З кожнага гектара тут атрымліваюць каля паўсотні цэнтнераў зерня. Самай жа значнай аддачы дабіліся ад азімага ячменю — 67,1 ц/га. І перасягнуць гэту лічбу не змагла ні адна гаспадарка раёна.
[caption id="attachment_92671" align="alignleft" width="179"]
■ Аляксандр Логіш[/caption]
— Сярод фактараў, дзякуючы якім мы атрымалі высокія намалоты азімага ячменю, — выкарыстанне высокаўраджайнага селекцыйнага насення, — дзеліцца сакрэтамі поспеху дырэктар гаспадаркі Аляксандр Логіш. — Добрыя намалоты і азімага жыта — 51,2 ц/га. Кошт пасяўнога матэрыялу для абедзвюх культур высокі, але затраты апраўданыя. Дарэчы, пытанне па ўборцы азімых ячменю і жыта мы ўжо закрылі. Зараз перайшлі да азімай пшаніцы. Тут паказчыкі пакуль трымаюцца на ўзроўні каля 55 ц/га, аднак ужо ў бліжэйшы час яны павінны павялічыцца. Што тычыцца яравога ячменю, то яго мы таксама ўжо практычна ўбралі. Праўда, з больш сціплымі лічбамі — каля 44 ц/га. Але ў параўнанні з мінулым годам, калі ўдалося дасягнуць толькі 39,7 ц/га, гэта нядрэнна.
У цэлым засекі сельгаспрадпрыемства ўжо папоўніліся больш чым на 6000 т збожжа. Мясцовыя аграрыі ўбралі каля 1200 га нівы. І гэта каля паловы ўсяго хлебнага кліна гаспадаркі. Так што экватар жніва тут ужо перасягнулі, прычым з добрымі вынікамі. А атрымалі такі шчодры каравай у тым ліку дзякуючы бездакорнаму выкананню тэхналогіі вырошчвання. Паспрыяла і надвор’е. Немалаважна і тое, што мясцовыя ўгоддзі абмінула палегліца: у адрозненне ад іншых гаспадарак раёна пашкоджанні ў «Піянеры» мінімальныя, а гэта значна паскарае тэмп жніва.
Усяго ў «Піянеры» задзейнічана 11 камбайнавых экіпажаў, столькі ж грузавых аўтамабіляў занята на адвозцы зерня. З-за таго, што ў сельгас-прадпрыемстве шмат і камбайнераў, і вадзіцеляў, нагрузка на кожную адзінку тэхнікі невялікая. А гэта перашкаджае мясцовым хлебаробам папасці ў ганаровы спіс тысячнікаў. Аднак тыя, каму да запаветнай лічбы засталося зусім крыху, ужо вызначыліся.
Сярод лідараў уборачнай камбайнавы экіпаж Аляксандра Іваноўскага і Сяргея Лазюка. Па палях перадавікі курсіруюць на імпартным «Лексіёне-530».
Добрыя намалоты ў сезоне-2020 таксама на рахунку Аляксандра Куневіча і Аляксандра Дарашэвіча. Абодва мужчыны ўладкаваліся на працу ў «Піянер» каля двух гадоў таму. А ў такім тандэме цёзкі наогул працуюць толькі першы сезон. Прычым, нягледзячы на вялікі механізатарскі вопыт, кіраўніку экіпажа Аляксандру Куневічу за руль камбайна сёлета давялося сесці ўпершыню. Аднак гэта дэталь не перашкодзіла кіраўніцтву даручыць аграрыям новую магутную тэхніку КЗС-1218. І экіпаж давер цалкам апраўдаў. Прычым, як заверылі хлебаробы, за лічбамі яны нават не сочаць. Галоўнае для іх — гэта якасць работы, а не паказчыкі.
[caption id="attachment_92667" align="aligncenter" width="650"]

■ Экіпаж-перадавік у складзе Аляксандра Куневіча і Аляксандра Дарашэвіча[/caption]
Тон на піянерскіх угоддзях задаюць і Генадзь Задруцкі з Аляксеем Паліенкам. Роля камбайнера для Генадзя — старшага машыніста Капыльскай ЖКГ — хоць і нязвыклая, але прыемная. У мінулым годзе ён паспрабаваў сябе на жніве ў якасці памочніка, а цяпер і сам узначаліў экіпаж. Прычым паспяхова — тандэм камунальніка і механіка (ім у гаспадарцы працуе Аляксей) склаў годную канкурэнцыю мясцовым механізатарам. Адсутнасць вопыту ў кіраванні камбайнам не перашкаджае — практыку кампенсуе працавітасць і мэтанакіраванасць.
[caption id="attachment_92668" align="aligncenter" width="840"]
■ Генадзь Задруцкі і Аляксей Паліенка - лідары жніва-2020[/caption]
Сярод тых, хто сёлета ўзначальвае рэйтынг гаспадаркі ў справе адвозу зерня ад камбайнаў, вадзіцелі Валерый Захарчэня, Яўген Шумскі і Сяргей Лазюк. Так, Сяргей Міхайлавіч штогод падчас уборачнай кампаніі дасягае высокіх паказчыкаў. І так ужо на працягу больш за дзясятак гадоў. Мужчына з тых, пра каго гавораць: усё жыццё за рулём. Тэхніку Сяргей любіць, працаваць з ёй яму падабаецца, і нават руцінная дзейнасць не надакучвае. А адсюль і вынікі.
[caption id="attachment_92669" align="aligncenter" width="840"]
■ Вадзіцель на адвозцы зерня Сяргей Лазюк[/caption]
Вялікая ўвага ў гаспадарцы ўдзяляецца не толькі самому жніву, але і аператыўнай уборцы з палёў саломы. Тут ведаюць: несвоечасовае правядзенне такіх работ затрымае падрыхтоўку глебы да чарговай пасяўной, якая пачнецца ўжо літаральна на наступным тыдні. Тэхнікі для гэтага хапае. Працуе 8 прэс-падборшчыкаў (з іх два прыйшлі на дапамогу з другіх арганізацый), адзін агрэгат у «Піянеры» атрымалі напярэдадні кампаніі. Акрамя таго, на адвозцы саломы задзейнічана 5 трактароў. За дзень запрасоўваецца і адразу ж звозіцца на бліжэйшыя фермы альбо складзіруецца ў сцірты на ўскрайку поля каля 90 т саломы.
Новы прэс-падборшчык даверылі Сяргею Бялогу. Механізатар ён вопытны і адказны, таму незнаёмы для яго від работы асвоіў хутка. Поплеч з Сяргеем на прасаванні саломы працуюць яго брат Аляксандр і Яўген Гуткоў — механізатары, якія таксама паспелі зарэкамендаваць сябе з лепшага боку.
[caption id="attachment_92670" align="aligncenter" width="840"]
■ На прэс-падборшчыках працуюць Яўген Гуткоў і Сяргей Бялога[/caption]
Дарэчы, для аграрыяў, занятых на ўборачнай, створаны спрыяльныя ўмовы. Распрацавана сістэма мер стымулявання, расцэнкі для аплаты працы на час уборачнай павялічаны, практыкуецца натураплата, забяспечваюцца хлебаробы і двухразавым харчаваннем. Сёння такія прывілеі — справа прывычная. Прычым зрухі ў лепшы бок у гаспадарцы адбываюцца пастаянна.
Аксана МІХАЙЛОЎСКАЯ
У апошнія гады «Піянер-Агра» дынамічна развіваецца. Назіраецца пашырэнне жыллёвага фонду — для работнікаў гаспадаркі з 2015-га было пабудавана некалькі дамоў. Пастаянна абнаўляецца аўтапарк: у апошнюю пяцігодку было набыта 5 трактароў, 1 грузавы аўтамабіль, 4 пасяўныя агрэгаты, 2 камбайны, а таксама дзясяткі прычапных агрэгатаў. Дарэчы, большая частка набыткаў прыйшлася на канец 2019 – пачатак 2020 гадоў. Што датычыцца сферы жывёлагадоўлі, то пачынаючы з 2015 года было ўзведзена два будынкі для ўтрымання буйной рагатай жывёлы, праведзена рэканструкцыя двух цялятнікаў, пачата будаўніцтва кароўніка з даільна-малочным блокам. Акрамя таго, за апошнія пяць гадоў на тэрыторыі сельгаспрадпрыемства было пабудавана 13 сянажна-сіласных траншэй.