Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

Быть женщиной: история директора Копыльского кооппрома Тамары Абрамович

11.08.2026

У кабінеце дырэктара Капыльскага кааппрама Тамары Абрамовіч на працоўным стале знайшли сабе месцы не толькі афіцыйныя паперы. Там, сярод строгіх графікаў, жывуць кветкі. І букеты руж у вазах, і раскідзістыя заморскія вазоны. Дзіва што – сапраўдны міні-ананас ды лімон, на галінках якога жаўцеюць лімончыкі. Яна даглядае іх сама, знаходзячы ў гэтым штодзённым рытуале асаблівы спакой. І ў гэтым, бадай, уся гераіня аповеду: каб нешта вырасла – ці то экзатычны плод, ці то магутнае прадпрыемства – яго трэба сагрэць цяплынёю душы.

 

Калі я ўварвалася ў яе працоўны дзень, тэлефон не змаўкаў ні на хвіліну. Тамара Міхайлаўна – сэрца велізарнай вытворчай машыны Капыльскага кааппрама. Але як толькі зайшла гаворка не пра вытворчасць прадукцыі, а пра яе саму, гэтая моцная жанчына раптам расхвалявалася.

– Я не вельмі люблю расказваць пра сябе, – прызнаецца яна, на імгненне адарваўшыся ад дзейнасці. – Для мяне больш каштоўныя наша справа і людзі. Яны – соль прадпрыемства, а я толькі сачу, каб яна існавала роўна.

Яна не любіць святла фотакамер і гучных слоў. Для Тамары Міхайлаўны значна важнейшы гул цэхаў, якім аддадзена трыццаць гадоў жыцця. Але каб зразумець, адкуль у ёй стальная воля, перамешаная з дзіўнай ранімасцю, трэба вярнуцца на дзясяткі гадоў таму ў маленькую вёску Дзягцяныя, дзе сярод бяскрайніх палёў і пачалася гісторыя Тамары Абрамовіч. Дзяўчынка з невялічкага куточка Капыльшчыны пасля восьмага класа паехала атрымліваць веды ў тэхнікум у Баранавічах, а пасля – працаваць у Барысаўскі раён, на адно з прадпрыемстваў грамадскага харчавання. Яна заўсёды была з тых, каму «ўсё цікава», таму ў кафэ «Маладзёжнае» ў Лошніцы не проста працавала. Хацелася змяняць прастору вакол сябе, абнаўляць залы, ператвараць звычайнае кафэ ў месца, куды людзям захочацца прыходзіць па настрой.

Аднак у той час, калі кар’ера пайшла ўгору, душа быццам апусцела. Поспех не радаваў, бо жыла не дома, адарваная ад роднай зямлі, адтуль, дзе набіраліся моцы карані, удалечыні ад сваёй малой радзімы. Таму Тамара Міхайлаўна вырашыла вярнуцца назад на Капыльшчыну. Муж Анатоль спачатку не падзяляў гэтую ідэю – хто ж па добрай волі з’язджае з горада ў раён? Але каханне і мяккі жаночы падыход перамаглі: праз пару паездак на «разведку» ён застаўся назаўжды. Бо там, жанчына дзе шчаслівая і спакойная, расцвітае і ўсё вакол.

Калі Тамара Міхайлаўна говорыць пра сям'ю, яе позірк імгненна мяняецца, становіцца цёплым і глыбокім. Жалезны кіраўнік на імгненне знікае, а на вачах выступаюць слёзы – шчырыя і гарачыя. У гэтым яе праўда, яе «непарадны» бок. Гэта слёзы за дачок, Юлію і Марыну, за тыя няпростыя гады, калі даводзілася літаральна разрывацца паміж домам і цэхам.

Шлях у кааппраме пачаўся не з крэсла дырэктара, а, як кажуць, з самага нізу – з кандытара другога разраду. Яна і дагэтуль памятае пах мукі на адзенні, тэмпературу печаў і тое, як здрадліва баляць рукі пасля доўгай змены. Паступова яна прайшла ўсе ступені: тэхнолаг, маркетолаг, кіраўнік лабараторыі, начальнік вытворчасці. І кожны раз жыццё кідала новы выклік. Калі ёй прапанавалі атрымаць вышэйшую адукацыю ў Гомелі, малодшай дачцэ было ўсяго тры гады, старэйшай – восем. Страшна. Але менавіта тады сям’я і стала яе крыламі. Муж сказаў проста: «Вучыся, мы справімся». І яны сапраўды спраўляліся: мама начамі зубрыла ДАСТы і асвойвала першыя камп’ютары, а маленькія дачушкі стараліся як маглі дапамагаць тату па гаспадарцы, каб даць маме шанец ажыццявіць мару.

– Я ведаю і я хачу ведаць, – гэтую фразу, якая стала асабістым дэвізам, Тамара Міхайлаўна часта паўтарае. У ёй – уся ўпартасць і прага да жыцця беларускай жанчыны, якая не чакае падарункаў ад лёсу, а будуе свой лёс сама, цаглінка за цаглінкай.

Сёння пад яе кіраўніцтвам 130 чалавек. І гэта не проста штат, а жывы, складаны арганізм. Тамара Міхайлаўна пераканана: страх – самы дрэнны інструмент кіравання. Жанчына ведае кожнага ў твар, з цікавасцю выслухоўвае, як ідзе праца, ды і сама ніколі не саромеецца закасаць рукавы, каб стаць у цэху плячо ў плячо з калектывам.

 – Добрае кіраўніцтва – гэта калі цябе паважаюць, а не баяцца, – разважае жанчына.

 Ёй вераць настолькі шчыра, што вопытныя працаўнікі прадпрыемства адкрыта кажуць:

– Калі зменіцца кіраўнік, мы пойдзем у той жа дзень.

Гэты давер немагчыма купіць за прэміі, яго можна толькі зарабіць гадамі бездакорнай сумленнасці. У свеце мужчын-дырэктараў яна адчувае сябе абсалютна ўпэўнена. А тыя ў сваю чаргу паважаюць яе за шчырасць і слова, якое мацнейшае за любы кантракт.

Дзе бярэ сілы гэтая жанчына, у якой практычна няма выхадных? Адказ абяззбройвае сваёй прастатой: на… футбольным стадыёне і ля вады.

Вы можаце сустрэць дырэктара кааппрама на матчы ФК «Бабоўня», дзе яна шчыры балельшчык, таму і ездзіць за любімай камандай у іншыя гарады, зараджаючы спартсменаў сваёй энергіяй. А з мая па кастрычнік на выхадных – лекавая цішыня і люстраная гладзь вады: разам з мужам выязджаюць на рыбалку.

– На рыбалцы думкі нарэшце прыходзяць у поўны парадак, – усміхаецца яна. – там застаешся толькі ты, прырода і цішыня.

Менавіта на прыродзе, у маўчанні беларускіх світанкаў, жанчына чэрпае энергію жыцця і працы, якую потым шчодра раздае людзям.

Тамара Абрамовіч – вобраз нашай з вамі сучасніцы: у адной руцэ – адказнасць за дабрабыт цэлага прадпрыемства, у другой – простая садовая лейка для лімона на падаконніку, а ў цэнтры – шчырае сэрца, дзе ёсць месца і родным, і супрацоўнікам. Яе жыццё – доказ таго, што сіла беларускай жанчыны заключаецца ў рэдкім дары ствараць, спачуваць і заўсёды заставацца вернай сваім караням. І ў адзін момант, калі зямныя справы зліваюцца ў адзіны велічны роздум, яна, расправіўшы дужыя крылы, закрывае імі ад усіх няшчасцяў і бед сваіх родных, каб паляцець да новай, яшчэ не дасягнутай зоркі, асвятляючы шлях тым, хто верыць і ідзе следам.


Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей