Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

Память о Великой Победе: почему сегодня так важно защищать историческую правду

07.05.2026

З кожным годам, на жаль, сярод нас усё менш і менш ветэранаў-носьбітаў Праўды пра тыя вогненна-крывавыя 1418 дзён і начэй. 574 ветэраны засталіся ў Беларусі: 269 удзельнікаў вайны, 146 працаўнікоў тылу і 156 блакаднікаў Ленінграда.

Перамогу нельга адсоўваць на пазадворкі!

Балюча, але ўсё больш і больш тых, хто імкнецца адсунуць нашу перамогу на задні план. Нашы недругі забараняюць сумленныя, прынцыповыя  ўспаміны. У выніку – забараняюцца ў інтэрнэце нават расійска-беларускія каналы, каб моладзь Еўропы бачыла толькі адзін твар вайны – хлуслівы ды прадажны. Не магу не заўважыць: ПЕРАМОГА – такая маштабная і ўнікальная падзея, што беларусамі, расіянамі, многімі іншымі грамадзянамі як былых рэспублік СССР, так і далёкага замежжа і ў ХХІ стагоддзі ацэньваецца пазітыўна. Мы ўсе разам павінны змагацца супраць рознага кшталту фальсіфікацый, фэйкаў і міфаў. Праўда, і метадаў інфармацыйнай барацьбы з намі ў таго ж Захаду шмат. Напрыклад, робіцца спроба выцерці з гістарычнай памяці, вытруціць з грамадскай свядомасці сам феномен Другой сусветнай, Вялікай Айчыннай вайны. Яго эфектыўнасць досыць адчувальная і высокая: робіцца разлік на натуральныя страты як старэйшага пакалення, што перажыло вайну, так і на моладзь, якая ведае пра вайну зусім мала, толькі тое, пра што паспелі расказаць у школах ці сем’ях. А, дарэчы, у сучасных школах Германіі наогул не фарміруюць гістарычную памяць. У Беларусі ж, наадварот, цэлы год быў аб’яўлены Годам гістарычнай памяці.

Напрыканцы ўжо ХХ стагоддзя тэму вайны ў Германіі абыходзілі бокам, пра вайну апавядалі празмерна мала. У школах выкладалі гісторыю так, што дзесьці ўжо ў 1933-м сама гісторыя проста ўзяла – ды скончылася. Многія з нямецкай моладзі са школ, нават універсітэтаў наогул нічога не выносяць пра вайну. Аднойчы выпускнік прэстыжнай нямецкай гімназіі быў надзвычай здзіўлены, калі яму сказалі, што Парыж быў таксама акупіраваны фашыстамі. Іншыя фальсіфікатары сцвярджаюць, што ў вайне Германіі і СССР аднолькава вінаваты «два дыктатары» – Гітлер і Сталін. Маўляў, не было наогул аніякай Вялікай Айчыннай, ваявалі нацысты і камуністы, якіх падштурхоўвалі абодва лідары. А чаму ж тады назвалі Айчыннай – ці не таму, што ў нас узнялася ўся Айчына – ад старога да малога?!

«Вер, Іван, я  ваюю не з табой, а з камісарамі»...

Вось якія агіткі-лістоўкі галавач фашысцкай дзяржавы Гебельс сачыняў са сваімі памагатымі: «Вер, Іван, я ваюю не з табой, а з камісарамі. І такім чынам – гэта вайна не тваёй Радзімы з Германіяй, а нацысцка-савецкая, чыста ідэалагічная». Цікава, што і ў ХХІ стагоддзі менавіта гэты міф актыўна падтрымліваецца не толькі «псеўданавуковай элітай» Захаду, але і некаторымі прадстаўнікамі ўлады самага высокага рангу. Адзначым, што само атаясамленне заходнімі і амерыканскімі гісторыкамі фашызму і камунізму як віноўнікаў Другой сусветнай ажыццяўляецца з далёка бягучымі мэтамі – пры дапамозе «асаблівай логікі». Яна выглядае так: віна за развязванне вайны ляжыць як на Германіі, так і на СССР. Але пры гэтым Германія сваю віну ўжо прызнала і нават «за ўсё заплаціла», а Расія як пераемніца СССР таксама павінна «адказаць» –  вярнуць Калінінградскую вобласць, Курыльскія астравы, Сахалін, Карэлію, Выбарг. А, мо, заадно ўжо – Прымор’е, Каўказ, і, вядома ж, Крым. Але вось што мне, грамадзяніну суверэннай і самай міралюбівай краіны ў свеце Беларусі не зразумела: чаму ж ніхто пры такой псеўдалогіцы не патрабуе заадно ў ЗША, Англіі і Францыі як саюзнікаў па антыгітлераўскай кааліцыі таксама вярнуць тыя тэрыторыі, што дасталіся ім па выніках Другой сусветнай?!

І ва Украіне гісторыя свая – экзатычна-тапаліная...

Аказваецца, арыгінальная гісторыя і ва Украіне: тут вайна была зусім чужой. Такога погляду прытрымліваюцца аўтары падручнікаў па сусветнай гісторыі для школ. Чытаем: «Дастаткова паглядзець на карту, каб зразумець: гэта не была наша вайна, гэта была вайна за кантроль над намі. Ці, дакладней, над нашымі продкамі. Якія мелі «шчасце» апынуцца паміж Берлінам і Масквой». Калі стаіце зараз, калі ласка, прысядзьце. Болей за тое, аказваецца пацярпелі ў гэтай «віртуальна-касмічнай» вайне не рускія і немцы, а найперш палякі і ўкраінцы. Маўляў, пра гэта сведчыць статыстыка страт. Хто ж яе прыдумаў? Так, украінцы ў Вялікую Айчынную гінулі. Але ж не болей, чым беларусы (кожны чацвёрты, а ў некаторых раёнах – кожны трэці загінуў!) Некаторыя заморска-заакіянскія псеўдагісторыкі ўсё ж час ад часу прызнаюць, што развязала вайну супраць СССР фашысцкая Германія. Аднак тут жа ўдакладняецца, што вайна гэтая была з боку Германіі прэвентыўнай, яна проста апярэ-джвала «агрэсію Масквы» супраць дэмакратычнага Захаду. Якога колеру гэты гнілы Захад, мы ўжо пераканаліся сёння, так што раскладваць ілюзорныя пасьянсы нам не трэба!

Фашызм – выратавальнік Еўропы!?               

А гэта ўжо суцэльная палата №6. Усяму свету добра вядомы намаганні савецкага кіраўніцтва па арганізацыі калектыўнай бяспекі ў Еўропе ў даваенны час. Аднак палітычны ўрад Францыі, Англіі, ЗША не толькі праігнараваў гэтыя міралюбныя ініцыятывы і прапановы, але і заняў надзвычай зручную і мудрагелістую для захопніцкіх планаў Гітлера пазіцыю – прымірэнне  агрэсара. Аднак не сакрэт сёння і тое, што гітлераўская выдумка пра прэвентыўную вайну мела на мэце такія кірункі: надаць нападзенню на СССР хоць нейкую бачнасць маральнага апраўдання. І, спекулюючы на антыкамунізме, паспрабаваць перацягнуць на свой бок заходнія дзяржавы ў якасці саюзнікаў для варварскага паходу на Усход. А  працяг гэтага дзіка-маньяцкага паходу на Усход мы бачым і сёння. З боку ЗША. Там сёння працуе адзін рэжысёр – сам сабе рэжысёр, які сам плануе, сам пачынае войны,  сам ваюе і сам заканчвае войны. То за адзін дзень, то за тыдзень, то за месяц – «цар» сам прызначае тэрмін чарговай вайнушкі. Ну проста штучны інтэлект у адной асобна ўзятай асобе мільярдэра! І сам чакае, што яму ўручаць усе новаспечаныя Нобелеўскія прэміі свету за мудрыя антываенныя тактыкі, поспехі ды дасягненні. Нашымі заморскімі фэйкаватымі псеўдафілосафамі выкарыстоўваецца і такі прыём – замоўчваецца ці адмаўляецца вырашальная роля СССР у перамозе над Германіяй. Пры гэтым беспадстаўна ахайваецца ўся савецкая ваенная інфраструктура – ад радавых Чырвонай Арміі да маршалаў, ад савецкай ваеннай навукі да рэальных баявых страт.

У якасці абвяржэння дадзім слова нямецкаму военачальніку, генаралу Тыпельскірху. Ён камандаваў у 1941-м 30-й пяхотнай дывізіяй: «Рускія трымаліся з нечаканай цвёрдасцю і неадольнасцю, нават калі іх абыходзілі і акружалі. Гэтым яны выйгравалі час і сцягвалі для контрудараў з глыбіні краіны ўсё новыя рэзервы, якія да таго ж былі мацнейшымі, чым думалася». Франц Гальдэр, што служыў з верасня 1938-га па канец 1942-га начальнікам генеральнага штаба сухапутных войскаў заявіў: «Гістарычна вельмі цікава даследаваць, як рускае ваеннае кіраўніцтва, што пацярпела крушэнне са сваім прынцыпам жорсткай абароны ў 1941-м, развівалася да гібкага аператыўнага кіраўніцтва і правяло пад камандаваннем сваіх маршалаў шэраг аперацый, якія па нямецкіх ацэнках, заслугоўваюць высокай адзнакі. У той жа час нямецкае камандаванне пад уплывам Гітлера адмовілася ад аператыўных баёў і скончыла яго беднай па ідэі жорсткай абаронай, у канчатковым выглядзе якая прывяла да поўнага паражэння». А фельдмаршал Паўлюс пры спробе яго абвінавачвання на Нюрнбергскім працэсе канстатаваў: «Савецкая ваенная стратэгія аказалася настолькі вышэй за нашу, што я наўрад ці змог спатрэбіцца рускім хаця б для таго, каб выкладаць у школе ўнтэр-афіцэраў. Лепшы таму доказ – сам вынік бітвы на Волзе, у выніку якой я апынуўся ў палоне, а таксама і тое, што ўсе гэтыя спадары вось ся-дзяць тут на лаўцы падсудных».

 

Спецыяльна для «СП» Канстанцін КАРНЯЛЮК

Ілюстрацыя з адкрытых крыніц


Слава працы Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей