Нягледзячы на тое, што ў раёне арганізаваны цэнтралізаваны збор смецця, якім паспяхова займаецца КУП «Капыльская ЖКГ», праблема стыхійных звалак застаецца актуальнай.
У гэтым давялося ўпэўніцца разам са старшынёй Капыльскага сельвыканкама Вольгай Купрыенка, наведаўшыся толькі ў два населеныя пункты — Вусава і Мажа, размешчаныя на тэрыторыі названага сельсавета. Адметнасцю гэтай тэрыторыі з’яўляецца тое, што тут «дапамагаюць» смеціць не толькі вяскоўцы, але і гараджане. Сметнік у Вусаве знаходзіцца на ўскраіне вёскі і мае пад’езды з некалькіх бакоў. Напэўна таму нават самыя ўважлівыя вяскоўцы маглі і не ўбачыць, хто і калі вывез туды непатрэбны кухонны гарнітур, яркі матрас, пабіты шыфер, цэглу, іншыя будаўнічыя матэрыялы. Непадалёку ўзвышаецца гара спілаваных галін, рэшткі абгарэлых бярвенняў і іншае. І нават статная кукуруза, якая расце побач са сметнікам, не можа згладзіць прыкрую для вока карціну.
[caption id="attachment_50146" align="aligncenter" width="580"]

Побач з вёскай вусава[/caption]
Такая ж прыкладна сітуацыя і ў аграгарадку Мажа, але з адным адрозненнем: там сметнік размясціўся ў кар’еры. Убачанае ўражвае: усё тое ж будаўнічае смецце, старое адзенне, галіны і нават таўшчэзныя ствалы дрэў знайшлі тут прытулак. Не абышлося і без выкінутай мэблі: над гарой смецця «горда» ўзвышаецца чырвоная канапа.
Такія несанкцыянаваныя сметнікі, вядома ж, не ўпрыгожваюць нашу зямлю, але праблема не толькі ў гэтым. Па-першае, разрастаючыся, яны становяцца экалагічна небяспечнымі тэрыторыямі: горы смецця выдзяляюць угарны газ, метан і іншыя шкодныя злучэнні. Па-другое, глеба на такіх участках становіцца атручанай. У цвёрдых бытавых адходах усё больш пластмас і палімераў, чорных і каляровых металаў. З адходамі ў зямлю можа трапіць ртуць, кадмій, свінец. Нарэшце, стыхійныя звалкі смецця становяцца месцам размнажэння розных грызуноў, насякомых, шкодных (патагенных) мікраарганізмаў, якія з’яўляюцца пераносчыкамі або ўзбуджальнікамі розных небяспечных захворванняў.
[caption id="attachment_50147" align="aligncenter" width="580"]

Каля аграгарадка Мажа[/caption]
Таму перад тым, як выкінуць смецце ў бліжэйшым ляску, на ўскрайку вёскі ці на пустуючай сядзібе, варта задумацца: ці не ўдарыць гэта бумерангам па нашым з вамі здароўі, здароўі будучых пакаленняў.
Аднак гэта толькі адзін бок так званай смеццевай праблемы. Пра другі мы гутарым са старшынёй Капыльскага раённага Савета дэпутатаў Ірынай КІСЛЯК.
— Ірына Мікалаеўна, сельскія Саветы, бадай, як ніхто іншы, цесна звязаны з праблемай навядзення парадку на зямлі. Наколькі паспяхова ідзе барацьба са стыхійнымі звалкамі?
— Можна сказаць, што з пераменным поспехам. Нягледзячы на ўсе намаганні, якія мы прыкладваем (па стане на 8 ліпеня было ўбрана 519 стыхійных сметнікаў), яны часам растуць, нібы грыбы пасля дажджу. Напрыклад, забудзецца гаспадыня своечасова выставіць мяшок са смеццем, каб яго забралі работнікі ЖКГ, і вынесе яго вечарком далей ад чужых вачэй, дзе-небудзь на пустуючую сядзібу. Заўтра сюды ж выкіне сваё смецце суседка… Глядзіш — і сметнік утварыўся. А ёсць мясціны, куды людзі звозяць непатрэбшчыну гадамі і лічаць гэта звычайнай справай. Нават таблічкі з надпісам: «Выкідванне смецця забаронена!» ім не ўказ. За руку схапіць чалавека цяжка — ля кожнага куста вартаўніка не паставіш. Тут можна спадзявацца толькі на нормы паводзін, якія павінны прывівацца з дзяцінства.
— Калі мы гаворым пра цэнтралізаваны збор смецця, то маем на ўвазе толькі бытавыя камунальныя адходы. А што рабіць, напрыклад, з будаўнічым смеццем, расліннымі рэшткамі, старой мэбляй?
— Акрамя гарадскога палігона цвёрдых камунальных адходаў існавала яшчэ некалькі ў сельскай мясцовасці: у Свідзічах, Цімкавічах, Бучаціне. Сюды за пэўную плату можна было б звозіць смецце і самім вяскоўцам. Аднак існуе меркаванне, што іх трэба закрыць (напрыклад, у Свідзічах ужо гэтым займаюцца). Кіраўнікі сельскіх Саветаў выказваюць думку, што такім чынам праблема са смеццем не толькі не вырашыцца, але набудзе новы паварот. Я таксама падтрымліваю такі пункт погляду. Таму лічу, што гэту праблему трэба дэталёва вывучаць, каб знайсці рашэнне, якое б задаволіла ўсіх.
— А якія сілы прыцягваюцца, каб весці барацьбу з несанкцыянаванымі сметнікамі і тымі грамадзянамі, якія не жадаюць жыць у чысціні і парадку?
— У першую чаргу на нашу просьбу навесці парадак на зямлі адклікаюцца кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў. Яны таксама зацікаўлены, каб вёскі мелі дагледжаны выгляд, каб зямля вызвалялася ад смецця і яе можна было ўвесці ў сельгасабарот. Дапамагаюць у навядзенні парадку на тэрыторыі і ўчастковыя інспектары міліцыі. Дарэчы, за бягучы год сельскімі Саветамі складзена 20 пратаколаў, яшчэ 28 — разам з супрацоўнікамі РАУС. Аднак перш чым прыцягнуць чалавека да адказнасці, выдаюцца прадпісанні — іх з пачатку года было 1973.
Арганізоўваем суботнікі, дзе працуюць не толькі прадстаўнікі арганізацый і службаў, размешчаных на тэрыторыі сельсаветаў, але і шэфы-гараджане. Напрыклад, апошнімі днямі працавалі ў вёсцы Ужа, дзе зносілі старыя пабудовы, наводзілі парадак на пустуючых сядзібах у Грозаве, у Калюзе. Работы ў гэтым напрамку яшчэ вельмі шмат, але мы пастараемся зрабіць усё, каб населеныя пукты нашага раёна набылі прывабны выгляд і заклікаем усіх жыхароў падтрымліваць парадак.
Маргарыта САКОВІЧ
Фота аўтара