Традыцыйнае свята Івана Купалы ў ноч з 6 на 7 ліпеня адзначылі ў Капылі.
Шматлікіх гасцей свята ў зоне адпачынку горада віталі самадзейныя артысты раённага Цэнтра традыцыйнай культуры, удзельнікі мастацкай самадзейнасці Цімкавіцкага СДК і Капыльскага дзяржаўнага каледжа. У тэатралізаваным дзействе з удзелам Нептуна (Вячаслаў Курчык), Лесуна (Улад Баран), Кікімары (Наталля Раеўская) і іншых фальклорных герояў яны весялілі гледачоў сваімі забаўляльнымі конкурсамі і выступленнямі. Добрым дадаткам сталі песні ў выкананні артыстаў Навасёлкаўскага СДК, народнага калектыву народнай песні «Спадчына», Руднянскага клуба-бібліятэкі, а таксама кампазіцыя харэаграфічнага калектыву РЦК (кіраўнік — Вераніка Гурло).

Займальным і вясёлым быў і працяг свята ля вялікага вогнішча. Каб усе мінулыя няшчасці і адмоўныя падзеі сышлі ў нябыт, па добрай традыцыі на Купалу спалілі ляльку Мару. Каля святочнага вогнішча разыгрывалася чарговае прадстаўленне, дзе злыя сілы (нечысць) змагаліся з дабром. І, як заўсёды, дабро перамагло!
Асаблівую радасць і азарт выклікалі народныя гульні. Арганізатары мерапрыемства зрабілі ўсё, каб падараваць добры настрой, радасць, весялосць, бадзёрасць, а галоўнае — пазнаёмілі прысутных з фальклорнымі традыцыямі. Пад гукі музыкі шматлікія госці (дарэчы, іх сабралася больш за палову тысячы чалавек) разам з фальклорнымі героямі і дзяўчатамі ў вянках, сплеценых з лугавых кветак, вадзілі карагоды, скакалі праз агонь. З задавальненнем маладыя людзі прымалі ўдзел у конкурсах на лепшую Купалінку, кіданні вянкоў на дрэва і праз касцёр.
Кульмінацыяй свята стаў пошук цудадзейнай папараць-кветкі, якую змаглі знайсці толькі за поўнач. Акрамя вышэйадзначаных момантаў свята, капыляне і госці горада маглі паспрабаваць свае сілы ў іншых атракцыёнах, якія прадставілі Капыльскі РКБА і індывідуальныя прадпрымальнікі, а таксама падсілкавацца духмянымі шашлыкамі, выпечкай і іншымі прысмакамі ад Капыльскага райспажыўтаварыства. А напрыканцы мерапрыемства для прысутных адбылася дыскатэка.
Нягледзячы на даволі халаднаватае надвор’е, ўдзельнікі свята весела правялі час і пакідалі зону адпачынку ў выдатным настроі.
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
Фота аўтара