Кукавічы — маленькая вёсачка, у якой сёння пастаянна пражываюць крыху больш за дзесяць чалавек. Праўда, улетку сюды прыязджаюць так званыя дачнікі, і тады павольнае вясковае жыццё абуджаецца.
[caption id="attachment_78382" align="aligncenter" width="840"]
■ Алена Острыкава віншуе залатых юбіляраў - Васіля і Ганну Фалько[/caption]
Напэўна, адной з самых памятных падзей апошніх дзён для мясцовых жыхароў стала свята вёскі, якое арганізавалі для іх кіраўніцтва сельвыканкама і работнікі ўстаноў культуры, размешчаных на тэрыторыі Цімкавіцкага сельсавета.
Сабраліся проста на вясковай вуліцы, устанавілі музычную і ўзмацняльную апаратуру, насупраць на лаўках размясціліся гледачы. Старшыня Цімкавіцкага сельвыканкама Алена Острыкава нагадала пра гісторыю вёсачкі, у якой некалі жыло каля 250 чалавек. Адсюль выйшлі такія вядомыя ў Беларусі творцы, як паэт і публіцыст Лявон Лобік, кампазітар Міхаіл Шумілін, пісьменнік Іван Канановіч. Першае ўпамінанне пра Кукавічы адносіцца да канца XV стагоддзя.
Алена Мечыславаўна па-дзякавала вяскоўцам за тое, што яны імкнуцца трымаць свае падвор’і ў парадку, шмат працуюць, каб яны квітнелі рознакаляровымі краскамі з вясны да восені. Аднак у вёсцы яшчэ шмат пустуючых сядзіб, так што працаваць ёсць над чым.
[caption id="attachment_78381" align="aligncenter" width="840"]
■ Старшыня ветэранскай арганізацыі ф-ла «В. Раёўка» Ганна Лупанос, Ванда Пятышчава, Надзея Занька[/caption]
Прадоўжыў думку аб будучым Кукавіч дырэктар ф-ла «В. Раёўка» ААТ «Крыніца» Іван Дамашэвіч: «Некалі наша гаспадарка пачыналася менавіта з Кукавіч, тут быў значны працоўны патэнцыял. У нас вялікія планы наконт вашай вёскі: будзем займацца раскарчоўкай, навядзеннем парадку на дарогах, будзем будаваць новы малочнатаварны комплекс». Іван Віктаравіч, гэтак жа як і Алена Мечыславаўна, пажадаў вяскоўцам моцнага здароўя, дабрабыту, добрага настрою.
Па добрай традыцыі ў гэты дзень шмат цёплых слоў гучала ў адрас самай сталай жыхаркі вёскі — гэта Надзея Мікалаеўна Занька, былі таксама ўручаны падарункі ветэранам працы Таісіі Аляксандраўне і Анатолю Венядзіктавічу Лобікам, залатым юбілярам Васілю Вячаслававічу і Ганне Аляксандраўне Фалько, шматдзетнай маці Ван-дзе Іванаўне Пятышчавай. Былі ўшанаваны і гаспадары лепшых сядзіб Генадзь Дарагуш, Ганна Насевіч і Уладзімір Бурак, Валянціна Лявіцкая, Ніна Мысліўчык, Міхаіл Шчурскі, Чэся Вярыга і Іван Дзейка. Разам са словамі ўдзячнасці за неабыякавасць да гэтай невялічкай вёсачкі яны атрымалі каштоўныя падарункі, падрыхтаваныя сельвыканкамам.
Якое ж свята без добрай песні? Вяскоўцаў у гэты дзень радавалі сваімі цудоўнымі песнямі ўдзельнікі жаночага вакальнага ансамбля Цімкавіцкага сельскага дома культуры.
Маргарыта САКОВІЧ