Раніцай 22 чэрвеня ў вёсцы Слабада-Кучынка прайшоў мітынг-рэквіем, прысвечаны Дню ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны.
У мерапрыемсве прынялі ўдзел прадстаўнікі мясцовай улады, устаноў адукацыі і культуры, грамадскіх арганізацый, члены клуба “Патрыёты Радзімы”. Загадчык Слабада-Кучынскай бібліятэкі-клуба Валянціна Барташэвіч падрыхтавала выставу “Застаўся ў сэрцы вечны след вайны”.

Жалобная цырымонія пачалася з ускладання кветак да помніка загінуўшым землякам, былі запалены лампады. У памяць аб тых, хто не вярнуўся з вайны, была аб’яўлена хвіліна маўчання.

Адкрыў мітынг намеснік старшыні рэспубліканскага Савета ГА “Беларускі саюз афіцэраў”, палкоўнік у адстаўцы Васіль Скрыннікаў:
- На досвітку 22 чэрвеня 1941 года мірных жыхароў СССР разбудзілі выбухі бомб – для некаторых гэта былі апошнія гукі, якія яны пачулі, для многіх яны сталі пачаткам чатырох пакутлівых гадоў выпрабаванняў, смерцяў, голаду і холаду, але ўсё пераадолеўшы, наш народ выстаяў і перамог.
Ад “дзяцей вайны” выступіла старшыня ветэранскай арганізацыі аддзялення “Слабада-Кучынка ААТ “Старыца-Агра” Святлана Астрэйка. Яна ўзгадала сваіх землякоў, якія не дажылі да гэтага дня.

Старшыня Слабада-Кучынскага сельсавета Нэлі Гусева нагадала, што ў кожнай беларускай сям’і ёсць свой ваенны боль – і аб гэтым трэба памятаць, каб ніколі не дапусціць новай вайны.

Старшыня РАС ДТСААФ Аляксандр Касінскі падзякаваў усім тым, хто ў гэты дзень з трапятаннем сэрцаў прыйшоў да помнікаў і абеліскаў, каб аддаць даніну павагі воінам-вызваліцелям за нашы мірныя світанкі.
Барыс Дзенісюк,
член ГА “Беларускі саюз журналістаў”