаёмыя. Ушанавалі паважаных юбіляраў і прадстаўнікі ўлады: намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Ліпніцкі, дырэктар Капыльскага ТЦСАН, старшыня РА ГА «Беларускі саюз жанчын» Святлана Маліноўская, прадстаўнікі ААТ «Скабін».
Дарэчы, у родным Скабіне Максім Апанасавіч і Станіслава Дзмітрыеўна добра вядомы. Прычына таго — «агародніцкі» талент гаспадара і гаспадыні. У іх — лепшая расада, раней за іншых спее ўраджай, заўсёды дагледжаныя двор і градкі. Ды і на традыцыйнае пытанне, як выхоўваць дзяцей, Станіслава Дзмітрыеўна крыху здзіўлена адказвае: «Што значыць як? Працай!».
[caption id="attachment_49955" align="alignnone" width="580"]
Станіслава і Максім Міхальчук: зараз...[/caption]
Так, менавіта праца заўсёды панавала ў сям’і Міхальчукоў. Каб зарабіць грошай, бацька Апанас Харытонавіч у пачатку ХХ стагоддзя паехаў у амерыканскі горад Чыкага. Вярнуўшыся адтуль, прыдбаў каня, добры кавалак зямлі. Аднак з пачаткам калектывізацыі з асабістай гаспадаркай прыйшлося развітацца. Але і ў толькі што створаным калгасе «Новае жыццё» разам з жонкай Аленай працавалі шчыра і добрасумленна. Не дзіва, што ў такога бацькі выраслі і добрыя сыны: Міхаль, Пятрок, Сяргей, Максім і Мікола. На жаль, два старэйшыя браты загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны. Імя Сяргея Міхальчука добра вядома аматарам беларускай дзіцячай літаратуры: ён напісаў шмат цікавых твораў, пэўны час працаваў загадчыкам выдавецтва «Мастацкая лiтаратура».
У Максіма заўсёды перад вачыма быў добры прыклад сапраўднага гаспадара — бацькі. Таму пасля вяртання з радоў Савецкай Арміі ў 1955 годзе (а служыць давялося ажно на Курыльскіх астравах) адразу пайшоў працаваць у калгас. Дарэчы, са сваёй абранніцай Станіславай Камісарчык быў знаёмы даўно: вядома ж, раслі, бадай, на адной вуліцы. За армейскія гады даслалі адзін аднаму шмат шчырых лістоў. Пасля дэмабілізацыі разам хадзілі на вечары ў клуб. Хутка Максім вырашыў пайсці ў сваты да каханай. Узяў аднавяскоўца Лёню Пісарыка, і пайшлі. Маці абранніцы прыняла ветліва, ды і сама Станіслава выказала згоду. Вяселле было сціплым: распісаліся ў сельсавеце ды зладзілі невялікі банкет. З той пары Максім Апанасавіч і Станіслава Дзмітрыеўна жывуць у згодзе і ўзаемаразуменні.
[caption id="attachment_49956" align="alignleft" width="300"]
...і 60 гадоў таму[/caption]
Усё жыццё абое сумленна працавалі ў калгасе. Ён — спачатку конюхам, потым на свінаферме. Яна — пачынала свінаркай, затым, асвоіўшы даільны апарат, перайшла на кароўнік.
— Хіба ж цяпер гэта праца на ферме? — здзіўляецца Станіслава Дзмітрыеўна. — Работніцы ходзяць амаль як на фэст. А раней мы і гной самі выносілі, і кармы на сабе цягалі. Але нічога. Я працы ніколі не баялася, увішная была.
Пасля жаніцьбы Максім і Станіслава жылі ў бацькоўскай хаце Міхальчукоў, якую пабудавалі, як кажуць, талакой, у 1946 го- дзе. Тады, у першы пасляваенны год, на калгасным сходзе было вырашана: кожны вясковец павінен адпрацаваць па 3 дні на гэтай сямейнай новабудоўлі. Неабходныя матэрыялы таксама дала гаспадарка. Сумеснае жыццё са свёкрам Станіслава Дзмітрыеўна ўспамінае сёння цёплым словам:
— Апанас Харытонавіч добра да мяне ставіўся. Ніколі не муштраваў!
Першынец з’явіўся ў сакавіку 57-га. Імя яму далі прыгожае — Валянцін. Праз тры гады загучаў галасок яшчэ аднаго сыночка, Анатоля. Але гаспадар вельмі хацеў дачушку. І вось у ліпені 1967-га гэта пажаданне было «выканана»: нарадзілася Аленка. Чацвёрты сын, Дзмітрый, парадаваў бацькоў сваім з’яўленнем ажно праз 13 гадоў пасля нараджэння першага дзіцяці. Лёс гэтага пакалення Міхальчукоў таксама даказвае: упартая праца дапаможа дасягнуць добрых вынікаў. Валянцін скончыў Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі і зараз працуе інжынерам у Мінскім мантажным упраўленні № 1. Анатоль скончыў філфак БДУ, але яго працоўны лёс больш звязаны з Украінай: ён з’яўляецца намеснікам дырэктара ў адным з каледжаў г. Хмяльніцкі. Алена набыла прафесію фармацэўта ў Магілёўскім медыцынскім каледжы і зараз узначальвае аптэку пры Рэспубліканскім цэнтры анкалогіі і медыцынскай радыялогіі. Малодшы Дзмітрый застаўся побач з бацькамі і старанна працуе ў роднай гаспадарцы.
Любяць Міхальчукі розныя святы. Каб павесяліцца, збіраюцца разам і сваякі, і знаёмыя. Калі Максім Апанасавіч быў маладзейшы, то пераапранаўся і як сапраўдны казачны Дзед Мароз адорваў унукаў і нявестку падарункамі. А малыя, атрымаўшы сюрпрызы, натхнёна чыталі вершы зімоваму чараўніку.
Нават пасля выхаду на заслужаны адпачынак Максіма Апанасавіча выклікалі на работу. Звычайна запрашаў тагачасны кіраўнік гаспадаркі Анатоль Буцько, якому Міхальчук не адмаўляў.
У кожнага з нас свае захапленні. Хтосьці добра рамантуе тэхніку, хтосьці вырэзвае драўляныя скульптуры. Максім Апанасавіч вельмі любіць працаваць на зямлі. Усю зіму ён чытае розныя парады, вывучае календары пасадак і прышчэпак, словам, набывае неабходныя веды. І потым, калі наступае пара, прымяняе іх на практыцы. Таму і атрымліваюцца памідоры, агуркі ды іншая агародніна лепшыя, чым у іншых. Аднавяскоўцы ж заўсёды звяртаюцца да дбайнага гаспадара па расаду або параду. А летам, нягле- дзячы на паважаны ўзрост, і 84-гадовы Максім Апанасавіч, і на год маладзейшая Станіслава Дзмітрыеўна працуюць на агародзе.
Размаўляючы з юбілярамі, не магла не задаць яшчэ адно традыцыйнае пытанне: «Ці часта вы сварыліся і як потым мірыліся?»
Адказ прагучаў з вуснаў жанчыны:
— Панадуваемся трохі, а як есці захочам, то і мірымся. Ніколі не падняў на мяне руку гаспадар, і людзі ніколі не прыходзілі нас мірыць. За работай не было калі і сварыцца.
Вось так. Мабыць таму, што не было лішняга часу на пустыя размовы ды сваркі, Міхальчукі здолелі захаваць сямейны дабрабыт і цеплыню ў адносінах адзін да аднаго. І атрымалася, што гэтымі ліпеньскімі днямі ў капыльскім ЗАГСе акрамя дзяцей сабраліся ўнукі і праўнукі (а іх па 7 і 5 адпаведна), каб павіншаваць Максіма Апанасавіча і Станіславу Дзмітрыеўну з брыльянтавым вяселлем. Што застаецца сказаць? Так трымаць, Міхальчукі!
Дзіяна ТКАЧЭНКА
Фота аўтара
Комментарии