Адна з іх –
доктар Пуставая, якая добра вядома ў Капылі не толькі як урач з вялікай літары, але і проста прывабная жанчына. Пэўны час Ліна Антонаўна ўжо знаходзіцца на заслужаным адпачынку, але не можа не сачыць за лёсам сваіх былых і працай сучасных калег, не забывае пра тых, хто быў побач на працягу доўгай медыцынскай дзейнасці.
[caption id="attachment_98056" align="alignleft" width="207"]
■ Ліна Пуставая. 1971 год[/caption]
Хворым, якія траплялі на прыём да Ліны Антонаўны, можна сказаць, шанцавала. Нездарма сцвярджаюць, што лечаць не толькі лякарствы, але і шчырыя словы, прыязная ўсмешка і тая добразычлівасць, якая зыходзіць ад урача на пацыента. Цёплыя словы доктара не аднойчы дапамагалі пацыентам амаль як той скальпель: Ліна Антонаўна працавала хірургам, пазней — загадчыкам аддзялення пералівання крыві і нават анколагам. Вельмі кранала людзей уважлівасць урача, яе вялікае жаданне дапамагчы, суцішыць боль. Больш чым за 45 гадоў працы Ліна Антонаўна Пуставая неаднаразова ўзнагароджвалася граматамі, мела шматлікія падзякі ад кіраўніцтва бальніцы, Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, яе імя неаднойчы заносілася на Дошку гонару. Яна ж з’яўляецца і Ганаровым донарам СССР.
Такім жа Ганаровым донарам СССР лічыцца і яе калега, медыцынская сястра Ніна Арсенцьеўна Кіеня, якая, дарэчы, 13 снежня адсвяткавала 80-годдзе. Яны амаль разам, у пачатку 70-х гадоў ХХ стагоддзя, прыехалі працаваць на Капыльшчыну. Амаль адразу ўладкаваліся ў раённую бальніцу. З той пары іх шляхі звязаны моцна і па-сяброўску.
Ніна Арсенцьеўна Кіеня вядома сярод былых калег як адданая сваёй працы медыцынская сястра. Менавіта яна стала першай медсястрой-анестэзісткай, якая працавала ў Капыльскай ЦРБ.
— Калі б давялося пачаць жыццё нанава, — разважае Ніна Арсенцьеўна, — то і зараз я б выбрала медыцыну. Дапамагаць людзям, ратаваць іх жыццё… Хіба ж можа быць што больш адказным і карысным?
Так, у медыцыну Ніна Арсенцьеўна прыйшла ў тыя ж 70-я гады ХХ стагоддзя. Спачатку працавала на ФАПе ў вёсцы Дзюдзева, што на Случчыне. Пасля таго, як лёс закінуў на Капыльшчыну, адразу ўладкавалася на пасаду паставой медыцынскай сястры хірургічнага аддзялення, пазней была прызначана яго старшай медсястрой. Калі прыязджалі з Мінска ці Слуцка ўрачы-анестэзіёлагі, каб дапамагчы хірургам зрабіць аперацыю, вучылася ў іх майстэрству. Першыя наркозы рабіла з эфірам, потым былі так званыя апаратныя. Працавала побач з сапраўднымі ўрачамі-прафесіяналамі: Корзунам Аляксандрам, Уладзімірам Туроўскім, Лінай Пуставой і іншымі. Калі адкрылася аддзяленне пералівання крыві, перайшла туды і зноў-такі старшай медсястрой. Добрыя адносіны складаліся з калегамі Тамарай Лапоткай, Галінай Кулікоўскай, Галінай Раеўскай.
[caption id="attachment_98057" align="aligncenter" width="840"]
■ Ніна Кіеня (першая злева ў першым радзе) з калегамі. Пачатак 80-х гадоў ХХ ст.[/caption]
— Ніна Арсенцьеўна — вельмі добразычлівая і старанная жанчына, — такімі словамі характарызуе сяброўку Ліна Антонаўна Пуставая. — Яе майстэрству можна было толькі пазайздросціць: яна трапляла іголкай у вену ў тых выпадках, калі ніхто зрабіць гэтага не мог. Таму ў самых адказных сітуацыях клікалі на дапамогу менавіта яе. Заўсёды ўважлівая, спагадлівая. Да яе і зараз можна смела звярнуцца па кансультацыю, каб атрымаць змястоўныя парады. І не толькі медыцынскія, але і проста жыццёвыя. Напрыклад, Ніна Арсенцьеўна заўсёды падкажа, як лепш пасадзіць тую ці іншую гародніну і як яе вырошчваць, ды і наогул як даглядаць за агародам. Адным словам, гаспадыня на ўсе сто: у яе хаце заўсёды чысціня, утульнасць і парадак. Таму і надалей хочацца пажадаць юбілярцы маладосці душы, здароўя і сямейнага дабрабыту.
Рана пахаваўшы мужа, Ніна Арсенцьеўна сама падымала дваіх дзяцей. І сёння Алена і Сяргей адказваюць матулі шчырай падзякай і дапамогай. Радуюць сэрца чацвёра ўнукаў і праўнук. Дарэчы, адзін з унукаў Алег, можна сказаць, не толькі пайшоў па бабуліным шляху, але і ўдасканаліў яго і зараз працуе хірургам у бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі ў Мінску.
…Што патрэбна чалавеку, каб быць па-сапраўднаму шчаслівым? Упэўненасць у заўтрашнім дні, у тым, што ўладкаваны дзеці і ўнукі. А яшчэ вельмі добра сэрца саграваюць думкі пра тое, што недарэмна працаваў, што пакінуў свой след у памяці іншых людзей. Вось так кожная сустрэча з Лінай Антонаўнай становіцца для Ніны Арсенцьеўны своеасаблівым масточкам, які звязвае сучаснае з былым.
Дзіяна ТКАЧЭНКА