У апошнюю нядзелю кастрычніка свята адзначаюць людзі, чый прафесійны шлях адлічваецца кіламетрамі дарог. У ліку іх калектыў філіяла «Аўтамабільны парк № 21» ААТ «Мінскаблаўтатранс».
[caption id="attachment_52556" align="aligncenter" width="580"]

Вадзіцелі Аляксандр Паграбіцкі і Мікалай Карпучок[/caption]
Тэхніка і дарога ставяць перад кожным вадзіцелем строгія патрабаванні. Патрэбны дысцыплінаванасць і практычныя навыкі, здольнасць правільна арыентавацца на дарозе ў складанай сітуацыі і ўменне тэхніку адрамантаваць, калі спатрэбіцца. Усе гэтыя якасці, па словах дырэктара прадпрыемства Уладзіміра Сахара, уласцівы пераважнай большасці прадстаўнікоў калектыву, у якім ён працуе больш за трыццаць пяць гадоў.
— Асноўныя кірункі нашай дзейнасці, — гаворыць Уладзімір Яўгенавіч, — гэта ажыццяўленне грузавых і пасажырскіх перавозак. Галоўныя нашы заказчыкі — гэта дарожна-будаўнічыя і сельскагаспадарчыя прадпрыемствы. Сёлетні год пачынаўся вельмі складана — работы зімой было мала. І нават нягледзячы на тое, што сітуацыя стабілізавалася і зараз мы працуем са станоўчай дынамікай, адгалоскі першых месяцаў года адчуваюцца да гэтай пары. Хаця па выніках работы за восем месяцаў мы выйшлі і на прыбытак ад вытворчай дзейнасці, і на чысты прыбытак.
[caption id="attachment_52554" align="aligncenter" width="580"]

Вадзіцель Віктар Анашка[/caption]
Усяго ў калектыве працуе 105 чалавек. Не адна сотня і, нават, не адна тысяча кіламетраў прабеглі перад вачыма вадзіцеляў, якія штодзень адпраўляюцца ў рэйсы. А разам з пройдзенымі кіламетрамі яны мацуюць эканоміку краіны, папаўняюць скарбонку свайго прадпрыемства. Для павышэння эфектыўнасці перавозак важным з’яўляецца ўзровень падрыхтоўкі вадзіцельскіх кадраў.
[caption id="attachment_52553" align="alignleft" width="300"]

Галоўны бухгалтар Таццяна Вішнеўская[/caption]
Вадзіцель аўтобуса — гэта не прафесія, а лад жыцця. Яны жывуць у сваім асаблівым рытме, які склаўся за гады працы. Штодзень а шостай гадзіне раніцы адпраўляюцца ў рэйсы першыя аўтобусы. А гэта значыць, што вадзіцелям трэба прыйсці на працу яшчэ раней, каб паспець паказацца ўрачу, упэўніцца ў спраўнасці аўтобуса, адзначыць пуцявы ліст і своечасова прыбыць на аўтастанцыю. Вечарам апошнія прыгарадныя «вандроўнікі» вяртаюцца ў парк пасля дзесяці гадзін. Даводзіцца працаваць і без выхадных. У ліку тых, хто вызначаецца стараннасцю і адказнымі адносінамі да сваёй справы, дырэктар аўтапарка назваў Івана Каляду, Юрыя Дарашэвіча, Аляксандра Сердзюкова, Віктара Анашку, Аляксандра Цёмнага, Аляксандра Жгуна.
Няпростая работа і ў вадзіцеляў на грузаперавозках. У асноўным у іх толькі адзін выхадны, ды і працаваць часта даводзіцца ў адрыве ад сям’і, паколькі асноўны фронт работ знаходзіцца за межамі раёна. Апошнім часам вялікагрузныя МАЗы з аўтапарка № 21 былі задзейнічаны на будаўніцтве 2-й кальцавой вакол г. Мінска, былі камандзіроўкі ў Валожын, цяпер накіроўваюцца ў раён Салігорска. У першую чаргу кіраўнік прадпрыемства назваў прозвішчы вадзіцеляў 40-тонных аўтамабіляў Мікалая Мяцельскага, Дзмітрыя Коласа, Аляксандра Макаўчыка, Уладзіміра Варчэні. Старанна выконваюць даручанае заданне Валерый Сцяпура, Дзмітрый Мішура, паспелі зарэкамендаваць сябе маладыя вадзіцелі Віталь Пратасевіч, Аляксандр Сыч, Аляксандр Шункевіч.
[caption id="attachment_52557" align="aligncenter" width="580"]

Тэхагляд праводзіць Аляксандр Балажынскі[/caption]
Бесперабойная работа транспарту немагчыма без аператыўнай і якаснай работы рамонтнікаў — каваля-медніка Валерыя Гурына, зваршчыкаў Андрэя Гаўрыленкі і Андрэя Сняжко, токара Віктара Панасчыка, слесара Юрыя Барана.
Дзесяць гадоў таму свае дзверы гасцінна адчыніла станцыя дыягностыкі. Сёння тут працуюць Аляксандр Балажынскі і Уладзімір Острыкаў, а пачыналася ўсё з Анатоля Рымашэўскага, Дзяніса Булата. Менавіта ім удалося стварыць для станцыі добрую славу, і сёння сюды едуць аўтамабілісты не толькі з Капыльшчыны, але і іншых раёнаў: за змену праз яе праходзяць ад 30 да 40 аўтамабіляў. Кожны месяц прыбытак складае прыкладна 100 млн рублёў (да дэнамінацыі).
[caption id="attachment_52555" align="aligncenter" width="400"]

Вадзіцель Аляксандр Сыч[/caption]
Адзначыў Уладзімір Сахар і інжынерна-тэхнічных работнікаў філіяла — галоўнага бухгалтара Таццяну Вішнеўскую, вядучага эканаміста Кацярыну Кадран, старшага інспектара па кадрах Надзею Ткачук, начальніка аўтастанцыі Вітольда Дамяняку, разам з якім старанна працуюць касіры Святлана Уласік, Вольга Давідоўская. Узгадаў кіраўнік ветэранаў працы, якія шмат гадоў свайго жыцця аддалі роднаму прадпрыемству. Гэта вадзіцелі Мікалай Лосік, Іван Ціхановіч, Мікалай Шкуцька, Уладзімір Лясніцкі, работнікі дыспетчарскай службы Ларыса Казлова, Галіна Зяньковіч, Люсьяна Гурыновіч, рамонтны рабочы Аляксандр Галубовіч…
Шкада, што за шматкроп’ем нельга разгледзець многіх іншых высакакласных спецыялістаў, адказных і сумленных працаўнікоў (назваць усіх, на жаль, немагчыма). Гэта яны пісалі і пішуць новую гісторыю аўтапарка № 21, прадаўжаюць дарогу неабходных і важных спраў, удасканальваюць тэхналогіі, ствараюць дабрабыт.
На заканчэнне сустрэчы Уладзімір Сахар выказаў словы шчырага віншавання ў адрас сваіх калег, ветэранаў працы, усіх дарожнікаў і аўтамабілістаў: «Моцнага здароўя вам, шчасця, бадзёрасці духу, поспеху ў дасягненні мэтаў, сямейнага дабрабыту, душэўнай раўнавагі і святочнага настрою. Няхай увасобяцца ў жыццё ўсе надзеі, мары і спадзяванні! Сардэчна дзякую ўсім за плённую працу».
Маргарыта САКОВІЧ
Фота аўтара